Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Бушлякоў: «Мова — жывая!» (9)


Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda @ rferl.org.


ГУЧАНЬНЕ СЛОВА

Выбухны [ґ] у беларускім маўленьні

У лісьце на «Свабоду» слухач Яўген Крыкун задаў пытаньне пра ўжываньне выбухнога гуку [ґ] у беларускім маўленьні. Як, прытрымліваючыся літаратурнае нормы, трэба вымаўляць: маз[г’]і ці маз[ґ’]і, [г]анак ці [ґ]анак? На што можна арыентавацца пры вымаўленьні? Ці шмат у нас уласнабеларускіх словаў з выбухным [ґ]? Ці выпадае кожнае этымалягічнае [g] у пазычаньнях перадаваць праз выбухны [ґ]?

Найперш заўважу, што ўва ўласнабеларускіх словах выбухныя гукі [ґ] і [ґ’] вымаўляюцца ў каранёвых спалучэньнях [зґ], [зґ’], [дзґ] і [джґ]: абрыз[ґ]лы, браз[ґ]аць, маз[ґ’]і, роз[ґ’]і, вэдз[ґ]аць, дж[ґ]аць і інш. У непазычанай лексыцы [ґ] і [ґ’] здараюцца і ў іншых пазыцыях (напрыклад, [ґ]уз, ня[ґ’]е[ґ]лы).

Ёсьць таксама група пазычаньняў (гэта прынамсі колькі дзясяткаў словаў), у якіх ужываньне выбухных [ґ] і [ґ’] носіць традыцыйны характар. Пералічу найбольш частотныя з такіх пазычаньняў: а[ґ]рэст, [ґ]аза, [ґ]анак, [ґ]арсэт, [ґ]валт, [ґ’]ільза, [ґ’]іпс, [ґ]онта, [ґ]узік, джы[ґ’]іт, смара[ґ]д, цу[ґ]лі, цэ[ґ]ла, шва[ґ’]ер, шва[ґ’]ерка.

Улічвайма, што выбухныя гукі захоўваюцца і ў вытворных словах: скажам, раз маз[ґ’]і, то й маз[ґ]авы, абмаз[ґ]аваць, як [ґ]аза, так і [ґ]азьніца, як [ґ]валт, так і [ґ]валтоўны, [ґ]валтаўнік і г. д.

У сваім лісьце сп. Крыкун піша, што стараецца вымаўляць [ґ] пасьлядоўна ў словах іншамоўнага паходжаньня, ды ілюструе гэта, напрыклад, словам пра[ґ]рама. Беручы пад увагу, што пераважная бальшыня агульнаўжывальных пазычаньняў трывала замацавалася ў літаратурным вымаўленьні з тыповым беларускім шчылінным [г], вымаўленчы варыянт пра[ґ]рама наўрад ці можна прызнаць за апраўданы і пэрспэктыўны.

Іншая сытуацыя з уласнымі назовамі, якія маюць неславянскую лексычную аснову: тут ёсьць падставы шырэй дапускаць захаваньне этымалягічнага выбухнога [g]. Іначай кажучы, калі мы ставім за мэту больш карэктную перадачу ўласных назоваў, ня варта кваліфікаваць вымаўленьня ў іх выбухнога [ґ] як парушэньня артаэпічнай нормы: да прыкладу, [г]арыбальдзі і [ґ]арыбальдзі, [г]лаз[г]а і [ґ]лаз[ґ]а, [г]рым і [ґ]рым, [г]рынвіч і [ґ]рынвіч, [г]элап і [ґ]элап.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:59 0:00
Наўпроставы лінк


НАЦІСКІ

Вáцлаў ці Вацлáў?

Як гучыць па-беларуску мужчынскае імя — Вáцлаў ці Вацлáў? У адной зь перадач я ўспамінаў пра моўныя пошукі Вацлава Ластоўскага. Адзін з слухачоў «Свабоды» адрэагаваў на форму Вацлáў — з націскам на другім складзе — пазваніўшы на радыё:

«Спадар Бушлякоў гаворыць пра Вацлáва Ластоўскага. Зьвярнеце ўвагу: Вацлáва Ластоўскага. Мы ж ведаем, што калі мужчына, то Вáцлаў, Зьдзíслаў, а калі жанчына — Вацлáва, Зьдзіслáва».

Václav — чэская форма старажытнага славянскага імя. У Беларусі гэтае імя нячастае — праўдападобна, яно прыйшло да нас праз польскае пасярэдніцтва. У беларускай моўнай прасторы поруч з формаю Вáцлаў (з націскам на першым складзе) замацавалася акцэнталягічна адаптаваная форма Вацлáў. Замацавалася, несумненна, пад уплывам і на ўзор цэлай групы імёнаў з часткаю -слаў: Вячаслáў, Ізяслáў, Міраслáў, Станіслáў, Усяслáў, Часлáў і г. д. Зазнала адаптацыі й перанесенае з польскамоўнае прасторы імя Zdzіsław: у нашай моўнай прасторы форма Зьдзíслаў суіснуе з адаптаванай формаю Зьдзіслáў. І якраз-такі акцэнталягічна адаптаваныя формы Вацлáў і Зьдзіслáў замацаваныя ў нашай літаратурнай мове як нарматыўныя.

І ўсё ж якой з формаў — Вáцлаў ці Вацлáў — прытрымліваўся сам Ластоўскі, якую з формаў ужывалі, зьвяртаючыся да яго? Думаю, паказальны тут паэтычны зварот Максіма Багдановіча. «Усё ж такі пішу да вас, Вацлáве, словы нясьмелага ліста», — зьвяртаўся Багдановіч да свайго паплечніка Вацлáва Ластоўскага. Вацлáве — клічная форма імя Вацлáў.

Такім парадкам, пры называньні беларуса дарэчы будзе адаптаваная форма Вацлáў. Форму з націскам на першым складзе — Вáцлаў — як правіла, ужываем, захоўваючы асаблівасьці гучаньня чэскага, славацкага або польскага імя. Гаворым, напрыклад: Вацлáў Ластоўскі, Вáцлаў Гавэл.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00
Наўпроставы лінк


ВЫБАР СЛОВА

Тэлебачаньне і тэлевізія

Як ставіцца да суіснаваньня ў мове назоўнікаў тэлебачаньне й тэлевізія? Хто-ніхто сумняецца, ці не выпадковы ў нашай мове назоўнік тэлевізія. Невыпадковы.

Тэлевізія — звычайнае інтэрнацыянальнае слова: першая частка — грэцкага паходжаньня (tēle), другая — лацінскага (vіsіo). З назоўніка тэлевізія вынікае прыметнік тэлевізійны. У расійскай мове на месцы інтэрнацыянальнай тэлевізіі замацавалася ў ХХ стагодзьдзі паўкалька телевидение. У 1950-ыя гады ў БССР якраз-такі на ўзор гэтай расійскай паўкалькі аформілася слова тэлебачаньне. Але калі ад назоўніка тэлевізія ў мове ёсьць вытворныя словы, то ад тэлебачаньня нарматыўных вытворных няма: з аднаго боку, тэлевізія, тэлевізійны, тэлевізійнік, тэлевізар, з другога, адно тэлебачаньне.

У сучасных акадэмічных слоўніках фігуруе толькі тэлебачаньне, тэлевізіі пакуль што няма. Пры гэтым тэлевізія рэгулярна ўжываецца ў сучасных тэкстах і ў жывым маўленьні. Паглядзім, як пакіруецца суіснаваньне тэлебачаньня й тэлевізіі. І, вядома, ня боймася назоўніка тэлевізія, арганічнага ў лексыцы нашай літаратурнай мовы.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG