Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета: Аляксей Знаткевіч


Аляксей Знаткевіч
Аляксей Знаткевіч

Аляксей Знаткевіч – журналіст і перакладнік. Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Хіле (ЗША). Працуе на Радыё Свабода. Перакладаў з ангельскай і чэскай моваў. Сярод перакладзеных аўтараў — Чарлз Букоўскі, Рэйманд Карвэр, Нік Кейв, Кен Кізі, Мілан Кундэра, Ірвін Ўэлш. Пераклады і ўласныя літаратурныя тэксты друкаваліся у часопісах «ARCHE» і «ПрайдзіСьвет».

1. Для каго вы перакладаеце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Перакладаў найперш для сябе. А ідэальны чытач – той, з кім можна паспрачацца пра тэкст за келіхам віна, кухлем піва ці кубкам гарбаты.

2. Дзе вам найлепш перакладаецца, і калі?

У любым месцы, абы галава не была іншым занятая.

3. Перакладчыкам якой ужо перакладзенай кнігі вы хацелі б быць?

Калі б загадзя ведаў, што нехта ўжо зрабіў адэкватны пераклад, дык ніякай. У свой час я шмат часу прабавіў у пяціпавярховай унівэрсытэцкай бібліятэцы, дзе бачыў, што мноства кніг ніхто ня браў дзесяцігодзьдзямі. Навошта множыць сутнасьці без патрэбы?

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Такое параўнаньне можна зрабіць толькі звонку.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

У прозе і паэзіі няма, у эсэістыцы – Оруэл.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Хрэстаматыю па літаратуры народаў сьвету для 9 клясу, якую ўкладаў Лявон Баршчэўскі.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Найчасьцей па-ангельску, радзей па-ўкраінску і па-чэску. Прачытаў некалькі кніг на гішпанскай і нямецкай, але няспыннае зазіраньне ў слоўнік забівае асалоду ад чытаньня.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга зь перакладзеных вамі?

Кнігай можна лічыць толькі «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, але мне дарагое эсэ Робэрта Энтана Ўілсана «Трынаццаць хораў для боскага маркіза». Можна сказаць, што ў ім канцэнтрат амэрыканскіх 1960-х.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца перакласьці?

У сьвеце фантазій хацелася б адолець нешта, што цяпер для сябе адчуваю як неперакладальнае – праз асаблівасьці аўтарскага голасу, багацьце мовы ці перапляценьне алюзій. Напрыклад «Кашмары бусла марабу» Ірвіна Ўэлша, «А часам так ужо карціць» Кена Кізі ці «Сатанінскія вершы» Салмана Рушдзі. А ў рэчаіснасьці дастаткова, каб было каму гэтую кнігу выдаць і каб яна пры гэтым мне падабалася.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі атрымоўваецца пазбавіцца страху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG