Пра гэта ў інтэрвію газэце «Коммерсантъ» заявіў сакратар Савета бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў.
«Мы да гэтага нікога не заклікаем і не заахвочваем гэтага. Але рэальна перашкодзіць гэтаму немагчыма», — так Патрушаў пракамэнтаваў удзел расейскіх наймітаў ва ўзброеных дзеяньнях ва Ўкраіне.
«Мы ня можам закрыць мяжу. Што нам, арганізаваць блякаду, як гэта было ў Ленінградзе? Для ўсяго насельніцтва Данбасу? Мы ж іх цяпер практычна кормім, там у іх умовы для жыцьця вельмі складаныя», — сьцьвярджае сакратар Савета бясьпекі Расеі.
Крэмль працягвае настойваць, што Расея не зьяўляецца ўдзельнікам баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, што не пастаўляе зброю сэпаратыстам, возіць выключна гуманітарныя, а не ваенныя грузы ў Данбас, а анэксаваны Крым у выніку непрызнанага сьветам і Ўкраінай «рэфэрэндуму» называе сваёй часткай. Зараз сусьветная супольнасьць прымяняе да Расеі дыпляматычныя меры ціску і эканамічныя санкцыі за яе палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны.