Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень без Лукашэнкі


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Чытаючы артыкулы ў галіне «Альтэрнатыўны сцэнар», увесь час адчуваў брак якогасьці зьвяна ў ланцугу.

Нарэшце, у перадачы «Праскі акцэнт» маёй увагай завалодалі словы эканаміста Дзьмітрыя Ісаёнка: «У выпадку пераменаў шанец вырвацца наперад мае той, хто стаіць на нізкім старце і гатовы. Народ мы адкідаем, у яго няма структураў, няма нічога».

То бок размова пра Беларусь без Лукашэнкі ўвесь час пераходзіць на тое, як будзе дзяліцца ўлада, хто паўдзельнічае ў чвартаваньні пірага, а каго «адказныя працаўнікі» адсунуць на маргінэс.

Народ пры гэтым, маўляў, a priori далей знаходзіцца ў нацыянальна-палітычнай коме, шабуршыць па крамах, скупляе соль і печкі СВЧ. Увогуле – паводзіць сябе, як і раней, ціхмяна, пакорліва, безупынна чакаючы, чым жа ўсё скончыцца на самым версе, дзе ўзурпатаравы дзеці дамаўляюцца зь сілавікамі; праціскаецца ў любыя дзьверы намэнклятура, нагадваючы ўсім пра вэртыкаль у руцэ і жорава ў небе; сноўдаюць па калідорах мільянэры з чамаданамі грошай, якія, у таварыстве з добрым словам, заўсёды вырашаюць тое ці іншае «пытаньнечка».

Даволі дзіўная пазыцыя; дарэчы, яе я ня раз чуў у размовах з усялякімі вайсковымі пэнсіянэрамі, што ўважаюць народ за шэрую масу й толькі сябе лічаць «людзьмі, якія дакладна ведаюць і трымаюць руку на пульсе». Беларусь паўстае сымбалем адсутнасьці намаганьня, Ямелем на печы, хоць падобны герой нібыта і не ўласьцівы нашаму фальклёру.

Для мяне першыя дні без Лукашэнкі ўяўляюцца трохі інакш. Найперш – у атмасфэры безумоўнага народаўладзьдзя й карнавалу, з усімі спадарожнымі атрыбутамі.

Гэта будуць дні рок-н-ролу, з стыхійнымі мітынгамі, канцэртамі, фаервэркамі, за якія ніхто ня будзе выкручваць рукі і саджаць на Акрэсьціна альбо штрафаваць патроеным падаткам на дармаедзтва.

Гэта будзе час, калі гарады-героі прачнуцца ад сьпячкі, а райцэнтры будуць зьдзіўлена за імі назіраць; людзі выйдуць на вуліцы і павіншуюць адно аднаго зь вяртаньнем свабоды. Не палітыка выведзе іх, не нацыянальны лідэр ці любімы бізнэсмэн, а трывалае пачуцьцё кропкі незвароту, заканчэньня эпохі, пасьля якое ўсё будзе па-іншаму.

І ў тыя дні ўся каралеўская коньніца раптам заўважыць, што беларускі народ ня фікцыя і не прыстаўка да тэлевізара, што зь ім трэба лічыцца, бо няма для народа нікога больш агіднага, чым той, хто сапсаваў яму сьвята.

Калі ўзурпатар раптам, у блакітным верталёце, некуды зьнікне, зьмены пачнуцца не ў пэрсонах, а ў галовах. Сытуацыя «праветранага памяшканьня» і атмасфэра народнага сьвята кожнага наступнага прэзыдэнта папярэдзіць пра тое, што ён ня мусіць заходзіць аж настолькі далёка. Ён будзе баяцца стаць новым Лукашэнкам.

У Міхаіла Бахціна ёсьць кніга пра Франсуа Рабле, дзе карнавальная культура Эўропы процістаўляецца клерыкальнай. Вострыя шпілі гатычных сабораў стагодзьдзямі дрыжэлі ад «здубавецьцевых» прыпевак на плошчы, аднак нічога парабіць зь імі не змаглі, бо так гарманізаваўся чалавек: заціснуты ў табу, раскрываўся на пляцы. Гэтак і Беларусь, пражыўшы чвэрць веку насаджанаю на гатычны шпіль дыктату, у рагатках «не пушчаць!», ня можа не адчуць палёгкі і абавязкова закарнаваліць.

Калі ўмоўная ўлада, пераходная ўлада, дазволіць карнавал і не перашкодзіць яму разьліцца па ўсёй краіне, то Беларусь незваротна зьменіцца, як зьмянілася Ўкраїна. Быўшы днямі ў Кіеве, бачыў 5-6 пастаянных пікетаў і мітынгаў, якія не даюць уладзе захраснуць у самазадаволенасьці.

Але ёсьць і альтэрнатыўны сцэнар: вясёлы пляцавы парыў будзе задушаны ў самым пачатку, па старой звычцы, з аўтазакамі й дубіналам, і кіраўнік гэтага разгону станецца новым генэралісімусам з залатымі пагонамі. Усё жывое канчаткова зьедзе, а краіна абернецца ў змрочную расейскую правінцыю, зону з наглядчыкамі, сабакамі, бардэлямі і казіно.

Першы дзень без Лукашэнкі стане днём-індыкатарам. З чым сустрэнем гісторыю? Я спадзяюся, з усьмешкаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG