Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як захаваць спраўнасьць мозгу да старасьці?


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніюс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё пераўтварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароўе? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым перыядам жыцьця, як і маладосьць? Пра гэта ў перадачы Міколы Іванова “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

Мозаг – гэта ня толькі самы складаны ворган цела чалавека, але да апошняга часу і найменш дасьледваны сучаснай мэдычнай навукай. Мозаг – гэта таксама той ворган, на якім працэсы старэньня найбольш відавочныя. Паслабленьне зроку, слыху, памяці, функцыяў руху і інш. – усё гэта вынікі працэсаў старэньня мозгу.

Апошнім часам, аднак, навукоўцы зрабілі новы выразны якасны крок наперад у вывучэньні праблемаў функцыянаваньня і старэньня мозгу чалавека. У выніку лябараторных дасьледваньняў пацьвердзілася, што з гадамі клеткі галаўнога мозгу зьмяняюцца, што сувязі паміж імі паслабляюцца. Але памылковым поглядам зьяўляецца сьцьвярджэньне аб тым, што працэсы старэньня галаўнога могзу нельга затрымаць. Цяпер існуе даволі шмат спосабаў, якія дазваляюць захаваць спраўнасць галаўнога мозгу да старасьці.

Першыя азнакі старэньня галаўнога мозгу назіраюцца пасля 30 гадоў, але адчувальныя працэсы старэньня пачынаюцца пасля 65 гадоў. Мозаг пачынае губляць штодня да 10 тысячаў нэўронаў (нэрвовых клетак галаўнога мозгу). Але нядаўна навукоўцы адкрылі, што скарачэньне колькасьці нэўронаў зусім не так небяспечнае. Больш за тое, мозаг пры адпаведным стылі жыцьця здольны сам ствараць новыя нэўроны.

Адзін зь вядомых сучасных дасьледчыкаў мозгу Лёўрэнс Уольлі з унівэрсытэту гораду Абэрдзін у Шатляндыі лічыць, што затрыманьне працэсаў старэньня галаўнога мозгу цалкам рэальнае. Трэба толькі падтрымаць тыя нэрвовыя клеткі, якія захавалі здольнасць да рэпрадукцыі. Як зрабіць гэта? Над вырашэньнем гэтай захачы працуюць цяпер тысячы навукоўцаў ува ўсім сьвеце.

З гадамі вага чалавечага мозгу зьмяншаецца. Калі мозаг 50-гадовага чалавека важыць 1400 грамаў, дык 15 гадоў пазьней ён важыць ужо толькі 1200 грамаў. Штогод ён губляе да 0,55% сваёй вагі. Але навукоўцы высьветлілі, што клеткі мозгу ў працэсе скарачэньня яго вагі губляюць толькі ваду, якая ўваходзіць у іх склад, але не зьмяняецца іх структура і хімічны склад.

Марк Матсан з Амэрыканскага нацыянальнага Інстытуту геранталёгіі сьцьвярджае, што страта вады клеткамі галаўнога мозгу нэгатыўна дзейнічае на спраўнасьць дзеяньня дандрынаў. Дэндрыны – гэта тонкія валакністыя адросткі ад клетак. Яны перадаюць сыгналы ад іншых клетак. Дэндрыны розных клетак зьвязваюцца паміж сабой і ствараюць так званы сынапсыс. Чым лепшае функцыянаваньне сынапсысаў, тым спраўнейшы мозаг чалавека.

Страта вады клеткамі мозгу (нэўронамі) аслабляе дзеяньне сынапсысаў. І таму людзі сталага веку маюць правалы ў памяці, адчуваюць цяжкасьці ў фармуляваньні складаных сказаў, паволі рэагуюць на падзеі, якія адбываюцца вакол іх.

Прафэсар Дональд Гіл, дырэктар Нью-Ёрскага Інстытуту дасьледаваньня працэсаў старэньня параўноўвае тое, што адбываецца ў чалавечым мозгу з кампутарам: “З гадамі аб’ём цьвёрдага дыску не зьмяняецца, але зьмяншаецца хуткасць кампутарнага працэсара”.

У выніку запавольваюцца працэсы пошуку ў памяці назапашанай там інфармацыі. Заняткі, якія патрабуць разьдзяленьня ўвагі для людзей сталага веку робяцца больш складанымі, чымся для дзяцей. Дзеці з такой лёгкасьцю могуць глядзець тэлевізар, слухаць музыку і адначасна рыхтавацца да заўтрашніх школьных заняткаў.

Апошнія дасьледаваньні Нью-Ёрскага Інстытуту ў галіне працэсаў старэньня сьведчаць аб тым, што самае небясьпечнае для мозгу – скарачэньне колькасьці сынопсысаў (спалучэньняў паміж нэўронамі). Але сынаптычныя спалучэньні ад штодзённага ўжываньня ўзмацняюцца. Вось чаму нэўролягі сьцьвярджаюць, што вельмі важная штодзённая трэніроўка мозгу нават у сталым веку.

Адным з самых выдатных дасягненьняў апошніх гадоў у галіне нэўралёгіі было адкрыцьцё вучонымі Ўнівэрсытэту Арызоны фэномэна нараджэньня ў мозгу чалавека новых нэрвовых клетак. Яны вывучалі мозаг сямі нядаўна памёрлых асобаў і ў кожным зь іх знайшлі сьведчаньні нараджэньня штодня ад некалькіх сотняў да тысячы новых нэўронаў.

Такім чынам, несапраўдным аказалася так укаранёнае ў штодзённай сьвядомасьці людзей сьцьверджаньне аб тым, што “нэрвовыя клеткі не аднаўляюцца”. Аднаўляюцца, і як лічаць арызонскія навукоўцы, пры адпаведным узьдзеяньні на мозаг новапаўсталыя клеткі могуць поўнасьцю замяніць зьніклыя.

Падсумоўваючы апошнія дасягеньні мэдыцыны ў галіне вывучэньня галаўнога мозгу чалавека, доктар Джэфры Камінгс з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэласе гаворыць: “У здаровага чалавека пагаршэньне стану мозгу мінімальнае. Шматлікія праблемы з мозгам зьяўляюцца ня вынікам старэньня, а вынікам іншых агульных хваробаў арганізму. Гэта цяпер бясспрэчны факт. Падчас жа нармальнага працэсу старэньня, - падкрэсьлівае доктар Камінгс, - мозаг захоўвае ўнікальную спраўнасць. Гэта найважнейшы ворган, які адказны за нармальнае дзеяньне ўсіх іншых ворганаў цела, і таму ён значна лепш забясьпечаны ад старэньня.”

Вынікам апошніх дасягненьняў мэдыцыны ў галіне вывучэньня мэханізмаў старэньня мозгу стала распрацоўка некалькіх дзясяткаў мэдычных прэпаратаў, якія процідзеюць працэсам яго старэньня, а таксама актывізуюць ягоныя функцыі. Пра тое, як яны дзейнічаюць, каму і як рэкамэндуецца іх ўжываць, а таксама пра рэкамэндацыі вядомых нэўролягаў: як захаваць спраўны мозаг да старасьці, мы раскажам у наступнай перадачы сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароўі:

1. Калі вы любіце хадзіць на высокіх абцасах, памятайце, што гэта пагражае здароў’ю вашых каленных суставаў і павялічвае магчымасць артрыту. “Realage” папярэджвае: ня мае значэньня, ці ходзіце вы на шырокіх, ці тонкіх абцасах. Галоўнае іх вышыня. Чым больш яны высокія, тым больш вы абцяжарваеце свае каленныя суставы. Калі вы хочаце захаваць каленныя суставы здаровымі, паспрабуйце як мага менш часу хадзіць на абцасах вышынёй больш за 6 см. “Realage” сьцьвярджае, што павышаная ўвага да стану здароўя можа зрабць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 8 гадоў маладзейшым.

2. Ці храпіце вы ўначы? Калі так, памятайце, што гэта можа мець дрэнныя наступствы для вашага здароў’я. Экспэрты “Realage” папярэджваюць, што храп – гэта хвароба, якую трэба лячыць. Храпеньне перашкаджае нармальнаму глыбокаму сну. Шматлікія ворганы арганізму ня могуць у сувязі з гэтым нармальна рэгенэравацца. Раніцай чалавек, які храпеў усю ноч, не адчувае, што ён адпачнуў. Realage папярэджвае, што храпеньне асабліва павялічвае небяспеку аўтамабільнай аварыі для кіроўцаў. Невыспаны чалавек можа ў кожную хвіліну заснуць за рулём. Realage сцвярджае, што як мінімум 8 гадзінаў здаровага спакойнага сну штодня могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 3 гады маладзейшым.

3. Калі вы схільныя да запаленьня праcтаты, “Realage” рэкамэндуе ў якасьці эфэктыўнага прафіляктычнага сродку – стравы з рыбы з халодных мораў. Навукоўцы высьветлілі, што кіслата “амега –3”, якая ёсьць у тлушчы ласося, гарбушы і селядца, можа прадухіляць ня толькі запаленьні, але і рак прастаты. Падчас аднаго дасьледаваньня ў ЗША высьветлілася, што мужчыны, якія ядуць два разы на тыдзень тлустую рыбу з халодных мораў, у 2 – 3 разы менш хварэюць на рак прастаты, чымся людзі, якія рыбы не ядуць. Realage папярэджвае, што ўключэньне рыбы ў склад вашага мэню можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 2,5 гады маладзейшым.

4. Цёплыя сяброўскія адносіны ў сям’і спрыяюць разумоваму здароўю дзяцей. Дасьледаваньні брытанскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што дзеці, якія больш за 6 разоў на тыдзень рэгулярна елі ў сямейным асяродзьдзі, значна меньш зьвярталіся да лекараў-псыхіятараў, чымся тыя, хто не рабіў гэтага. Супольны сямейны стол і іншыя заняткі ў сямейным асяродку выразна спрыяюць мэнтальнаму і духоваму здароўю падлеткаў. “Realage” сьцьвярджае, што ўрэгуляваныя шчасьлівыя сямейныя адносіны могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,5 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG