Многія, нават кіраўнік краіны, сьцьвярджаюць, што беларусам добра, калі ў іх ёсьць чарка ды шкварка. З маіх жа назіраньняў, людзі найперш арыентуюцца на бульбу з гуркамі. Нездарма найбліжэйшыя суседзі клічуць тутэйшых “бульбашамі”. А калі ўзышла зорка Лукашэнкі, дык з падачы расейскіх журналістаў Беларусь умомант ахрысьцілі яшчэ й “агурковай краінай”.
Разам зь відавочным гіранічным падтэкстам аддалі належнае ягонай малой радзіме — Шклову. Гораду, што разам са Столінам запаланяў некалі сваімі гуркамі рынкі Савецкага Саюзу ад Мурманску да Ўладзівастоку. Як азэрбайджанцаў тады найперш ведалі па гвазьдзіках, дык беларусаў — па іх адметнай хрумсткай прадукцыі. Мінулае землякі Аляксандра Рыгоравіча згадваюць зь непрыхаваным шкадаваньнем. Ды і як інакш, калі з аднае парніковае соткі бралі да тысячы рублёў — вельмі прыстойныя грошы.
(Спадар: ) “Калі так па-нармалёваму, то на паўаўтамабіля можна было сабраць. На паўжыгулёў — гэта лёгка”.
(Спадар: ) “Добрая зямля, толькі рук не шкадуй. Трэба працаваць, трэба шчыраваць”.
Шклоўскія людзі ўпэўненыя: мясцовыя глебы і клімат ідэальна пасуюць для вырошчваньня агуркоў — тое зразумелі нібыта яшчэ пры першым, кацярынінскім росквіце гораду. Ну-у, хто яго ведае... Дакладна, аднак, вядома іншае: паміж нью-ёрскімі габрэямі, выхадцамі з Расеі й Беларусі нядаўна адбылася сапраўдная дыскусія на тэму паходжаньня даўно памерлага Ізі Гуса.
Стагодзьдзе таму ён адным зь першых эмігрантаў Расейскай імпэрыі наладзіў у Штатах сапраўдны гурковы бізнэс. “Нашы” нават здолелі адсунуць у бок датчан, прызнаных у гэтай справе адмыслоўцаў. Цяпер у сусьветнай сталіцы салёных гуркоў, як завуць яшчэ горад статуі Свабоды, ідзе жорсткая барацьба за права карыстацца таварным знакам славутага Ізі Гуса. І адначасова — ягоным рэцэптам саленьня, які захоўваецца ў сэйфе Флорыдзкага банку. Во якое золата, тыя зялёныя, у пупышках дары прыроды! Можна сказаць, яно пад нагамі ды рукамі беларусаў... Але спрадвечны гурковы бізнэс патэнцыйных землякоў Гуса пачаў пакрысе завальвацца. Хоць тутэйшыя гібеюць у парніках ня менш за 12 гадзінаў на суткі.
(Спадарыня: ) “Во ў пяць гадзінаў падымайся ды вяртайся ў адзінаццаць. І скажы дзякуй, каб хто ногі памыў. Нават ня можна самому гэта зрабіць. Бо вяртаесься на карачках”.
Праца сапраўды клопатная. Калі коратка, то вось што трэба дзеля самых смачных, як сьцьвярджаюць многія, гуркоў на зямлі. Восеньню назапасіць гной для глебы (ніякіх іншых угнаеньняў — гэта якраз сакрэт смачнасьці), потым выпісаць лес і вясной паставіць цяпліцу, вырасьціць рассаду, набыць спэцыяльны агрэгат для ацяпленьня яе дровамі... Ну а далей турботы ва ўласна цяпліцы: дагледзець, падвязаць, акучыць, праветрыць. Асноўны цяжар на жанчынах. Кабета, якая са сваімі сяброўкамі-канкурэнткамі прадае агуркі на рынку, гаворыць, што іншай альтэрнатывы ня бачна.
(Спадарыня: ) “Як бы я выжывала? Ну, хлеб ды вада, соль, малака купіў бы, ды і ўсё. А так трошкі ўжо свабадней сябе адчуваеш”.
Яе падтрымлівае Вячаслаў, які больш за 40 гадоў адпрацаваў на вытворчасьці.
(Спадар: ) “Раней хапала заробку, нават калі не калупацца ў зямлі, а цяпер трэба круціцца”.
Аляксандар ажаніўся калісьці на дзяўчыне зь сям’і, што займаецца цяпліцамі з ваеннага часу. І менавіта гэтая праца лічыцца тут самай стабільнай, бо заўсёды давала капейчыну. Агуркі здавён ратавалі шклоўцаў, упэўнены Аляксандар.
(Аляксандар: ) “Калі раней гэтым займаліся, каб быць больш заможным — набыць дом, аўтамабіль, пабудаваць каапэратыўную кватэру ў Менску альбо ў Магілёве, то цяпер гэта вымушаная справа, якая ратуе ад таго жабрацтва, у якім апынулася насельніцтва Беларусі і ў Шклове таксама. Бо тыя некалькі невялікіх прадпрыемстваў, якія тут існуюць, у эканамічным крызысе, таму зноў і зноў гуркі ратуюць”.
Савецкія ўлады спрабавалі змагацца з занадта прадпрымальнымі грамадзянамі. Напрыклад, будавалі на кожным прадпрыемстве цяпліцы, каб адабраць рынак у прыватнікаў. Аднак людзі выжывалі і зноў ставілі парнікі. Агуркі, — гавораць тут, — гэта ня проста бізнэс, гэта сэнс жыцьця.
(Спадарыня: ) “Вельмі цяжкая праца, аднак мы, напэўна, ужо прызвычаіліся. Гэта хвароба. Гавораць, што ня дай бог белакроў’е і рак, бо ня вылячыш, як і нашыя агуркі”.
Ці выжывуць агуркаводы ў цяперашніх эканамічных умовах? Гандляры са шклоўскага рынку пэсымісты. Даходы апошнім часам імкліва памяншаюцца з-за вялікіх выдаткаў і таннасьці прадукцыі.
(Спадар: ) “Ну вось глядзіце: кіляграм агуркоў — гэта дзьве буханкі хлеба, калі раней кіляграм агуркоў каштаваў тры рублі, а хлеб 20 капеек. Вось і лічыце розьніцу”.
Падлічылі, што маюць, што мелі. Атрымалася ці не ўдвая менш у параўнаньні з савецкім часам. Адбіўся рэзкі рост коштаў літаральна на ўсё: на паліва, насеньне, транспарт. І да таго ж паменшала пакупніцкая здольнасьць беларусаў. Таму многія шклоўцы ў найбліжэйшай пэрспэктыве думаюць кідаць добра знаёмую справу.
(Спадар: ) “Таму што гэта нявыгадна. Сыходзяць ужо агуркі. Трэба вельмі вялікую плянтацыю — сотак шэсьць або сем мець ды займацца толькі імі, нідзе больш не працаваць. Аднак гэта сэзонная праца, а на сваю ходзіш пастаянна, зарабляеш, на хлеб атрымліваеш”.
Выжыць у гурковым бізнэсе здольныя сёньня самыя прадпрымальныя. Бо патрэбны новы размах. Найперш, стартавы капітал ня 300 даляраў, як было ўчора, а некалькі тысяч. Плюс уменьне выжыць у жорсткай барацьбе за рынкі збыту па ўсёй тэрыторыі былога СССР. А сёньня яны губляюцца. Так, традыцыйная гандлёвая пляцоўка тутэйшых, Масква, пачала адварочвацца ад шклоўцаў. Лічыць, што Магілёўшчына моцна забруджаная радыяцыяй.
Гандляры выкручваюцца, як могуць: напрыклад, выдаюць сябе за мясцовых — “мажайскіх”, “саратаўскіх”, “лухавіцкіх” ды іншых. Толькі кемлівы пакупнік адразу мікіціць: “Э-э, браце, з тваім “гэ” ды “чэ” такі фокус-покус ня пройдзе!” І грошы масквічоў сталі асядаць у нованароджаных расейскіх канкурэнтаў беларусаў. Так, у Лухавіцкім раёне пры затратах на тону гуркоў адной тысячы расейскіх рублёў сяляне атрымліваюць прыбытак амаль упяцёра больш. Шклоў і Столін пачалі адставаць. Гаворыць навуковец Іван Варыводчык:
(Варыводчык: ) “Разам з замежнымі адмыслоўцамі расейцы прааналізавалі працэсы, якія адбываюцца сёньня ў аграрным сэктары. І зафіксавалі зьяўленьне ў рэгіёнах сучасных дастаткова моцных прысядзібных гаспадарак грамадзянаў у вёсках і маленькіх гарадках. Па сутнасьці, можна казаць пра зьяўленьне на іх базе дробнатаварнай вытворчасьці. Насуперак плянам рэфарматараў яна ў многім заняла тую прастору, якую меркавалася адвесьці фэрмэрам, буйному аграбізнэсу. Аднак шмат дзе перамагае менавіта нефармальны таварны сэктар. Прыватнік, які моцна стаіць на нагах. Дзяржава разумее, што надзвычай важна не падкасіць яго, даць магчымасьць разьвівацца далей. Найбольш, падкрэсьлю, гэта адбываецца там, дзе ёсьць расьлінаводчая спэцыялізацыя, перш за ўсё на гурках, капусьце, цыбулі”.
Адрозна ад Расеі беларускія ўлады якраз касавурацца на нефармальную дробнатаварную вытворчасьць, да якой і належаць шклоўскія, палескія ўладальнікі парнікоў ды цяпліц. Пазалетась, напрыклад, прыватнікі Піншчыны мелі выдатны ўраджай, аднак атрымалі за сваю эфэктыўную, хоць і вельмі цяжкую працу драбязу. І ўсё таму, што мясцовую вэртыкаль задушыла жаба: каб людзі за бясцэнак здавалі прадукцыю на мясцовы кансэрвавы завод, забаранілі перакупнікам набываць гуркі ў пінчукоў. Камэрсанты плюнулі й паехалі ў суседні Столін... Хто прайграў, а хто выйграў — відавочна.
Мы яшчэ вернемся да прававых нюансаў той тыповай забароне. А пакуль заўважым: пасярэднікамі выступаюць ня толькі дзялкі зь Менску, Расеі, але й свае землякі, для якіх гэтыя закупы — спроба не нажыцца, а выжыць. Так, жыхар гораду Бяроза Юра Шульган заняўся гурковым бізнэсам, калі вырашыў ажаніцца. Ні ягоныя бацькі, ні сваякі нявесты шмат не зараблялі, таму грошы на вясельле хлопец зарабіў літаральна сваімі рукамі, а дакладней — сьпіной:
(Шульган: ) “Я на сваіх уласных плячах мог кіляграмаў 100 пранесьці. Я сам родам зь Бярозы, але ў Бярозе ў нас не такія вялікія ўраджаі гуркоў. Мы набывалі іх бліжэй да Палесься: Лунінец, Столін, Янава”.
Дарэчы, летась 30 цяплічных камбінатаў краіны сабралі 21 тысячу тон гуркоў. Гэта значна менш, чым у прыватным сэктары. Сёлета толькі за пяць месяцаў беларускія каапэратары закупілі там 5 тон. У параўнаньні зь мінулым няшмат, бо вясна была позьняя, халадамі пачалося й лета — сэзон зусім не гурковы. Да таго ж у Белспажыўсаюзу нізкія закупачныя цэны, і людзі хочуць мець справу з прыватнымі гандлярамі кшталту Юрыя.
(Шульган: ) “У нас у вёсцы ёсьць сем’яў восем-дзесяць, якія тыя гуркі вырошчваюць, я іх набываў кіляграмаў па 10, 20, 40, і проста звозіў на продаж ва Ўкраіну. Я сядаў у Лунінцы, ехаў спачатку да Берасьця. Там — “Берасьце–Забалацьце”. Забалацьце — гэта ўжо Ўкраіна”.
Мытны кантроль на ўкраінскай мяжы не такі суворы, як на польскай. Тым ня менш, Юру Шульгану і ягонаму кампаньёну давялося пасябраваць з украінскімі мытнікамі й памежнікамі, якія рэгулярна ператрасалі вяскоўцаў-бізнэсоўцаў.
(Шульган: ) “Украінскія памежнікі мяне асабіста не краналі, таму што я зь імі размаўляў, як з вамі размаўляю, па-беларуску. Яны цалкам нармальна казалі: “Мы табе нават штампу ў пашпарце ставіць ня будзем”.
Кошты на палескія гуркі розьняцца ня толькі зь перасячэньнем украінскае мяжы:
(Шульган: ) “Калі ты выходзіш на вакзале ў Лунінцы і набываеш гуркі — адзін кошт. Калі на вакзале Берасьцейскім, Бярозаўскім, Жабінкаўскім —іншы”.
І колькі мае на тым Юра Шульган? Сёлета здолеў толькі за пяць ходак зарабіць 170 даляраў. Інакш кажучы, за месяц фізычна моцны чалавек можа атрымаць да чатырохсот даляраў, што ў дзясятак разоў перавышае сярэдні правінцыйны заробак.
Дык навошта перашкаджаць людзям зарабляць на гурках? Чаму Шульгана выкінулі зь Пінскага раёну? Чаму пазбавілі ягоных патэнцыйных кліентаў (а гэта найчасьцей людзі сталага веку), пазбавілі магчымасьці атрымаць за напружаную працу ў парніках нармалёвыя грошы? Асобныя чыноўнікі сваю фактычна антызаконную дзейнасьць абгрунтоўваюць тым, што яны дбаюць пра інтарэсы дзяржавы, бо і перакупнікі, і прыватнікі гандлююць без падаткаў. На пярэчаньне, што закон дазваляе гэта, адказваюць: “Тое робіцца ад часовай недасканаласьці прававой базы. Рабіцеся афіцыйна фэрмэрамі!”
А хто ня ведае, што фэрмэрскі рух якраз і задушаны юрыдычнымі неадпаведнасьцямі? Вось і атрымліваецца: у Расеі на такую ж юрыдычную сытуацыю з асабістымі гаспадаркамі ўвагі не зьвяртаюць, а ў Беларусі імкнуцца задушыць прадпрымальніцкую ініцыятыву людзей. У Расеі наладжваюць сучасны дапаможны, перапрацоўчы сэрвіс, а ў Беларусі ня могуць арганізаваць вытворчасьць гародніны эўрапейскіх стандартаў, усё ўтрымліваюць за сабой сумнеўнае першынства сьвету ў самых вялізных гурках... Ну чаму ні шклоўцы, ні палешукі не вырошчваюць далікатэсныя маленькія гурочкі кшталту баўгарскіх? Юры Шульган адказвае так:
(Шульган: ) “Іх не пераканаеш, што калі ён важыць паўкілі, і калі ён важыць дзесяць грамаў, то ўсё роўна яны каштуюць аднолькава. Яны вераць у масу, яны вераць у памеры”.
Бо людзям тармазнулі прадпрымальнасьць, камэрцыйную кемлівасьць. Таму і атрымліваецца: хоць дзякуючы цяперашняму земляку №1 Шклоў коштам дзяржаўнага бюджэту заўважна папрыгажэў, аднак у параўнаньні з даўно мінулымі часамі Ізі Гуса пачаў губляць нешта вельмі для сябе важнае, адметнае. Бо разбураецца ягоны нефармальны таварны сэктар, не задушаны нават за савецкім часам.
Ва ўмовах найбольш жорсткай амэрыканскай канкурэнцыі справа Гуса квітнее сёньня таму, што яна пастаянна разьвіваецца. А дома, у спрадвечнай “гурковай краіне”, рух наперад прыпыніўся: гуркі не становяцца сапраўдным бізнэсам, не дапамагаюць дагнаць іншых. Ня кажам пра Амэрыку — Беларусь пачала аддаваць гурковыя ляўры той жа Расеі. Дык няўжо беларускія патрыёты дарма даказвалі, што Гус — шклоўскі, а не маскоўскі?
Невядомасьць — прытулак надзеі. Вось і застаецца спадзеў: час прыпынку завяршаецца. Бо шмат для каго тыя парнікі — сэнс жыцьця. Да таго ж у майстроў гурковай справы ёсьць прыкмета: за няўдалым годам абавязкова прыходзіць добры. Нагадаю, сёлета сэзон кепскі.