Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква патрабуе Басфор і Дарданэлы


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Адносіны паміж Расеяй і Турэччынай завастраюцца. Разнэрваваны Пуцін уводзіць новыя санкцыі. У ім абудзіўся Сталін 1945 году.

У 1945-46 гадах СССР быў на мяжы вайны з Турэччынай. Тагачасныя фантомныя болі Крамля ня могуць не турбаваць сёньняшняе расейскае кіраўніцтва. Сталін патрабаваў ад туркаў «супольнага кантролю» над пралівамі Басфор і Дарданэлы, якімі злучаюцца Чорнае мора і Міжземнае. Што гэта азначала канкрэтна? Стварэньне там савецкай ваенна-марской базы. Другім патрабаваньнем было – вярнуць землі, якія прылягаюць да Грузіі і Армэніі, якія адзін час належалі царскай Расеі.

Трэба адразу сказаць, што гэтых мэтаў Сталіну дасягнуць не ўдалося.

Яшчэ не закончылася вайна ў Эўропе, як СССР скасаваў міждзяржаўную дамову з Турэччынай, каб падпісаць новую, прадыктаваўшы свае ўмовы. Скасаваў і дамову аб ненападзе. Туркі паспрабавалі залагодзіць Крэмль, прапанаваўшы са свайго боку нечуванае: у выпадку новай вайны – дазвол на праход савецкай арміі цераз сваю тэрыторыю. Аднак для Сталіна самай важнай мэтай на той час была ваенна-марская база на турэцкай тэрыторыі.

Яны з Молатавым агучылі свае жаданьні на Патсдамскай мірнай канфэрэнцыі. Але ЗША і Вялікабрытанія былі супраць.

Сталіна раздражняла Турэччына. У час вайны ёй удалося захаваць нэўтралітэт, хаця яна пастаўляла Гітлеру сыравіну, жалеза, падмацоўваючы таго ў вайне супраць СССР. Як вядома, і СССР забясьпечваў (у 1940-м) Нямеччыну палівам і жалезам, дапамагаючы ваяваць супраць Англіі. Таксама вядома, што ў англічан існаваў тады плян разбамбаваць нафтавыя вышкі ў Баку, а таксама высадзіць супольны з французамі дэсант у Закаўказьзі. Самі туркі разглядалі ў той час магчымасьць падтрымаць Лёндан. Але плян ня быў ажыцьцёўлены.

Пазьней Анкара падпісала сакрэтную дамову з Бэрлінам: Турэччына нападзе на СССР, калі нямецкая армія выйдзе на лінію Архангельск – Горкі – Астрахань. Затым была карэкціроўка: туркі ўступаюць у вайну, калі вэрмахт завалодае Туапсэ, Сочы, Грозным, Махачкалой і Сталінградам. І нейкі час гэты момант здаваўся вельмі блізкім. Сталін мусіў трымаць каля турэцкіх межаў 45-ю армію ды іншыя злучэньні.

Гітлер абяцаў туркам Аджарыю (у Батумі плянавалася супольная ваенна-марская база немцаў з італьянцамі), а таксама іншыя часткі савецкага Закаўказьзя.

Турэччыне не давялося тады «ўторкнуць нож у сьпіну» СССР. А ў лютым 1945-га яна вельмі абачліва абвясьціла вайну Нямеччыне. Не зьбіраючыся ваяваць. Такая перадгісторыя пасьляваеннага стану «на нажах» паміж Масквой і Анкарой.

Напачатку жніўня 1946 году СССР накіраваў Турэччыне афіцыйную ноту, патрабуючы «калектыўнага» кантролю над Басфорам і Дарданэламі. «Падмацоўвалі» патрабаваньне манэўры савецкага ВМФ каля турэцкіх межаў, а таксама моцны армейскі «кулак». Адна частка войскаў была сканцэнтраваная ў Закаўказьзі – каля 30 дывізій, другая – у непасрэднай блізкасьці ад эўрапейскай часткі Турэччыны: 235 тысяч салдат у Баўгарыі і 600 тысяч у Румыніі. У Баўгарыі і Румыніі былі створаныя і савецкія ваенна-марскія базы.

На выпадак агрэсіі Турэччына мусіла трымаць каля мяжы з СССР 600-тысячную армію. Гэта папросту руйнавала нямоцную турэцкую гаспадарку.

Сталіну псавала настрой, што ў 1944-м Турэччына нібыта выпусьціла з Чорнага мора праз свае пралівы нямецкія падводныя лодкі. Аднак па іншых дадзеных: экіпажы затапілі іх на базе ў Канстанцы, каб не захапіла Чырвоная армія. Цікавы факт: у 1942-м Гітлер ня мог даставіць свае субмарыны на тэатар вайсковых дзеяньняў у Чорным моры, паколькі пралівы былі пад турэцкім кантролем (туркі не дазволілі). Немцы выкруціліся: зрабілі стаўку на малыя падлодкі, якія дастаўляліся па Дунаі і па сушы, таксама па чыгунцы (усяго 2500 кілямэтраў) у тую Канстанцу. Усяго было дастаўлена шэсьць штук.

У 1946-м да вайны не дайшло. Туркі зьвярнуліся да ЗША і Вялікабрытаніі па дапамогу. Тым часам трымаць для застрашаньня Турэччыны мільённую армію Сталіну стала не па кішэні. Моцная засуха ўлетку прывяла фактычна да голаду ва Ўкраіне і на поўдні Расеі. І Сталін адступіў. Хаця прэтэнзіі Масквы да Анкары будуць скасаваныя афіцыйна толькі пасьля ягонай сьмерці – у канцы траўня 1953 году.

Не выпадае думаць, што мінулы канфлікт не ўсплывае ў галовах крамлёўскага кіраўніцтва ў дні сёньняшняга «раздраю» з туркамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG