Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца на чужыне


Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Віталь Бартохаў (Крым), Алена Міхалюк (Англія), Анастасія Булыга (Чэхія), Аляксандр Сільвановіч (ЗША), Міхась Белямук (ЗША),

Сьветлы і сумны дзень Радаўніцы лучыць беларускую нацыю ня толькі ў часе – жывыя памінаюць адышоўшых, але і ў прасторы. На Бацькаўшчыне і па цэлым сьвеце, дзе ёсьць беларуская прысутнасьць, зьбіраюцца суродзічы, каб ушанаваць памяць родных і ўсіх тых, хто заслужаны перад Беларусьсю.

Радаўніца на чужыне – тэма чарговага выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.

Не кожнаму чалавеку лёс даруе магчымасьць спачыць у роднай зямлі. Шмат беларускіх магілак раскідана па сьвеце. Ці не забытыя яны ў дзень Радаўніцы?

Пра гэта мы пацікавіліся, найперш, ў беларусаў Крыму, бо менавіта там знаходзіцца дарагая кожнаму беларускаму сэрцу магіла Максіма Багдановіча.

Мы размаўляем зь Віталём Бартохавым, які жыве непадалёку ў мястэчку Партынід бліз Алушты.

(Бартохаў: ) “А як жа! У аўторак мы – сябры суполкі, зьбярэмся і памянем, гэта ужо традыцыя. На магіле Максіма мы бываем часта, даглядаем, прыбіраем. У нас ёсьць суполка – Беларускае культурна-асьветнае таварыства, крымскае, ў Алушце ў нас ёсьць свая суполка – "Сябрына". Сустракаемся алушцінскія. ялцінскія, зь Сімфэропалю прыяжджаюць. 16 траўня зьбіраюцца прыехаць на магілку і беларусы зь Севастопалю.

У мінулым годзе паставілі новы помнік. Быў такі невялікі помнічак раней, быў агароджаны звычайнай жалезнай агароджаю. Праўда, мы даведаліся пра гэта толькі ў верасьні. Было вельмі прыкра неяк, вельмі крыўдна, што гэты помнік устанавілі неяк амаль употай. Гэта зрабілі ведамствы зь Беларусі і Крыма, ад уладаў Беларусі. Але, нам не паведамілі і таму не адбылося такое ўрачыстае нейкае сьвята. Я толькі потым даведаўся праз газэту, што вось ёсьць новы помнік.

Потым ужо ў кастрычніку мы ўсе разам прыехалі зь Сімфэропаля, ужо неяк мы зрабілі для сябе гэтае адкрыцьцё. У той дзень мы пабывалі і на магіле беларуса Міхася Казакова. Ён паэт, былы намесьнік рэдактара "Крымскай газэты", жыў у Ялце, стаў ужо пасьмяротна ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Аўтаномнай рэспублікі Крым”.

(Сурмач: ) “Як выглядае новы помнік?”

(Бартохаў: ) “Вельмі цудоўны. Пліта добра зробленая і агароджа, якая ўвасабляе нашы слуцкія паясы і васількі. І Максім так паглядае, ёсьць ягоная скульптура. Ён позіркам скіраваны ўдалечыню, ў Беларусь, праз горы. "Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю" – ёсьць гэтыя словы на помніку”.

(Сурмач: ) “Спадар Віталь, для нашых слухачоў, хто яшчэ не ведае, удакладніце, дзе, менавіта, знаходзіцца магілка Максіма Багдановіча”.

(Бартохаў: ) “Яна якраз у старажытнай частцы Ялты, старыя могілкі, непадалёку ад вуліцы імя Максіма Багдановіча”.

***

А зараз перанясемся паўз Ля-Манш. Пра тое, як даглядаюцца беларускія магілкі ў Ангельшчыне, як адзначаецца Радаўніца мы пацікавіліся ў старшыні Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі Алены Міхалюк, якая жыве ў Манчэстэры.

(Міхалюк: ) “Жывучы тут у Ангельшчыне, мы ніколі не забыліся на традыцыі. Некалі мы ўсе разам на Радаўніцу езьдзілі на могілкі, каб памянуць родных, а цяпер гэта стала немагчымым з прычынаў кепскага здароўя. Бачыце, тут у нас ужо больш адышло на той сьвет, чым засталося на гэтым.
Гэтыя традыцыі мы ня можам выканаць, як трэба, стараемся ў меру магчымасьці. Але, забыць на іх мы ніколі не забудзем.

У Лёндане айцец Надсан заўсёды едзе на могілкі і адпраўляе малебен за ўсіх памерлых”.

(Сурмач: ) “Увогуле, дзе ў Ангельшчыне ёсьць беларускія магілкі?”

(Міхалюк: ) “У кожным асяродку, дзе жыве больш беларусаў, закупляюць зямлю для пахаваньня ў адным мейсцы на агульных могілках.

Напрыклад, у Лёндане у адным мейсцы на Сант-Ранкрац была закупленая дзялянка, дзе пахаваныя уладыка Чэслаў Сіповіч, архімадрыт Леў Гарошка, айцец Язэп Германовіч, айцец Фэлікс Журня, айцец Падзява, брат Мікалай, спадар Янка Міхалюк, мая маці – Барбара Марцінкевіч. Адзін пры адным, побач. Недалёка ад гэтага таксама пахаваны спадары Аляксандр Лашук, Павал Навара ды іншыя.

Мы так сабе жартуем, што ім там весела, бо яны ўсе разам.

У Манчэстэры таксама пераважна ўсе беларусы пахаваныя ў адным мейсцы на агульных могілках. Магілкі вельмі прыгожыя і добра дагледжаныя. Тут пахавана даволі шмат беларусаў. Айцец Абабурка кожны год адпраўляе малебен за памерлых.

Брадфорд, там няма такіх агульных могілак, там хавалі кожнага паасобку, на тых самых могілках, але не побач”.

***

У Празе беларускія магілкі цяпер даглядаюць сябры суполкі «Скарына».

Як вядома, у чэскай сталіцы пахаваныя прэзыдэнты Рады БНР Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка, а таксама вядомы беларускі дзеяч Тамаш Грыб, сьпявак Міхась Забэйда, навуковец Яўген Ляцкі.

Да 1995 году, калі ў Прагу пераехала Радыё Свабода, а праз год стварылася беларуская суполка. Апякавацца мейсцамі пахаваньня прэзыдэнтаў БНР давялося спадарству Сяргея і Анастасіі Булыгаў.

Яны былі бадай што адзінымі беларусамі ў пасьляваеннай Празе, трапілі яны туды ў 1944 годзе. Сёньня мы размаўляем з Анастасіяй, ейны муж, на жаль, ужо памёр.

(Сурмач: ) “Спадарыня Анастасія, ці вы самі знайшлі гэтыя магілкі прэзыдэнтаў?”

(Булыга: ) “Мы іх знайшлі ў 1946 годзе, бо там была пахаваная адна наша знаёмая дзяўчына зь Вілейкі, і мы нібыта туды хадзілі. Мы хадзілі сярод магіл каля царквы, чыталі і так знайшлі. Я ніколі не бачыла, каб нехта там кветку паставіў, нічога там не было, за камуністамі немагчыма было. Баяліся, бо там пільнавалі ўсялякія людзі і арыштоўвалі”.

Сапраўды, шмат хто распавядае пра тое, што ў Празе на Альшанскіх могілках, дзе пахаваныя эмігранты з Расеі, Беларусі, Украіны ў камуністычныя часы было небясьпечна нават зьяўляцца.

(Булыка: ) “Надта небясьпечна, мы ведалі адну сям'ю, якую проста з паховінаў арыштавалі, нейкі Сеньнік зваўся, узялі проста з могілак і потым яго ў Вілейцы павесілі. Сачылі і калі хто прыходзіў маліцца. Мы там хадзілі, як турысты, толькі хадзілі-глядзелі. Там нашыя знаёмыя пахаваныя, дык нібыта толькі да іх хадзілі, калі б нехта запытаў, дык сказалі б, што былі там, а каля гэтых магілак толькі праходзім мімаходзь”.

(Сурмач: ) “Толькі пасьля “аксамітнай рэвалюцыі “ спадарства Булыгаў змаглі адкрыта наведвацца на Альшаны і прыбіраць там беларускія магілкі”.

(Булыка: ) “Гэтыя магілкі былі такія занядбаныя. Я і мой муж паехалі на Альшаны, гэта было ў 1991 годзе вясною. Трэба было прынесьці вострую рыдлёўку, якую мы пазычылі. Мы тады з мужам прывезьлі зямлі дзьве вялікія сумкі і гэтыя магілкі ўпарадкавалі.

Я так рада, што цяпер, калі туды прыйду, мне так на душы лёгка, што там ужо столькі беларусаў бывае і мова беларуская чуваць. Я была ў Саюзе беларускай моладзі. Я так дзякую за ўсё, што там так прыгожа”.

***

Ёсьць у беларускім замежжы і асобныя беларускія могільнікі, іх залажыла ў ЗША беларуская паваенная эміграцыя – у Іст-Брансьвіку і Саўт Рывэры. Мы папрасілі распавесьці пра іх спадара Аляксандра Сільвановіча.

(Сільвановіч: ) “У Іст-Брансьвіку могілкі царкоўныя, парафіі Жыровіцкай Божай маці, хаця царква знаходзіцца ў Гайленд парку, за 10 кілямэтраў.

Ад Нью-Ёрка – гэта 40-45 кілямэтраў, у штаце Нью-Джэрсі.

Мы іх купілі ў 1959 годзе, тры з паловай акры, гэта досыць вялікая дзялянка, толькі пад могілкі. Царквы яшчэ нават не мелі, наймалі ў другой царкве залю, потым ужо і царкву купілі.

Тут хаваюць ня толькі з нашае парафіі, але і зь Нью-Ёрку, з Канады і з усяе Амэрыкі. Пераважна праваслаўныя, але, ёсьць і каталікі – беларусы.

На гэтых могілках пахаваныя Вінцэнт Жук-Грышкевіч – прэзыдэнт Рады БНР, Вітаўт Тумаш, Антон Адамовіч, Пётр Конюх, Аляксандар Орса, Рыгор Крушына, япіскапы нашыя – Васіль, Андрэй, Мікалай. Зора Кіпель – апошняя пахаваная.

Кожны даглядае магілкі сваіх родных, але, агульны дагляд – гэта пільнуе царква, царкоўная Рада.

Агулам пару сотняў людзей пахавана. Гэта самыя буйныя цалкам беларускія могілкі ў Амэрыцы.

У Саўт Рывэры таксама ёсьць, але ў іх меншыя, асобныя, недалёка ад царквы. Яны цяпер яшчэ дакупілі сабе дзялянку.

Там пахаваныя зь вядомых – Масей Сяднёў, Юрка Віцьбіч, Радаслаў Астроўскі, Зьміцер Касяк, Мікалай Лапіцкі”.

(Сурмач: ) “Спадар Аляксандр, як традыцыйна адзначаеце Радаўніцу? Што будзеце рабіць сёлета?”

(Сільвановіч: ) “Пасьля службы ўсе паедуць на могілкі, сьвятар будзе асьвячаць магілы. Кожны пакладзе фарбаванае яйка. На некаторых магілках разгаўляюцца, але, у нас не прынята, толькі сьвятар ходзіць і асьвячае”.

Беларуская дзялянка ёсьць на гарадзкіх могілках у Кліўлэндзе. Гаворыць Міхась Белямук, які непасрэдна спрычыніўся да справы набыцьця ўчастка зямлі.

(Белямук: ) “Доўгі час мы ня мелі сваіх могілкаў, хавалі на гарадзкіх могілках у розных мейсцах. У 1975 годзе купілі нарэшце мейсца на гарадзкіх могілках і зрабілі там сабе беларускую дзялянку. Там пахаваныя Каханоўскія Яўген і Іна, Аляксандр Лук'янчык, Лукашэвіч і іншыя нашыя дзеячы.

Мы заўжды ходзім туды ў нядзелю перад Радаўніцаю.

Там паставілі помнік Жыровіцкай Божай Маці, у нядзелю служым паніхіду пры гэтым помніку, а потым сьвятар абыходзіць магілкі і асьвячае".

***

Уласную беларускую дзялянку маюць на агульных могілках беларусы ў аўстралійскім горадзе Мэльбурн, дзе пахаваны паэт Алесь Салавей.

Беларускія могільнікі ў замежжы, пра якія мы тут гаварылі, маюць сваю выразную адметнасьць, усе надпісы там зробленыя на беларускай мове, што рэдка сёньня можна пабачыць нават у самой Беларусі.

На Радаўніцу служба ў цэрквах і ўшанаваньне памяці памерлых вядзецца там па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG