Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы й ваенны


Юрась Бушлякоў, Менск

Тлумачэньне простае: у расiйскай мове замацавалася ўжываньне прыметнiка ваенны ня толькi ў сэнсе таго, што мае дачыненьне да вайны, але таксама ў значэньнi ўсяго, зьвязанага з войскам. Акадэмiчныя беларускiя слоўнiкi – прынамсi часткова – пайшлi былi за расiйскiмi фактамi: санкцыянавалi ў лiтаратурнай мове такiя, напрыклад, спалучэньнi, як ваенная служба, ваеннае вучылiшча, ваенны парад, ваенная форма. Думаю, нам варта крытычна паставiцца да такога санкцыянаваньня. Нашто iсьцi за расiйскай моваю, забываючыся на ўнутраную форму слова? Ваенны – значыць, зьвязаны з вайною. Ваенны час, ваеннае становiшча, ваенны канфлiкт, ваенныя падзеi – у гэтых iлюстрацыях прыметнiк ваенны стаiць на сваiм месцы. У тым жа разе, калi гаворым пра войска, армiю, трэба ўжываць слова вайсковы: вайсковая служба, вайсковая падрыхтова, вайсковы бiлет, вайскова-паветраныя сiлы.

Зьвярну яшчэ ўвагу на такое сабранае з частак слова, як ваенкамат. Назоўнiк ваенкамат – з словазлучэньня ваенны камiсарыят. Чаму ваенны? Камiсарыят жа гэты функцыянуе й у мiрны час, займаецца камплектаваньнем войска. Лягiчна было б сказаць вайсковы камiсарыят. Калi з гэтага злучэньня словаў зрабiць абрэвiятуру, атрымаем вайсккамат. Паглядзiм, цi зможа гэтае слова скласьцi канкурэнцыю так трывала аселаму ў нашай мове за савецкiм часам ваенкамату. Як бы там нi было, стараймася ня зьмешваць двух прыметнiкаў: там, дзе пра войска, заўсёды скажам вайсковы, дзе пра вайну – ваенны (вайсковая прысяга, вайсковая часьць, вайсковая акадэмiя, але ваенная таямнiца, ваенная перамога).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG