Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Анатоль Лябедзька лічыць, што яго падтрымаюць прадпрымальнікі


Прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Анатоль Лябедзька наведаў два віцебскія кірмашы. На думку палітыка, менавіта прадпрымальнікі — тая мэтавая група, якая найбольш актыўна падтрымлівае ягонае вылучэньне на кандыдата ў прэзыдэнты.

Каля гандлёвага цэнтру «Эвіком» 23 ліпеня зьявіўся першы ў Віцебску пікет па зборы подпісаў за вылучэньне — яго выставілі прыхільнікі лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.

А 25 ліпеня прадпрымальнікі і наведнікі гандлёвага цэнтру «Эвіком» і Смаленскага кірмашу мелі магчымасьць ня толькі падпісацца за патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта, але й непасрэдна паразмаўляць з Анатолем Лябедзькам.


Па выніках такіх размоваў, спадар Лябедзька зазначыў:

«Прадпрымальнікі цікавяцца палітыкай, гэта наша „мэтавая група“. Бо яны дынамічныя, крытычна настроеныя да цяперашняй эканамічнай сытуацыі. Можа нават, менш запалоханыя верагоднымі рэпрэсіямі за пратэстныя настроі. Хаця і ім дастаецца, і ў іх ёсьць свае цяжкасьці. Аднак яны гатовыя да пераменаў, і вось хаця б такі паказьнік: за паўгадзіны на Смаленскім кірмашы мы сабралі паўтара дзесятка подпісаў, ці нават болей. Прычым мы ня столькі займаліся зборам подпісаў, колькі размаўлялі зь людзьмі, якія распавядалі пра свае праблемы».


Віцебскі каардынатар ініцыятыўных груп у падтрымку Анатоля Лябедзькі, прадпрымальніца Ірына Яскевіч адзначае, што найбольш ахвотна падпісваецца моладзь:

«Я назіраю, што пакупнікі старэйшага веку настроеныя больш пэсымістычна. Убачыўшы наш пікет каля ганкаў „Эвікома“, яны падыходзяць, чытаюць пра Анатоля Лябедзьку, а потым махнуць рукой ды адыходзяць. Маўляў, усе безвынікова — хто будзе прэзыдэнтам і так зразумела, бо „за ім войска, за ім настаўнікі, за ім улада“. Моладзь больш верыць у зьмены. Зрэшты, нашая мэта — сустракацца зь людзьмі, каб яны ведалі, што альтэрнатыва ёсьць. І што той чалавек, які наважыўся абвясьціць сябе альтэрнатывай дзейнай уладзе, ведае пра цяжкасьці шараговых беларусаў, і гатовы выпраўляць сытуацыю ў краіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG