Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падчас вайны нас выратавалі ад сьмерці простыя нямецкія салдаты”


Валянцін Жданко, Менск

Галоўная тэма нашай сёньняшняй размовы – некаторыя моманты беларускай гісторыі апошніх дзесяцігодзьдзяў ва ўспамінах яе сьведкаў, нашых слухачоў. Пачну зь ліста ад Тамары Шчарбаковай з Ушачаў Віцебскай вобласьці. Слухачка піша:

“Пачула сёньня па беларускай Свабодзе перадачу пра пахаваньні нямецкіх салдат у Беларусі. Мяне вельмі хвалюе гэтая праблема. Мне 71 год. Я была дзесяцігадовай дзяўчынкай, калі бабуля мне паказвала нямецкія магілы ля вёскі Мікалаева Шумілінскага раёну, што побач зь мястэчкам Ула. Памятаю, калі мы праходзілі ля таго месца, бабуля, якая была вельмі набожная, спынялася, станавілася на калені і малілася. А мне тлумачыла: “Гэта — такія ж людзі, як і мы. Таксама чыесьці дзеці, бацькі, браты. Можа, яны і не хацелі ваяваць, а іх прымусілі”. Магіл было некалькі дзясяткаў. На магілах крыжы, на крыжах — каскі”.

Далей Тамара Шчарбакова распавядае пра тое, чаму ў яе, хоць яна дзяўчынкай перажыла вайну, не захавалася ніякай нянавісьці да немцаў. Слухачка піша:

“Да вайны мая мама працавала настаўніцай. Яе вучань і аднафамілец падчас акупацыі быў у воласьці сакратаром. Як потым выявілася, ён быў зьвязаны з партызанамі, і да партызанаў уцёк. Пасьля гэтага пачыліся арышты. Прыйшлі і да нас у хату, загадалі зьбірацца ва Ўлу. Я стала плакаць, прасіць немцаў, каб не забіралі. Маёй сястрычцы Сьветачцы было тады ўсяго два годзікі. Высокі малады немец паглядзеў на нас, а потым сказаў маме, каб мы хуценька сышлі з хаты, нібы яны нас не засьпелі. Так мы і ўратаваліся. А потым нас забралі на партызанскую тэрыторыю”.

Яшчэ адзін выпадак, які апісвае ў сваім лісьце Тамара Шчарбакова, адбыўся ў 1944 годзе, калі немцы адступалі на захад. Слухачка піша:

“Я хварэла на тыф і была на мяжы сьмерці. Немцы, адступаючы, гналі нейкіх кароваў і прымусілі жанчын іх даіць. Мама даіла і плакала. Адзін немец пацікавіўся, у чым справа. Мама распавяла пра мяне. Немец аказаўся фэльчарам. Прыйшоў да нас у хату. Я ляжала на падлозе, на саломе. Поўна вошай. Я спалохалася. Мама мяне супакойвала. Фэльчар стаў на калені, агледзеў мяне. Даў маме лекі, а мне цукеркі, накшталт шашачак. Я і па сёньня выразна памятаю тыя цукеркі... Мама вельмі часта ўспамінала гэтыя два выпадкі, калі простыя нямецкія салдаты выратавалі нас ад сьмерці”.

Ведаю, спадарыня Шчарбакова, што падобных гісторый вельмі шмат. На жаль, доўгі час згадваць пра гэта было нельга. Ды і цяпер тэма вайны ў Беларусі — гэта ў асноўным высакамоўныя мэмуары пра подзьвігі, штогадовыя пампэзныя парады ды яшчэ нянавісьць да пераможаных.

Нянавісьць сярод значнай колькасьці былых удзельнікаў вайны такая вялікая, што і сёньня яны ня хочуць пагадзіцца з тым, каб на месцы пахаваньня былых салдат нямецкай арміі зьявіліся крыжы. Хоць ні ў якія нормы ні хрысьціянскай, ні проста чалавечай маралі гэтая зацятая сьляпая нянавісьць ня ўпісваецца. Магчыма, калі б шырэй была вядомая і такая вось праўда пра мінулую вайну, якой падзялілася ў сваім лісьце Тамара Шчарбакова, тады і нянавісьці было б меней.

Наступны ліст — ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Апошні час у Беларусі афіцыйныя гісторыкі, выконваючы замову ўладаў, зноў спрабуюць паставіць пад сумнеў сталінскія злачынствы, віну дыктатара за масавыя забойствы нявінных людзей. Павал Сац у сувязі з гэтым згадвае такі эпізод свайго дзяцінства:

“Дагэтуль памятаю: прывезьлі сваякі з Ільвова нейкі часопіс, я знайшоў у ім партрэт Сталіна, выразаў нажніцамі і павесіў на сьцяне. Бацька як убачыў, дужа раззлаваўся, і такую “лекцыю” прачытаў мне папругай, што я запомніў на ўсё жыцьцё. “Каго ты, кажа, павесіў — бандыта? Ты ведаеш, колькі людзей ён замарыў голадам ва Ўкраіне, кольгі згніло ў сыбірскіх лягерах ні за што?”

Распавёў мне бацька і пра тое, як расстрэльвалі ды ссылалі людзей і ў нашай мясцовасьці пасьля таго, як у 1939 годзе сюды прыйшлі бальшавікі. Расказаў пра Шапятоўку, дзе таксама расстрэльвалі. Пры немцах магілы ўскрывалі. Целы яшчэ не пасьпелі раскласьціся, можна было пазнаць пахаваных. Немцы давалі транспарт і вазілі людзей на апазнаньне. Езьдзілі туды і з нашай Берасьцейскай вобласьці”.

У сваім лісьце Павал Сац даслаў і некалькі прыпевак пра сталінскі час і пра жыцьцё ў калгасе, якія пачуў некалі ў сваёй вёсцы Асавая Маларыцкага раёну. Ёсьць сярод прыпевак і такая:

“У нашым калхозе вельмі добра жыць:
Дзесяцёра робяць, а сто — ляжыць.
А як сонца прыпячэ, і тых дзесяць уцячэ”.

“Шкада, — піша Павал Сац, — што захаваліся гэтыя прыпеўкі толькі ў вуснай форме, і з часам яны, напэўна, забудуцца”.

Заўважу, што за кожную такую прыпеўку, як, зрэшты і за паказальны ўрок гісторыі, выкладзены вам, спадар Сац, вашым бацькам — калі б тое стала вядома НКВД, у той час можна было атрымаць прынасі гадоў дзесяць сыбірскіх лягераў. І тым ня менш, многія людзі зусім цьвяроза ацэньвалі тое, што адбываецца наўкол, і нават знаходзілі сілы жартаваць і пасьміхацца зь бязглуздых камуністычных экспэрымэнтаў.

Ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі. Слухач піша:

“Пажадана, каб вы не засяроджваліся на праблеме правоў чалавека ў Беларусі, а больш распавядалі пра тое, як справы ў гэтай галіне ў суседзяў — і рабілі параўнаньне”.

Міхаіл Леках ужо доўгі час вядзе змаганьне за правы расейскамоўных жыхароў Латвіі. Латвійскае заканадаўства аб грамадзянстве, якое вымагае ад прэтэндэнта на латвійскі пашпарт абавязковага валоданьня латыскай мовай, спадар Леках лічыць дыскрымінацыйным і параўноўвае яго з законамі, паводле якіх ажыцьцяўлялі перасьлед габрэяў у нацысцкай Нямеччыне. А вось сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі слухач лічыць амаль узорнай. Ён нават склаў і даслаў нам адмысловую табліцу з параўнаньнем трох краінаў датычна розных сацыяльных сфэраў.

Вось, напрыклад, разьдзел “Адукацыя”. Пра становішча ў гэтай сфэры ў Латвіі Міхаіл Леках піша: “Вышэйшая дзяржаўная адукацыя на расейскай мове ліквідаваная. З 2004 году расейскія сярэднія школы прымусова пераводзяцца на латыскую мову”. Насупраць слухач напісаў пра становішча ў Беларусі: “Вышэйшая і сярэдняя адукацыя на беларускай і расейскай мовах”.

Памыляецеся, спадар Леках. Няма ў Беларусі беларускамоўных вышэйшых навучальных установаў — ні дзяржаўных, ні прыватных. Да таго ж у большасьці гарадоў паступова ліквідоўваюць і беларускамоўныя сярэднія школы. Падлеткі, якія скончылі беларускамоўныя клясы, ня маюць у Беларусі магчымасьці працягваць адукацыю на роднай мове.

Яшчэ адзін разьдзел з табліцы Міхаіла Лекаха — “Забарона на прафэсіі”. У Латвіі, паводле зьвестак слухача, “чвэрць насельніцтва церпіць ад такіх забаронаў — ня можа займаць пасады дзяржаўных чыноўнікаў, судзьдзяў, паліцэйскіх”. У Беларусі, лічыць слухач, абмежаваньняў няма.

І тут вы ня маеце рацыі, спадар Леках. Жорсткія абмежаваньні існуюць, толькі не паводле наяўнасьці альбо адсутнасьці нацыянальнага пашпарту, як у Латвіі, а паводле ляяльнасьці да рэжыму. Вядомыя сотні выпадкаў, калі людзі гублялі працу альбо выключаліся з навучальных установаў толькі за тое, што ўдзельнічалі ў вулічных акцыях апазыцыі альбо ўступілі ў апазыцыйную арганізацыю.

На заканчэньне — ліст ад Віктара Баранава з Рагачова. Слухач разважае пра заняпад нацыянальнай культуры. Асабліва яго абурае тое, што ўвесь беларускі радыёэфір заняты расейскамоўнымі забаўляльнымі станцыямі, якія перадаюць у асноўным моладзевую поп-музыку. Слухач з гэтай нагоды піша:

“На радыё адбылася акупацыя. Усе гэта ведаюць, бачаць, але маўчаць. Дзіўная справа. Я разумею, калі маўчалі ў час Сталіна — тады ўсе баяліся. А цяпер баяцца, здаецца, няма чаго. Калі б усе выступілі з пратэстамі супраць зьнішчэньня нашай культуры, ніхто іх за гэта не расстраляў бы. Але не. У нас дзіўныя людзі: пакуль ім не загадаюць “зьверху” — ніхто слова ня скажа. А на радыё тым часам слухаць няма чаго, апроч прагнозу надвор’я”.

Да нядаўняга часу ў FM-дыяпазоне была адзіная беларускамоўная станцыя — “Сталіца”. Некалькі тыдняў таму ня стала і яе: начальства на дзяржаўным радыё палічыла, што гэтыя частоты трэба аддаць яшчэ адной камэрцыйнай расейскамоўнай станцыі.

Увогуле, дзяржаўнае радыё — толькі адна з галінаў, у якой вядзецца актыўнае вынішчэньне ўсяго беларускага. Гэты працэс цяпер ахапіў усе грамадзкія сфэры — адукацыю, друк, кнігавыданьне, вонкавае аздабленьне гарадоў і вёсак... Чаму з гэтай прычыны не пратэстуюць людзі?

Гэта, спадар Баранаў, старое пытаньне, на якое дадзена так шмат адказаў, што паўтарацца няма сэнсу. Заўважу толькі, што вось вы, чалавек, якога, адчуваецца, шчыра хвалюе лёс нацыянальнай мовы, а свае лісты на Свабоду пішаце па-расейску. Калі сумленна адкажаце сабе — чаму? — атрымаеце адказ і на іншыя свае пытаньні наконт стаўленьня да мовы ў сёньняшнім беларускім грамадзтве.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG