Як паведаміў міністар юстыцыі Сяргей Хаменка, некаторыя дакумэнты можна будзе афармляць дыстанцыйна.
«Зеркало» падае сьпіс дакумэнтаў, натарыяльнае афармленьне якіх не патрабуе фізычнай прысутнасьці:
- выдача пасьведчаньня аб праве на спадчыну;
- выдача пасьведчаньня аб сьведчаньні паўнамоцтваў выканаўцы тастамэнту;
- выдача распараджэньня аб кампэнсацыі выдаткаў, выкліканых сьмерцю спадкадаўцы, аховай спадчыны і кіраваньнем ёю, а таксама выдаткаў на пахаваньне спадкадаўцы;
- выканаўчыя надпісы;
- сьведчаньне правільнасьці перакладу дакумэнтаў;
- прыняцьце на захоўваньне электронных дакумэнтаў;
- прыняцьце грашовых сродкаў у дэпазыт;
- забесьпячэньне доказаў, разьмешчаных у інтэрнэце;
- выдача дублікатаў натарыяльных дакумэнтаў.
У праекце закону прадугледжана, што ў гэтых выпадках чалавек можа абменьвацца з натарыюсам дакумэнтамі праз пошту ці праз інфармацыйную сыстэму Беларускай натарыяльнай палаты (БНП). У другім выпадку заява павінна быць падпісана электронным лічбавым подпісам.
Мяркуецца, што гэтая сыстэма пачне дзейнічаць з сакавіка–красавіка 2024 году.
«Аднак ня ўсе натарыяльныя дзеяньні могуць зьдзяйсьняцца дыстанцыйна, у многіх зь іх натарыюс абавязаны выявіць волевыяўленьне асобы, якая зьвярнулася. Пералік іх складае каля дзьвюх трацінаў ад усіх дзеяньняў», — падкрэсьліў міністар.