Трэці дзень у зоне адчужэньня пад Чарнобылем не сьціхае пажар. Узгараньне сухой травы не ўдаецца патушыць, нягледзячы на высілкі пажарных службаў.
Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях Украіны, «па стане на 7 гадзін 1 ліпеня сытуацыя на тэрыторыі комплексу лясной гаспадаркі „Чарнобыльская пушча“ зьяўляецца кантраляванай, тушэньне ачагоў узгараньня працягваецца».
Па дадзеных прэс-службы, да тушэньня пажару прыцягнутыя 27 адзінак тэхнікі і 192 асобы.
Плянуецца задзейнічаць верталёт для правядзеньня паветранай выведкі і ацэнкі становішча.
На месцы здарэньня разгорнуты штаб пажаратушэньня, працуе мабільная апэратыўная група.
Пажар на плошчы каля 130 га ў зоне адчужэньня і адсяленьня на тэрыторыі «Чарнобыльскай пушчы» узьнік 29 чэрвеня ў выніку ўзгараньня сухой травы і чароту. Напярэдадні паведамлялася, што пажар лякалізаваны і праводзіцца праліў вадой рэштак ачагоў узгараньня.
Зона адчужэньня — забароненая для вольнага доступу тэрыторыя, якая зазнала радыяцыйнае заражэньне пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году.
Гэта ўжо другі буйны пажар у чарнобыльскай зоне адчужэньня за апошнія месяцы. Раней, 28 красавіка, пажар ахапіў плошчу каля 400 га. У выніку пажар быў зьліквідаваны.
Улады паведамляюць, што радыяцыйны фон у Кіеве і зоне адчужэньня вакол Чарнобыльскай АЭС застаецца на бясьпечным узроўні.