«Дарагія мае Суродзічы — Беларусы! Дачакаліся мы зноў нашых цудоўных Калядных і навагодніх Сьвятаў, сьвятаў надзеі, калі мы жадаем адны другім, каб сьвет неяк у хуткім часе зьмяніўся на лепшае.
На жаль, у гэтым годзе гэтая надзея ня споўнілася дзеля злыдняў, якія або нас нішчаць або трымаюць у няволі. Нашая зямля па крысе зноў пераходзіць у рукі захопнікаў, у якіх адна мэта — сьцерці нас з паверхні Зямлі!»
Старшыня Рады БНР адзначыла, што пасьля ўсяго перажытага за апошняе стагодзьдзе шмат што жадае толькі аднаго — каб неяк выжыць да лепшых часоў.
«Але ня веру, што наш народ пойдзе ў няволю, каб выжыць! Мы замоцна любім нашую зямлю, замоцна цэнім нашыя людзкія правы каб задаволіцца чужым кавалкам хлеба!», — упэўненая Івонка Сурвіла.
Яна заклікала беларусаў знайсьці свой шлях, каб працаваць і для сябе, і для карысьці свайго народу. Быць годнымі, неабыякавымі і помніць пра свае эўрапейскія карані.
«Днямі я мела радасьць пагутарыць зь некаторымі нашымі змагарамі за вольную і незалежную Беларусь, якіх Лукашэнка трымаў за кратамі — з Алесем Бяляцкім і Паўлам Севярынцам. Яны ёсьць прыкладамі нязломнасьці і адданасьці Бацькаўшчыне. Асабліва кранула мяне гутарка са Зьмітром Дашкевічам і ягонай жонкай Настай, якія разам з чатырма дзеткамі нарэшце ўзьядналіся. На жаль, адбылося гэта не на беларускай зямлі. І сёньня тысячы беларускіх сем’яў разьяднаныя ці турэмнымі кратамі, ці дзяржаўнымі межамі.
Будзем верыць у тое, што ў бліжэйшым часе ўсе беларусы змогуць быць разам на сваёй вольнай радзіме», — сказала Івонка Сурвіла.
Яна пажадала беларусам утульна правесьці сьвяты, «а перадусім набрацца сілаў, каб магчы неадкладна брацца за так патрэбную працу на карысьць нашай Бацькаўшчыны».
«Дык жадаю Вам посьпеху, дарагія мае Сябры! Памажы Вам Божа!!! Жыве Беларусь!», — закончыла свой зварот старшыня Рады БНР.
Хто такая Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла нарадзілася 11 красавіка 1936 году ў Стоўпцах, якія тады былі ў складзе міжваеннай Польшчы. Яе бацька — Уладзімер Шыманец, інжынэр і будучы міністар фінансаў БНР у 1950-я гады.
З 1944 году Івонка разам з бацькамі жыла на эміграцыі. Спачатку ў Даніі, з 1948 — у Францыі. Скончыла Вышэйшую мастацкую школу ў Парыжы і філялягічны факультэт Сарбоны (1959). Пасьля шлюбу зь Янкам Сурвілам пераехала ў Мадрыд, дзе ў 1959–1965 гадах яны працавалі ў Беларускай рэдакцыі Гішпанскага радыё. У 1969 годзе зь сям’ёй пераехала ў Канаду, працавала ў фэдэральным бюро перакладаў.
Узначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, была старшынёй управы Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. У 1984 годзе яе абралі ў склад праўленьня Канадзкай этнакультурнай рады, а ў 1989 годзе яна ўзначаліла «Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі».
У 1997 годзе Івонку Сурвілу абралі старшынёй Рады БНР. Апошнім разам яе пераабралі на гэтую пасаду ў 2023 годзе.
У 2008 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла кніга Івонкі Сурвілы «Дарога: Стоўпцы — Капэнгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Менск». (Чытаць у PDF.)
У 2024 годзе Аб’яднаны пераходны кабінэт узнагародзіў Івонку Сурвілу мэдалём Францішка Скарыны.
Што такое Рада БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і ў 2022 годзе заставаўся найстарэйшым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні». Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.
2 ліпеня 2023 году КДБ Беларусі прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем». А неўзабаве Генэральная пракуратура пачала ў дачыненьні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі крымінальную справу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — «змова з мэтаю захопу ўлады», кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і іншыя.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 12 верасьня 2023 году прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт Рады БНР, яе старонкі ў сацыяльных сетках і лягатып. Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі ўзнагароды Рады БНР — мэдалі «Ордэн Пагоні», «За баявыя заслугі», мэдаль да 100-годзьдзя БНР, ордэн Жалезнага рыцара ды іх лічбавыя выявы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі тады ў адказ заявіла, што «прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“ з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу»:
«Гэтае рашэньне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою зьяўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасьць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць сувэрэнныя правы беларускага народу‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР».
Рада БНР у адказ таксама заявіла, што «аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гг. і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, зьяўляецца нелегітымным і ня мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі».
Форум