(Антаненка: ) “А нас самых апошніх з хаты выганялі. Мы не хацелі зьязджаць, а хацелі ў сваёй хаце сядзець. Цялушка ў нас была. І тая цялушка стаяла на вуліцы, у гародзе паслася. А міліцыя сказала, што ўся нашая вёска вывезеная. Едуць яны, аж бачаць, што карова ходзіць. Зайшлі да нас і, лічы, нас гвалтам выгналі з хаты. Людзей, казалі, толькі на тыдзень павывозілі. Людзі ўсё ў хатах пакідалі, але болей іх туды не пусьцілі”.
(Карэспандэнт: ) “Вы ў сябе там бывалі пасьля 1986 году?”
(Антаненка: ) “Аднаго разу езьдзілі. Там ужо нічога няма. Добрыя хаты начальства сабе на дачы паразьбірала, а ўсё астатняе пазакопвалі й зрабілі поле”.
Валянціну Антаненку адсялілі ўсяго на 10 кілямэтраў у межах таго ж Нараўлянскага раёну. Сваю родную Радамлю яна зьмяніла на вёску Грушаўка. Тут спадарыня выйшла на пэнсію і цяпер жыве ў калгаснай хаце. Баба Валя пакрыўджаная на ўвесь белы сьвет:
(Антаненка: ) “Выселілі нас і грошы такія далі за хату, што божа мой! І кватэры не далі. А ўсе грушаўцы ў сваіх хатах сядзяць, і ў кожнага кватэра ёсьць. Яны трымаюць кватарантаў і бяруць даляры. Вось такія, сынок, цяпер законы. Я і ў сельсавет хадзіла, і ў Нароўлю езьдзіла. А яны мне: “Чарга, баба, твая яшчэ далёка”. Вось толькі да Шлягі яшчэ не хадзіла. Але ўсё адно бессэнсоўна да яго ісьці”.
(Карэспандэнт: ) “Хто такі Шляга?”
(Антаненка: ) “Раённы той… прэзы… не-не-не! Не прэзыдэнт! Самы галоўны начальнік у райвыканкаме. Так і сёньня я жыву ў калгаснай хатцы. Печ абвалілася, і груба абвалілася. Трэба гэта ўсё выпраўляць. А цяпер паспрабуй наняць гэтых печнікоў. Яны столькі загадваюць!”
Здавалася б, якой-якой, а праблемы з жытлом у радыяцыйна забруджаных раёнах быць не павінна. У вёсках поўна закінутых хатаў і пустых нованабудаваных катэджаў. Атрымай у сельсавеце дазвол, выбірай любы дом — і сяліся.
У 1986 годзе, калі выбухнула Чарнобыльская атамная электрастанцыя, пацярпелых вывозілі ў далёкія вёскі й мястэчкі. Асабліва шчасьлівыя сталі гараджанамі. Муж Жазэфы Беднаш быў ліквідатарам. Гэта дый тое, што яна — маці пяцёх дзяцей, дапамагло атрымаць кватэру. Але спадарыня жыве ня ў гомельскай трохпакаёўцы, а ў сваёй роднай хаце.
(Беднаш: ) “Мне далі кватэру ў Гомелі, але я яе прадала. На шостым паверсе трохпакаёвую кватэру паспрабуй сёньня ўтрымаць. Я атрымліваю 100 тысяч пэнсіі — аддай за кватэру, а сам што? Пальца сасаць? Толькі й падай з шостага паверху і ўбівайся. Бо няма за што жыць”.
(Карэспандэнт: ) “А здароўе як?”
(Беднаш: ) “Слабае: ногі баляць, галава частка баліць, пальцы павыкручвала. Бачыце, нейкія падвоеныя косткі панаросталі! А ад чаго гэта? Ад радыяцыі. Ужо гады. Трэба, каб балела. Сьмерці ж без прычыны не бывае. Трэба, каб нешта забалела і памёр”.
(Карэспандэнт: ) “А радыяцыя адчуваецца?”
(Беднаш: ) “Нам усё адно. Мы нічога не адчуваем. А нашыя, якія пазьяжджалі ў чыстую зону, паміраюць там. Так, лепей жыць тут і нікуды не зьяжджаць. А калі памёр — значыць, прыйшла твая сьмерць”.
Жазэфа Беднаш у сваю гомельскую кватэру нават не засялялася. А вось Алене Васіленцы прыйшлося паезьдзіць па роднай Беларусі. Урэшце ўсё адно вярнулася на малую радзіму. Працуе ў Грушаўцы эканамістам. Гадуе дзяцей і кажа, што ні пра што не шкадуе.
(Васіленка: ) “Нам кватэры не давалі. Мы яе шукалі самі. І зьяжджалі ў Берасьцейскую вобласьць, вёска Судзілавічы. Пабылі там год, не пабадалася. Усе сем’і (нас там пяць сем’яў пераяжджала) вырашылі вяртацца назад. Вось мы й прыехалі. Каму кватэраў не далі, усе засталіся жыць тут. А каму далі — павыяжджалі. Станавіліся на чаргу, каб атрымаць кватэру ў горадзе. Нам яе не далі”.
(Карэспандэнт: ) “А чаму ня выдзелілі? Нібыта ўсім перасяленцам абяцалі кватэры…”
(Васіленка: ) “Так атрымалася. Колькі разоў я і ў Гомель, і ў Менск скаргі пісала! А тут у Нароўлі ўжо прыйшла на прыём. Яны мне сказалі: “Вам кватэра выдзеленая, вам ужо паведамленьне пра гэта накіраванае”. І па сёньня тое паведамленьне ідзе. І кватэры няма. Так мы тут і засталіся. Маці з бацькай тут жывуць. Бяром мы тут і грыбы, і ягады. Папросту люблю я ў грыбы хадзіць, і дзеці любяць”.
(Карэспандэнт: ) “А як жа здароўе?”
(Васіленка: ) “На здароўе ніхто не зьвяртае ўвагі. Ямо ўсё!”
(Карэспандэнт: ) “А на здароўі чалавека гэта нейкім чынам адбіваецца?”
(Васіленка: ) “І галава баліць, млосна становіцца. А што тыя таблеткі? Як шчытападобную залозу лечыш, дык іншае калечыш”.
Зь перасяленкай пагутарыў, зь вяртанкаў — таксама. У Грушаўцы ёсьць яшчэ адная катэгорыя людзей. Гэта тыя, хто нікуды зьяжджаць не зьбіраўся. Прыкладам, Іосіф Маліноўскі ўсё жыцьцё так і пражыў у звычайнай вясковай хаце. Нават думкі ў яго не было спакусіцца на гарадзкую кватэру ці абсталяваны катэдж.
(Маліноўскі: ) “У нас тут зона, а лазьні гадамі няма. Пайшоў бы памыўся, але няма дзе. Ваду п’ямо з калодзежаў сваіх, а там багата нітратаў. А калёнкі ў нас не працуюць. Камунгас з Нароўлі прыехалі — іх і пафарбавалі, якія не працуюць, і зьехалі. А сёлета прыехалі й зусім іх пазразалі. І гэта замест таго, каб адрамантаваць”.
(Карэспандэнт: ) “А людзі баяцца радыяцыі?”
(Маліноўскі: ) “Хто баяўся, паўцякалі. А мы засталіся ды жывем”.
(Карэспандэнт: ) “Зьмены ў здароўі адчуваеце?”
(Маліноўскі: ) “Сьпіна адчуваецца, у грудзях стала балець”.
(Карэспандэнт: ) “Зьвярнуліся бы да доктара”.
(Маліноўскі: ) “Хадзіў, а ён мне кажа: “Табе 70 гадоў. А тыя яшчэ хочаш, каб у цябе здароўе было?” Хварэюць усе. Асабліва шмат на ногі наракае. А большасьць памірае ад раку”.
Хто ня мае ніякіх прэтэнзяў да жыцьця ў Грушаўцы, дык гэта перасяленцы з абшараў колішняга Савецкага Саюзу. Усіх іх без разбору тут называюць “казахамі”. Папросту людзей, якія прыехалі менавіта з гэтай краіны, тут болей за іншых — пяць сем’яў. Пры бліжэйшым разглядзе тыя ж казахі збольшага аказваюцца расейцамі. Пасьля войску лёс закінуў разанскага хлопца Аляксандра на цаліну. А празь некалькі дзесяцігодзьдзяў ён перабраўся ў Беларусь.
(Карэспандэнт: ) “Чаго вы з Казахстану сюды пераехалі?”
(Аляксандар: ) “У нас там навокал уранавыя капальні. Заробкаў там ня плацяць”.
(Карэспандэнт: ) “І тут з заробкамі, нібыта, ня лепей”.
(Аляксандар: ) “Але тут хоць нешта атрымліваеш. Я адзін тут у дамку жыву. Агародзік саджу. Бульбу вырошчваю”.
(Карэспандэнт: ) “Не баяцеся вырошчваць у бруднай глебе?”
(Аляксандар: ) “Не. Што будзе, тое ўжо і будзе. І там у нас радыяцыя. Але тут яе кантралююць, а там — не. І там людзі хварэюць на такія ж хваробы, як і тут”.
(Карэспандэнт: ) “Як мясцовыя людзі да вас ставяцца?”
(Аляксандар: ) “Я наконт гэтага не крыўджуся. Тут лепей, чым у Казахстане. Там казахі, а тут мы аднолькавай праваслаўнай веры”.
Што да праваслаўнай веры, гэта казаскі разанец Аляксандар загнуў. Грушаўка — паселішча каталіцкае. Пра гэта здагадваесься паводле імёнаў і прозьвішчаў насельнікаў. А на адной з вуліцаў можна пабачыць і адбудаваны касьцёл. 83-гадовая Аўгеньня Лісоўская якраз вярталася з імшы.
(Лісоўская: ) “Ах, мой сыночак! Бачыце, ідзем з касьцёльчыку. Службу адправілі й ідзем дадому. Просім Бога за ўсіх — добрага здароўя. А здароўе слабенькае-слабенькае. Рук ужо, мой сынок, няма, і ног няма — ніяк яны не перагінаюцца. Просім за ўраджай і за людзей, каб маладыя прыхінуліся да Бога. Каб было ціха на сьвеце. Каб людзі адно аднаго любілі й паважалі”.
(Карэспандэнт: ) “Даўно ў вас касьцёл пабудавалі?”
(Лісоўская: ) “Гадоў ужо пяць”.
(Карэспандэнт: ) “Шмат людзей ходзіць?”
(Лісоўская: ) “Адразу было багата, а цяпер ужо людзі павыміралі. Нашага грушаўскага народу засталося толькі дзясятая частка, а ўсе астатнія — прыбышы”.
(Карэспандэнт: ) “Сельсавет пра вас, можа, клапоціцца?”
(Лісоўская: ) “Плот мне толькі паставілі. А дровамі нас не забясьпечваюць. А сёньня тутю няшчасную машынку выпісаць — 60 тысяч. А яшчэ пакуль мне парубуюць ды складуць, атрымаецца, атрымаецца 100 тысяч. Вось так купляем і топім, бо мерзьці ня хочацца”.
Адрозьненьне Грушаўкі ад іншых вёсак яшчэ і ў тым, што тут няма назваў вуліцаў і нумароў дамоў. У паселішчы на сьцяне кожнай з сотні жылых хатаў фарбай напісаныя чатыры лічбы. Пра нейкую пасьлядоўнасьць казаць ня варта — гэта пэрсанальны код спажыўцоў газу. Але знайсьці фэльчарска-акушэрскі пункт было нескладана. Дапамагло тое, што новы будынак узьведзены паводле тыповага праекту. Тут я пазнаёміўся з фэльчаркай Ганнай і санітаркай, якая не назвала свайго імя. Цікавая была ня гэтак нашая гутарка, колькі рэпэтыцыя да яе. Тут не абышлося без сапраўдных перамоваў адносна таго, пра што я буду пытацца і як мэдычка будзе адказваць. Фэльчарка баялася мікрафону, а санітарка настаўляла яе, што і як казаць.
(Карэспандэнт: ) “Я вам задам пытаньне пра тое, на што людзі хварэюць, якія хваробы?”
(Фэльчарка: ) “А раптам я няправільна адкажу?!”
(Санітарка: ) “Трэба казаць, што паніжаны імунітэт”.
(Фэльчарка: ) “Так, у гэтыя пэрыяд часу ў нас усе дзеці перахварэлі і на нэўманію і на бранхіт”.
(Карэспандэнт: ) “Пасьля я задам вам пытаньне: чым можа дапамагчы ФАП?”
(Санітарка: ) “Першую дапамогу аказалі, а пасьля выклікаюць хуткую”.
(Карэспандэнт: ) “Вось так і скажаце?”
(Санітарка: ) “Скажа! Яшчэ што?”
(Карэспандэнт: ) “Запытаюся пра радыяцыю. Ці ведаюць людзі пра небясьпеку? Вы зь імі нейкія гутаркі праводзіце?”
(Санітарка: ) “Праводзім”.
(Фэльчарка: ) “А вы па-беларуску размаўляеце, а я на зьмешаным языку”.
(Карэспандэнт: ) “Супэр вы размаўляеце! Вось так і працягвайце!”
(Фэльчарка: ) “Я ўвесь час хачу размаўляць па-беларуску, але ў мяне ўсё адно нічога не атрымліваецца”.
(Карэспандэнт: ) “Будзем трэніравацца!”
(Фэльчарка: ) “Я павінна яшчэ словы ўспомніць. Бачыце, як вы гаворыце, так і я пачынаю размаўляць”.
Пасьля шматлікіх трэніровак мы ўсё ж запісалі гутарку пра здароўе жыхароў Грушаўкі і пра ровень мэдычнай дапамогі. Санітарка й фэльчарка згадзіліся правесьці мяне й паказаць дарогу зь вёскі.
(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі!”
(Фэльчарка: ) “Размаўляйце на беларускай мове! Мне гэта вельмі нравіцца… падабаецца!”
(Карэспандэнт: ) “І вы таксама размаўляйце па-беларуску. Мне гэта таксама вельмі падабаецца”.
(Фэльчарка: ) “Добра, пастараемся”.
(Карэспандэнт: ) “Да пабачэньня!”
(Санітарка: ) “Шчасьліва!”