На Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову Савету міністраў ад 30 сьнежня. Пастанова зацьвярджае дзяржаўную праграму «Лічбавая Беларусь» на 2026–2030 гады.
«Лічбавымі вобразамі дакумэнтаў» называюць «набор зьвестак з інфармацыйных сыстэмаў, патрэбны і дастатковы для вырашэньня жыцьцёвай (дзелавой) сытуацыі і зьдзяйсьненьня юрыдычна значных дзеяньняў».
У наступныя пяць гадоў плянуецца працаваць над фармаваньнем і пачаць выкарыстоўваць «лічбавыя вобразы» цэлага шэрагу дакумэнтаў, сярод якіх:
- пашпарт грамадзяніна;
- пасьведчаньне кіроўцы;
- пасьведчаньне дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
- зьвесткі з індывідуальнага асабовага рахунку;
- дазвол на часовае жыхарства;
- пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі транспартнага сродку;
- вайсковы білет;
- пэнсійнае пасьведчаньне;
- пасьведчаньне аб рэгістрацыі акту цывільнага стану;
- пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі аб’екту нерухомасьці і правоў на яго.
Дакладны пералік такіх дакумэнтаў будуць вызначаць дзяржаўныя органы. Сёлета дзяржаўную праграму дапоўняць захадамі для стварэньня і мадэрнізацыі інфармацыйных рэсурсаў і сыстэмаў фармаваньня лічбавых дакумэнтаў.
Урад тым самым хоча даць грамадзянам магчымасьць «атрымліваць і выкарыстоўваць зьвесткі пра сябе праз мабільныя і сеціўныя праграмы», каб камфортна і хутка разьвязваць свае пытаньні ў электроннай форме, адзначаецца ў пастанове.
Таксама плянуецца даць беларусам магчымасьць працаваць з ID-картай (ідэнтыфікацыя, аўтэнтыфікацыя, электронны лічбавы подпіс) з дапамогай мабільных прыладаў, а таксама праходзіць ідэнтыфікацыю і аўтэнтыфікацыю паводле біямэтрыі і ўнікальнага ідэнтыфікатара.
Форум