Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць гісторыя з крычаўскімі міліцыянтамі


Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік з Крычава.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Апошнія дні беларускае грамадзтва захоплена назірае за гэтай гісторыяй. Былы начальнік аддзелу прафіляктыкі Крычаўскага РУУС Ігар Вусік разам зь яшчэ 10 міліцыянтамі аддзелу зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў са скаргай на парадкі ў Крычаўскім РУУС і асабіста на начальніка ўпраўленьня Станіслава Чупрына. Міліцыянты даводзілі, што іх нібыта зьневажалі, прымушалі аддаваць прэміі начальству (паводле Вусіка, яму даводзілася перадаваць грошы Васілю Ціханенку), неабгрунтавана ставілі на працу ў рэжыме «ўзмацненьня» і не адпускалі зь дзяжурства, пакуль не забясьпечаць патрэбных паказчыкаў выяўленьня злачыннасьці.

Скаргу крычаўскіх участковых на чале зь іхным начальнікам перадалі для праверкі ў Магілёўскае ўпраўленьне міліцыі, дзе збольшага прызналі беспадстаўнай. Адзін з падпісантаў, міліцыянт Юры Дзюбанаў, пасьля падачы скаргі быў звольнены з органаў за службовае парушэньне, з чым ён ня згодны. Ігар Вусік таксама думае, што калегу звольнілі беспадстаўна, а наступным будзе ён.

На сайце Свабоды вы можаце прачытаць рэпартаж з Крычава. Ігар Вусік сказаў нашаму карэспандэнту, што пачалася працэдура яго звальненьня — ад сёньня лічыцца, што ён не працуе, і цягам некалькіх дзён фармальнасьці будуць завершаныя. Адрэагаваў на гэтую сытуацыю і міністар унутраных спраў Беларусі Шуневіч. Ён паведаміў, што праведзеная службовая праверка і ў выніку ўстаноўленае парушэньне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку кіраўніка райаддзелу, так з боку скаржніка — фігуранта гэтай праверкі. У выніку абодвух прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці.

Пра што кажа гэтая заблытаная гісторыя? Цяпер, калі многія лічаць разарваным сацыяльны кантракт паміж уладай і насельніцтвам, бюджэтнікамі, у тым ліку тымі, якія служаць і ў органах, мы будзем усё больш бачыць такіх канфліктных гісторый. Наколькі мне вядома, міліцыянты і іншыя людзі ў пагонах маюць тыя самыя фінансавыя праблемы, што і многія беларусы. Заробак іх ужо некалькі гадоў не павялічваецца. Яны, прызвычаіўшыся адчуваць сябе лепшымі за сярэдняга грамадзяніна, цяпер маюць пэўную крыўду на сваё начальства і ў цэлым кіраўніцтва краіны — менавіта з матэрыяльных прычын.

Міліцыянты ў пагоні за паказчыкамі ствараюць сумнеўныя крымінальныя і адміністратыўныя справы.

Другі аспэкт — ад іх сапраўды начальства патрабуе забясьпечваць паказчыкі выяўленьня злачыннасьці. Час ад часу ў прэсе ўздымаюцца гісторыі, нават без палітычнага аспэкту, а менавіта побытавыя гісторыі, калі міліцыянты ў пагоні за паказчыкамі ствараюць сумнеўныя крымінальныя і адміністратыўныя справы, выконваюць вусныя распараджэньні, знаходзяць патрэбную колькасьць парушэньняў грамадзкага парадку, адлоўліваюць бамжоў і алькаголікаў. І ніхто не хавае, што ёсьць такія пляны.

Такім чынам, супрацоўнікі міліцыі не задаволеныя ні сваім матэрыяльным становішчам, ні сваімі службовымі абавязкамі. Ну, а рэакцыя міністэрства была таксама даволі паказальная: звычайная савецкіх часоў практыка, калі вінаваты той, хто паскардзіўся. Вастрыня пакараньня накіраваная менавіта на тых, хто выкрыў недахопы. Гэта ўрок астатнім, што ня трэба чакаць ніякай справядлівасьці — той, хто будзе скардзіцца, якраз і будзе пакараны перш за ўсіх.

Глод: Віталь Цыганкоў, на мой погляд, правільна патлумачыў, чаму падобных падзеяў можна чакаць у наступным болей. Нават у такім спэцыфічным міністэрстве, як Міністэрства ўнутраных спраў. Ніводзін зь беларускіх міністраў так не змагаецца за гонар мундзіра свайго ведамства, як міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Ён нават бачыць паўсюль ворагаў. Больш за тое, 1 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі міністар публічна заявіў, што супраць міністэрства вядзецца інфармацыйная вайна.

Міліцыя не выглядае бездапаможнай, проста некаторыя журналісты выстаўляюць яе ў такім сьвятле, сказаў тады Шуневіч. Ён лічыць, што гэта журналісты вядуць інфармацыйную вайну ў дачыненьні да Міністэрства ўнутраных спраў, з усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць. Міністар паскардзіўся, што міліцыянтаў правакуюць, ім хамяць, спрабуюць ілюстраваць іх непрафэсіяналізм дэструктыўнымі спосабамі. Дарэчы, пра дэструктыўныя спосабы і дэструктыўныя элемэнты спадар Шуневіч гаворыць нярэдка.

Шуневіч прызнае, што ў МУС ёсьць праблемы з унутранай бясьпекай. Упраўленьне ўласнай бясьпекі міністар назваў «органам самаачышчэньня», аднак, паводле яго слоў, «статыстыка самаачышчэньня нярадасная». А тут такі выпадак, калі ў Крычаве цэлая група міліцыянтаў паскардзілася на свайго начальніка. Прычым паскардзілася не міністру, а вынесла ўсю гэтую справу на публіку. Вынесла грамадзтву тое, пра што публічна, як лічаць у міліцыі, гаварыць нельга.

Дык ці ёсьць вайна, няхай і інфармацыйная, зь міліцыяй? Мне падаецца, міліцыі трэба самой задумацца над сваімі паводзінамі. Падобна, што міліцыянты, абараняючы рэжым і атрымліваючы за гэта добрыя заробкі і розныя льготы, самі парушаюць і законы, і Канстытуцыю. І гэтым правакуюць людзей на адпаведныя дзеяньні і выказваньні.

Падчас разгону апошніх вулічных акцыяў усе маглі пабачыць самую сучасную міліцэйскую тэхніку, на набыцьцё якой ідуць мільёны даляраў.

Да таго ж Шуневічу ня трэба забывацца, што міліцыя ўтрымліваецца за грошы звычайных людзей, за іх падаткі. Вось Віталь Цыганкоў казаў, што цяпер і міліцыянтам стала цяжэй жыць. Мабыць, так. Але ж падчас разгону апошніх вулічных акцыяў усе маглі пабачыць самую сучасную міліцэйскую тэхніку, на набыцьцё якой ідуць мільёны даляраў. Таму народ так і абураецца. Любыя дзеяньні міліцыі пільна разглядаюцца грамадзтвам.

І толькі калі сама міліцыя перастане парушаць заканадаўства, то і стаўленьне да яе будзе зьмяняцца. І тады ня будуць узьнікаць справы кшталту той, якая сёньня паслужыла нам прадметам абмеркаваньня.

Карбалевіч: Па колькасьці скандалаў сёньня Міністэрства ўнутраных спраў яўна лідзіруе, і ў дэмакратычнай краіне міністар даўно павінен быў бы пайсьці ў адстаўку.

Тут незвычайны сам факт, што гісторыя трапіла ў незалежныя мэдыі. Звычайна беларусы баяцца скардзіцца на начальства. А тым больш у ваенізаваным ведамстве, тым больш публічна, у незалежныя мэдыі.

У прынцыпе, нечага надзвычайнага ў зьмесьце скаргі падначаленых я ня бачу. Тое, што начальнік няветліва камунікуе з падначаленымі, то хіба ж гэта дзіва? Дык і самы галоўны начальнік увесь час публічна бэсьціць чыноўнікаў, напрыклад, чальцоў ураду. Тут ёсьць з каго браць прыклад. І тое, што ёсьць пляны па колькасьці злачынстваў, таксама ўсім вядома.

Хіба што трохі незвычайная сытуацыя зьвязаная з тым, што начальнікі патрабуюць у падначаленых дзяліцца прэміямі. Гэтая зьява, шырока распаўсюджаная ў Расеі, раней ва Ўкраіне, неяк ня вельмі характэрная для Беларусі.

Звычайная рэакцыя на скаргу вышэйшага кіраўніцтва. Яна такая ж, як у сытуацыі, калі грамадзяне скардзяцца на злоўжываньне міліцыянтаў.

Звычайная рэакцыя на скаргу вышэйшага кіраўніцтва. Яна такая ж, як у сытуацыі, калі грамадзяне скардзяцца на злоўжываньне міліцыянтаў. Адказ заўсёды адзін: парушэньня законаў няма. То бок міліцэйскае начальства заўсёды мае рацыю. Так працуе герархічная сыстэма. Бо варта толькі трохі паставіць пад сумненьне неабмежаванае права міліцыі ўвогуле і міліцэйскіх начальнікаў у прыватнасьці жорстка душыць усіх, хто ніжэй, то аўтарытарная сыстэма пасыплецца.

Цікава, што міністар Шуневіч пасьля паўторнай скаргі міліцыянтаў у міністэрства па-іншаму расставіў акцэнты, чым Магілёўскае ўпраўленьне МУС. Ягоная пазыцыя такая: ёсьць парушэньні і з боку кіраўніцтва Крычаўскага РУУС, і з боку саміх міліцыянтаў, якія скардзяцца. Думаю, вялікі рэзананс у мэдыях трохі прымусіў Шуневіча аглядвацца на рэакцыю Лукашэнкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG