Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Паўлюка Шукайлы


Паўлюк Шукайла
Паўлюк Шукайла

Падзеі 31 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

31 сьнежня 1904 году нарадзіўся Паўлюк Шукайла, беларускі паэт, літаратурны крытык. У беларускім друку выступаў з 1925 году. Аўтар кнігі паэзіі «Акрываўленая зямля» (1930), шэрагу літаратурна-крытычных артыкулаў.

Паўлюк Шукайла
Паўлюк Шукайла

У пачатку 1920-х быў удзельнікам падпольнага рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У 1925-ым у Слуцку арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газэты. У 1927-м пакінуў аб’яднаньне і стварыў альтэрнатыўную «Маладняку» суполку «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», арыентаваную на гэтак званых камуністаў-футурыстаў — расейскі «ЛЕФ» і ўкраінскую «Нову генерацію».

Арыштаваны ў верасьні 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», але здолеў адвесьці ад сябе абвінавачаньні. У 1930–1931 паліткарэктар у Галоўліце СССР, да 1931 году кіраваў Беларускай сэкцыяй Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, быў рэдактарам маскоўскай газэты «Кино», дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва і інш. З 1932 году віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Ленінград).

1 лістапада 1938 году арыштаваны ў Маскве. 13 красавіка 1939 году Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны на расстрэл. Рэабілітаваны ў красавіку 1959 году.

Скандальныя ўчынкі Паўлюка Шукайлы надоўга запомніліся ягоным сучасьнікам, якія згадвалі пра гэтаў мэмуарах. У іх паэт паўстае амбітным маладым чалавекам з «агнявой натурай» і «партызанскай зухаватасьцю».


Дзень у гісторыі

1917 — бальшавікі разгналі Першы Ўсебеларускі зьезд. У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 зьезд прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі. Адразу пасьля гэтага ў залю гарадзкога тэатру ўварваліся салдаты і пачалі разгон Зьезду.

1918 — нямецкая армія пакінула Вільню.

1990 — пачала дзейнічаць другая лінія Менскага мэтрапалітэну.

1992 — Чэхаславаччына падзялілася на Чэскую Рэспубліку і Славаччыну.

1999 Барыс Ельцын добраахвотна спыніў выкананьне паўнамоцтваў прэзыдэнта Расеі і перадаў іх тагачаснаму прэм’ер-міністру РФ Уладзіміру Пуціну.

Барыс Ельцын перадае паўнамоцтвы прэзыдэнта РФ Ўладзіміру Пуціну, 31 сьнежня 1999
Барыс Ельцын перадае паўнамоцтвы прэзыдэнта РФ Ўладзіміру Пуціну, 31 сьнежня 1999

У гэты дзень нарадзіліся

1869 Анры Матыс, францускі мастак.

«Танец», Анры Матыс
«Танец», Анры Матыс

1908Сымон Візэнталь, аўстрыйскі габрэй, які перажыў Галякост, усясьветна вядомы «паляўнічы за нацыстамі».

Сымон Візэнталь на трыбуне ААН, 1995
Сымон Візэнталь на трыбуне ААН, 1995

1985 Аляксандра Герасіменя, беларуская плыўчыха. Двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 году (50 і 100 мэтраў вольным стылем), бронзавая прызэрка Алімпійскіх гульняў 2016 году (50 мэтраў вольным стылем). Чэмпіёнка сьвету па плаваньні 2011 году ў Шанхаі, чэмпіёнка і срэбраны прызэр чэмпіянату Эўропы 2010 году ў Будапэшце. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў 2001 году. Рэкардсмэнка Эўропы сярод юніёраў. Майстар спорту міжнароднай клясы. Аляксандра Герасіменя з прычыны сваёй палітычнай пазыцыі вымушаная была пакінуць Беларусь.

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

У памяці

1916Казімер Альхімовіч, польска-беларускі мастак.

1993 Зьвіяд Гамсахурдыя, прэзыдэнт Грузіі.

Зьвіяд Гамсахурдыя, 1990
Зьвіяд Гамсахурдыя, 1990


2000Вера Церлюкевіч, рабочая, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х.

Вера Церлюкевіч выступае на мітынгу апазыцыі ў дні путчу, Менск, жнівень 1991
Вера Церлюкевіч выступае на мітынгу апазыцыі ў дні путчу, Менск, жнівень 1991

2021 Васіль Шаранговіч, жывапісец, народны мастак Беларусі.

Васіль Шаранговіч
Васіль Шаранговіч


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG