Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка ім будзе», — Мечыслаў Грыб пра ўчынак крычаўскіх міліцыянтаў


Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Генэрал міліцыі ў запасе, былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў сытуацыю вакол міліцэйскага канфлікту ў Крычаве.

— Як вы ставіцеся да ўчынку крычаўскіх міліцыянтаў, якія напісалі ліст да міністра ўнутраных спраў Шуневіча і публічна крытыкуюць сваё начальства.

— Я думаю, што гэта заслугоўвае павагі; што людзі ёсьць людзі; што яны не баяцца; што яны могуць нешта сказаць у абарону сваіх правоў. Гэта нармальна. Але тое, што яны сьцьвярджаюць, калі гэта сапраўды так, то наогул нікуды ня варта. Гэта поўнае бясчынства. Такая практыка нікуды ня вартая, і калі яна існуе, то зь ёй трэба весьці барацьбу, выкараняць яе. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, як і ўсе людзі, павінны мець свае правы і карыстацца імі. І ніхто не павінен іх крыўдзіць. Там нават і прафсаюзы павінны быць свае. Але ў іх гэтага няма.

— Чаму ім давялося пайсьці на публічны выступ супраць свайго начальства?

— Там ніякіх сакрэтаў няма. Яны, як я мяркую, спачатку рабілі спробу дастукацца да вышэйшага кіраўніцтва, да вышэйшага начальства. Але калі яны там не атрымалі падтрымкі, а ўсё працягваецца, то вырашылі «выйсьці на публіку».

— Звычайна цяжка даказаць актывістам, што іх зьбівала міліцыя, бо ў гэтай структуры існуе карпаратыўная салідарнасьць. А ў такой сытуацыі ці ўдасца гэтую карпаратыўную салідарнасьць пераадолець?

—Тут цяжка сказаць. Але даказваць сваю праўду ім будзе цяжка, бо ў кіраўніцтве таксама адзін аднаго падтрымліваюць. Вышэйшы кіраўнік падтрымлівае ніжэйшага кіраўніка і гэтак далей. Шмат будзе залежаць ад таго, як мясцовыя ўлады да гэтага паставяцца. Яны звычайна бяруць бок кіраўніцтва, а не падначаленых. Цяжка ім будзе. Тым больш што іх абараняе сёньня вольная прэса, піша пра гэта. А дзяржаўныя СМІ маўчаць. Яны выйшлі на незалежную прэсу, бо ў іх выйсьця няма. Ніхто іх ня хоча пачуць і падтрымаць. Ніхто ня хоча расказаць пра тое, пра што яны расказваюць. А незалежная прэса гатовая гэта расказаць, яна гэта ўвесь час робіць.

— Як думаеце, крычаўскіх міліцыянтаў у выніку звольняць?

— Іх праз гэта ня звольняць. Ніхто ня мае права іх звольніць за тое, што яны паскардзіліся. Але там жа кіраўніцтва таксама мае нейкія галовы на плячах. Яно будзе шукаць іншыя падставы для іх звальненьня. А калі яно пачне шукаць, то нешта і знойдзе. І іх звольняць, але не на гэтых падставах, а на зусім іншых.

— Гэты прыклад крычаўскі адзінкавы ці можна казаць, што падобныя праблемы ёсьць ва ўсёй сыстэме?

— З аднаго выпадку я такіх высноў не рабіў бы. Бо гэта можа быць асабісты выпадак у адным Крычаўскім раёне. Я думаю, што ён не адзіны. Магчыма, такое яшчэ недзе існуе, але ж усе астатнія маўчаць, проста мірацца з тым, што ёсьць. Таму ў мяне няма падстаў казаць, што гэта мае сыстэмны характар. Але жыцьцё можа паказаць, што і іншыя аб’явяцца.

Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік і іншыя супрацоўнікі Крычаўскага РАУС у звароце да міністра ўнутраных спраў вінавацяць сваё крычаўскае міліцэйскае начальства ў махінацыях з прэміямі, свавольстве і зьняважлівых паводзінах у дачыненьні падначаленых. У Магілёўскім абласным упраўленьні ўнутраных спраў аўтарам ліста прыгразілі крымінальнай адказнасьцю.

«Пададзеная супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС інфармацыя, якая зьявілася ў інтэрнэце, цяпер вывучаецца паўторна. У выпадку выяўленьня ў ёй прыкметаў паклёпу супрацоўнікі, якія распаўсюдзілі яе, могуць быць прыцягнутыя ня толькі да дысцыплінарнай, але і да крымінальнай адказнасьці», — заявіў намесьнік начальніка Магілёўскай абласной міліцыі Ўладзімер Рыжанкоў.

Таксама ў абласной міліцыі назвалі СМІ, якія распаўсюдзілі інфармацыю, «дэструктыўнымі рэсурсамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG