Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: прэзыдэнт Трамп не абмяркоўваў сакрэтаў у гутарцы з Лаўровым


Дональд Трамп (зьлева) і Сяргей Лаўроў у Авальным кабінэце

Прадстаўнікі Белага дома абверглі ў панядзелак увечары паведамленьні пра тое, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раскрыў сакрэтную інфармацыю падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і амбасадарам Расеі ў ЗША Сяргеем Кісьляком, якая адбылася на мінулым тыдні.

Згодна з інфармацыяй газэты The Washington Post, пазьней пацьверджанай крыніцамі газэты The New York Times, прэзыдэнт падзяліўся з расейскімі прадстаўнікамі зьвесткамі, якія тычацца забароны на правоз у салёнах самалёта кампутараў-ноўтбукаў, уведзенай некаторымі краінамі. Як сьцьвярджаюць амэрыканскія газэты, ЗША атрымалі інфармацыю ад адной з краінаў-саюзьніц, выведным службам якой удалося укараніцца ў тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава» з умовай не перадаваць яе нікому. Неназваныя суразмоўцы The Washington Post і The New York Times занепакоеныя тым, што гэтыя зьвесткі дазволяць Расеі вызначыць, як інфармацыя была атрыманая, і сарваць выведныя апэрацыі саюзьніка.

Усьлед за зьяўленьнем паведамленьняў на вэбсайтах дзьвюх газэтаў, памочнік прэзыдэнта Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі генэрал Макмастэр выступіў зь іх абвяржэньнем, заявіўшы, што падчас сустрэчы Дональд Трамп не абмяркоўваў «пытаньня пра крыніцы або мэтады збору інфармацыі», не было размовы пра апэрацыі, інфармацыі аб якіх няма ў адкрытых крыніцах. Памочніца дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Дайна Паўэл, прысутная на сустрэчы, заявіла, што гэтыя паведамленьні не адпавядаюць праўдзе.

Тым ня менш некалькі уплывовых заканадаўцаў ад абедзьвюх партый выказалі трывогу з нагоды гэтага эпізоду і заклікалі Белы дом даць поўную інфармацыю пра інцыдэнт.

XS
SM
MD
LG