Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страдубка


Ягор Маёрчык, Страдубка

Лоеўшчына – мясьціны майго дзяцінства: школьныя канікулы; бабуля зь дзядулям; рыбалка на Дняпры й начная юшка.

Пасьля гасьцяваньня ў Страдубцы – гэта першае буйное паселішча Лоеўскага раёну – меўся рушыць далей. Але дарогу перагарадзілі міліцыянты.

Усё было як ў кіно. На машыне з танаваным шклом яны імчаліся ажно з самага райцэнтру. Заўважылі мяне на дарозе й пачалі тармазіць. Закруцілі такі ліхі віраж, што сустрэчны трактар, які вёз прычэп гною, ледзь разьмінуўся з ахоўнікамі парадку. Павыскоквалі з машыны. Усе такія ў форме й з табэльнаю зброяй. Колькі гонару! На затрыманьне выехаў сам намесьнік начальніка аддзелу ўнутраных справаў.

Сюпрыз №1. Мы разумеем адно аднаго. Моўнай праблемы няма.

Сюпрыз №2. У мяне пашпарт грамадзяніна Беларусі й я – журналіст, а не падазроны тып, які плянаваў перайсьці дзяржаўную мяжу. Ім давалі менавіта такую наводку.

Адзінае, што турбавала прадстаўнікоў МУС, ці не здымаў я калгасныя палі? Праверылі мае рэчы. Пераканаліся, што нават фотаапарату няма. Разьвіталіся й імгненна зьніклі.

Чаго яны так пякліся пра тыя палеткі? – запытаецеся вы.

Тлумачэньне вельмі простае: тут закапаная дзяржаўная таямніца раённага маштабу. З палёў дагэтуль не прыбралі цыбулю й моркву. А ў гэты час, афіцыйная статыстыка рапартуе, што ўсе працы на зямлі даўно завершаныя.

Цэлымі месяцамі з ураджаем беспасьпяхова змагаліся прыезныя жыхары Рэчыцы, Лоева, а таксама тутэйшыя школьнікі.

Дамо слова жыхарцы Страдубкі Тамары Марчанка.

(Марчанка: ) “Нашыя школьнікі на працягу амаль усёй чвэрці былі на сельгаспрацах. Калі дажджы былі. І калі 20 дзён адвучыліся за чвэрць – гэта цудоўна! А тое яшчэ і меней. Калі яны будуць вучыцца?! Як яны будуць паступаць?! Апошнім часам, як толькі куды-небудзь конкурс болей за 3 чалавек, так дзеці ўсё й завальваюць, бо яны амаль ня вучацца ў школе. Гэта дзікунства! Валасы ўгару падымаюцца!”

Настаўнікі тутэйшай школы просяць не называць іхных імёнаў. А на ўмовах ананімнасьці дзеляцца назіраньнямі: якія бацькі, такія ў іх і дзеці. Няма грошай ў старэйшых – жабракамі становяцца й малыя.

(Настаўніца: ) “Няма чаго ім апрануць, няма чаго абуць. Самому выпадае і асадкі ім даваць, і паперку, каб напісалі пісьмовае заданьне. Я ведаю такіх дзяцей, якія ходзяць у шолу дзеля таго, што іх тут накормяць”.

(Карэспандэнт: ) “У краіне распачалася новая хваля ідэалягічнай працы. Што ў вас?”

(Настаўніца: ) “Што патрэбна рабіць? Патрэбна выхоўваць разуменьне той сытуацыі, якая зараз існуе ў нас; не забывацца казаць пра тое, што мы ідзем у правільным накірунку; што пазыцыя нашага прэзыдэнта – правільная”.

(Карэспандэнт: ) “Якая рэакцыя школьнікаў?”

(Настаўніца: ) “Дзяцей не абдурыш. Яны ўсё разумеюць. Яны ўсё бачаць. Дзеці нават болей разумеюць, чым некаторыя дарослыя”.

З ідэалёгіяй трэба закругляцца. На завяршэньне вырашаю наведаць вясковы вузел сувязі. Паштаркай тут працуе Сьвятлана Пуцімцава. Ня так даўно яна пераехала з Расеі. І здолела ўладкавацца толькі сюды.

(Карэспандэнт: ) “Што людзі чытаюць? Якія газэты выпісваюць?”

(Пуцімцава: ) “Якія прымушаюць выпісваць? Нас прымушаюць, каб мы рэклямавалі адну газэту – гэта “Советская Белоруссия”. Калі мы не набіраем патрэбную колькасьць асобнікаў, нас вымушаюць саміх выпісваць гэтыя газэты”.

(Карэспандэнт: ) “А раённая газэта карыстаецца папулярнасьцю?”

(Пуцімцава: ) “Яна танная, таму яе й выпісваюць. Там усё ўсюль у нас добра”.

(Карэспандэнт: ) “Як называецца раённая газэта?”

(Пуцімцава: ) “Серп і молат”.

(Карэспандэнт: ) “А народ яе як называе?”

(Пуцімцава: ) “Сьмерць і голад”.

Перасяленцы ў Старадубцы зьявіліся за некалькі гадоў да Чарнобыльскай катастрофы. Непадалёк тады будавалі Днепра-Брагінскае вадасховішча плошчаю ў тысячу гектараў. Паводле афіцыйнай вэрсіі – зь яго палівалі меліяраваныя землі. Аднак апроч гэтага, тут у рэжыме надзвычайнай сакрэтнасьці напярэдадні палётаў трэніраваліся савецкія касманаўты.

У лясочку, што непадалёк, некалі базавалася ракетная частка. У навакольных вёсках процьма сьведкаў таго, як тады на дне будучага вадасховішча вайскоўцы будавалі для сябе шахты, а саму глебу ўсьцілалі адмысловым покрывам. Каб схаваць гэтыя працы ад людзкіх вачэй, выселілі дзьве вёскі. Жыхары Нівы патрапілі ў Страдубку.

На новым месцы Мікалаю Марчанку перашкаджаюць прыжыцца туга па затопленнай роднай хаце й неўладкаванасьць цяперашняга жытла.

(Марчанка: ) “Паламаліся платы. А каб камунгас прыехаў і паставіў іх, такога няма”.

(Карэспандэнт: ) “А ў краіне праходзіць год добраўпарадкаваньня…”

(Марчанка: ) “Можа й адбываецца, ды толькі ня ўсюль. Наш бок вёскі – перасяленцы. Я сюды пераехаў у 83-м. Абяцалі нам дамы з усім: вада ў хаце. Нічога няма. Абсалютна!”

(Карэспандэнт: ) “І дагэтуль улады ня могуць выканаць свае абяцаньні?”

(Марчанка: ) “Стаяць калёнкі. Са сьнежня яны замярзаюць і да вясны няма вады. А грошы за ваду плоцім!”

(Карэспандэнт: ) “А дзе ж вы ваду берацё?”

(Марчанка: ) “Хадзілі ў раку”.

(Карэспандэнт: ) “…там жа брудная!”

(Марчанка: ) “Няхай і брудная, а трэба піць і худобе й чалавеку”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў Страдубцы добрага ёсьць?”

(Марчанка: ) “Няма нічога добрага праз тое, што людзі заціснутыя, закатаваныя, можна сказаць”.

Алена Лапо працуе ў дзьве зьмены. Цягам першай – прыбіральшчыца. Другая зьмена пачынаецца ўначы. Як на вуліцы стане цёмна і аднавяскоцы пасядуць у хатах перад тэлеэкранам, яна хуценька, каб ніхто не засьпеў за забароненым, шыбуе да калёнкі паласкаць бялізну. У ейным доме таксама вады няма. Але расповяд кабеты пра іншае.

(Лапо: ) “Сям’я ў мяне – 6 дзяцей. Старэйшая дачка нарадзіла й засталася ў мяне. Атрымліваецца, што дзьве сям’і. Дом у нас зусім маленькі. Прасілі кватэру. Але дырэктар мне сказаў, што я ў саўгасе не працую”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ можа куды зьвярталіся”.

(Лапо: ) “Пісала я ў адміністрацыю прэзідэнта. Спадзявалася, што дапамогуць нечым. Было расчараваньне. Адтуль прыйшоў ліст: маю скаргу накіравалі на Лоеў, чакайце адказу адтуль. Яны прыехалі й сказалі, што будуць зьбіраць савет працоўнага калектыву й будзем вырашаць. Нічога яны не вырашылі!”

(Карэспандэнт: ) “Пасьля гэтага спрабавалі зьвяртацца ў нейкія дзяржаўныя ўстановы?“

(Лапо: ) “Гэта ня мае аніякага сэнсу. Так яно ўжо будзе й надалей”.

(Карэспандэнт: ) “Зараз я знаходжуся на берадзе Дняпра. Гару, ля якой я стаю, можна лічыць унікальным месцам. Другая такая ёсьць толькі ў Аргентыне. Тут выходзіць на паверхню геалагічнае агаленьне.Узрост – 200 тысячаў гадоў. На глыбіні трох мэтраў бачны сьлед пароды, у якой захавалася болей за сто відаў старажытных расьлінаў, якія цяпер ўжо не растуць на зямлі. Назоў вёскі Страдубка мясцовыя жыхары расшыфроўваюць як Старыя Дубы. Яшчэ ня так даўно на тым месцы, дзе я зараз знаходжуся, быў дубровы гай. Але Дняпро падмавае высокі бераг, на якім вёска, і ён пакрысе рушыцца. Калі так будзе працягвацца, хутка можа зьнікнуць і сама вёска”.

Па Дняпры вадаплавы праходзіць у лепшым выпадку раз на год. Рыбакі зазначаюць: вада стала чысьцейшая й рыбы паболела. Але праблема ў тым, што чалавеку паспалітаму дазволена лавіць толькі вудаю. Прывілеі карыстацца сеткамі маюць адныя рыбылоўныя арцелі. Такія сёньня мае штопершая калектыўная гаспадарка. Ды толькі ад гэтага сьвежае рыбы на паліцах вясковых крамаў болей не становіцца. Вудаю ж можна напоўніць толькі патэльню. А гэта спадкаемныя рыбакі й за ўлоў ня лічаць.

А таму Анатоль Марчанка дзеліца не рацэптам рыбнай стравы, а парадаю, як ставіць на зіму “капустку бяз гвалту”.

(Марчанка: ) “Спачатку шынкую. Пасьля дадаю: моркву, соль, цукар, кмен. І акуратненька яе перамешваю. Самае галоўнае, што яе ня трэба пераціраць. Раней я стараўся яе дзесьці ціскануць рукамі. Гэтага рабіць непатрэбна! Капуста атрымліваеццв лепшая, калі перамяшаў і нідзе яе не пакалечыў, не ўжываў фзізычнае сілы. Праз тыдзень можна ўжываць яе ў ежу. Калі ласка, прашу пакаштаваць!”

Пакаштаваўшы “капутскі бяз гвалту” я пакрочыў ў будынак сельсавету. “Першы раз бачу жывога журналіста, раней да нас прыяжджалі толькі з раёнкі,” – шчыра прызналася часам знаёмства старшыня Сьвятлана Дзяхцярэнка.

Мая парапанова даць інтэрвію кабету засмуціла, і яны палічыла за лепшае параіцца са старшынём Лоеўскага райвыканкаму Сяргеем Мятліцкім:

(Дзяхцярэнка: ) “Сяргей Аляксандравіч, гэта – Страдубка, сельскі савет, старшыня. Да мяне прыехаў адзін прадстаўнік прэсы. Перад мной ягонае пасьведчаньне: “Рэспубліка Беларусь. Міністэрства замежных справаў. Пасьведчаньне аб акрэдытацыі. Прэса. Маёрчык Ягор. Радыё Свабода”. Ён хоча ўведаць, як улада на месцах працуе. Вось вырашыла вам патэлефанаваць. Што мне рабіць?”

Што рабіць, галоўны раённы вэртыкальнік растлумачыў некалькімі словамі й кінуў слухаўку. Пасьля гэтага Сьвятлана Дзяхцярэнка з прыкметным сумам у голасе заявіла мне наступнае:

(Дзяхцярэнка: ) “Сказалі, што вам патрэбны адмысловы дазвол. Мне бы вам і хацелася даць інтэрвію, але выбачайце”.

Калі ўлада ня хоча казаць пра саму сябе, дамо магчымасьць паразважаць на гэты конт Анатолю Долашаву. Пэнсіянэр. Краязнаўца. Чалавек, якога й сельсавет, і райвыканкам лічаць самым апантаным апазыцыянэрам Страдубкі.

(Долашаў: ) “Прыкладам, старшыня сельсавета… ня буду крыўдзіць і называць мянушку. Мянушку мае й дырэктар КСУПу. Не называюць іх імя й імя па бацьку, а карыстаюцца мянушкамі. Такім чынам, я бы не сказаў, што яны карыстаюцца павагай. Не паважаюць іх!”

(Карэспандэнт: ) ”На што ёсьць спадзяваньні?”

(Долашаў: ) “Вераць у тое, што прэзыдэнт нешта зробіць. Дай толькі Бог, каб у Алякскандра Рыгоравіча зьявілася сумленьне. Я хачу, каб ён пачаў служыць людзям”.

Разьвітаўся з Анатолем Долаташым й пакрочыў ў бок шашы.

Ну, а што было далей, вам ужо вядома: машына з танаваным шклом, у групе захопу – чатыры міліцыянты з табэльная зброяй. Праверка дакумэнтаў і непрыхаваная расчараваньне на іхных тварах: я аказаўся не шпіёнам. Прывітаньне, мясьціны майго дзяцінства!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG