Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камянец


Ягор Маёрчык, Камянец

Белая вежа ніколі не была белай. Але ў 1960 годзе першы сакратар райкаму партыі ўспрыняў назву літаральна і загадаў пафарбаваць яе. Два гады таму вапну саскрэблі, і Камянецкі стоўп набыў свой спрадвечны колер — цёмна-чырвоны.

Адзінае на абшарах Эўропы абарончае збудаваньне тыпу “данжон” сёньня зачыненае для турыстаў. Бясплатныя экскурсіі ладзяцца толькі вакол яго. Па гіроніі лёсу нават загадчыца філіі Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю Тацяна Казулька, якая наглядае за вежай, ня можа трапіць усярэдзіну.

(Казулька: ) “Справа ў тым, што ключы знаходзяцца ў рэстаўратараў, якія тут працавалі. Яны павінныя прыехаць у ліпені і далей працягваць сваю працу. Засталося зрабіць лесьвіцу, якая будзе злучаць усе паверхі вежы і выводзіць на верхнюю пляцоўку. Плянуюць скончыць рэстаўрацыю ў гэтым годзе”.

Ужо некалькі гадоў рэстаўратары зьяўляюцца паўнавартаснымі гаспадарамі ў вежы. Працы прыпыняюцца, як толькі заканчваецца фінансаваньне. На аднаўленьне ў сёлетнім дзяржаўным бюджэце выдаткавана 75 мільёнаў рублёў. Пакуль не атрымалі ніводнай капейкі.

Уражвае ў Камянцы ня толькі Белая вежа. Чыстыя цэнтральныя вуліцы з новым асфальтавым пакрыцьцём, пафарбаваныя дамы, міжнародныя таксафоны, некалькі кругласутачных крамаў, наноў адбудаваны стадыён “Колас” і процьма пустых вулічных кавярняў — усё гэта спадчына леташніх абласных “Дажынак”, да якіх уся Берасьцейская вобласьць рыхтавалася два гады.

Кідаецца ў вочы й будынак раённага шпіталю. Надта вялікі для 9-тысячнага мястэчка і маленькага раёну. Адшукаць чалавека ў белым халаце, які б распавёў пра стан мэдыцыны, аказалася ня так лёгка. Адзін за адным дактары прызнаваліся, што баяцца наступстваў “несанкцыянаванага” кіраўніцтвам кантакту з журналістам. Але сьмелы ўсё ж знайшоўся.

(Спадар: ) “Раней мы хоць штосьці атрымлівалі, цяпер усё зводзіцца да таго, што пацыенты вымушаныя ўсё набываць за свае грошы. Калі раней мы мелі чатырохразовае харчаваньне, дык пасьля таго, як зьнізілі норму водпуску прадуктаў, прыйшлося перайсьці на трохразовае харчаваньне”.

Доктар зазначае, што мэдыкі жывуць, як і ўсе астатнія жыхары Камянца: заробку на абяцаныя сто даляраў ніхто і ў вочы ня бачыў, а тое, што налічваюць, бывае што атрымліваюць па 10 дзён.

Выжыць людзям дапамагае мяжа. Няма такога чалавека ў мястэчку, які б хоць аднойчы ня езьдзіў гандляваць у Польшчу. Месьцічы кажуць, што буднім днём у чарзе на мытні можна прабавіць 12 гадзінаў, а на выходныя — усе суткі.

Праўда, некаторым удаецца пабываць і ў адной, і ў другой краіне па некалькі разоў на дзень. Туды вязуць гарэлку, цыгарэты і бэнзын, назад — заробленыя пяць даляраў альбо харчы і вопратку. Пра свой занятак чаўнакі распавядаюць у агульных словах, абыходзячы “нязручныя” пытаньні пра кантрабанду і хабарніцтва на мытні:

(Спадар: ) “Сакрэты: як мага глыбей схаваць гэты тавар і перавезьці яго ў Польшчу, каб не знайшлі мытнікі. Варыянтаў вельмі шмат. Усё залежыць ад таго, ці ёсьць знаёмыя, ці ёсьць розныя магчымасьці, ці натрапіце вы на добрую зьмену”.

(Карэспандэнт: ) “Хутка Польшча ўступіць у Эўразьвяз. Пачнецца візавы рэжым. Як глядзяць на гэта тут?”

(Спадар: ) “Жыхары памежных раёнаў са страхам чакаюць гэтага. Калі гэта прыкрыецца, гэта вельмі моцна дасьць па жыцьцёвым узроўні”.

Мая камандзіроўка ў Камянец супала з адзіным днём інфармаваньня насельніцтва, які праходзіць тут кожную апошнюю сераду месяца. З просьбай папрысутнічаць на прапагандысцкай лекцыі зьвярнуўся да начальніка аддзелу інфармацыі Камянецкага райвыканаму Сяргея Клімава.

Аказалася, што адзіным гэты самы дзень зьяўляецца даволі ўмоўна: 60 адмыслова падрыхтаваных лектараў ня могуць адначасна ахапіць увесь раён і таму гастралююць у розных месцах па некалькі дзён запар. Прадстаўнік уладнай вэртыкалі цьвердзіць: у людзей туга па выступах палітінфарматараў.

Тутэйшы равыканкам выдаў адмысловую пастанову, якая ў дадатак да адзінага дня інфармаваньня насельніцтва прадугледжвае адраджэньне дошак гонару, пашырэньне функцыяў аддзелу інфармацыі, увядзеньне на прадпрыемствах пасадаў намесьнікаў дырэктараў у справе інфармацыйнай працы, а таксама сталае навучаньне ідэалягічнага актыву.

Афіцыйнай прапагандзе мог бы супрацьстаяць распаўсюд альтэрнатыўных поглядаў. Спадар Клімаў зазначае, што ніхто і ніколі нават не спрабаваў выступіць з, так бы мовіць, неафіцыйных пазыцыяў.

Адзіная філія апазыцыйнай палітычнай партыі, што існуе ў Камянцы — гэта нешматлікая суполка Беларускага Народнага Фронту. Яе ачольвае Анатоль Міхалькевіч. Ён канстатуе, што нават тыя людзі, якія на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымалі Аляксандра Лукашэнку, апошнім часам мяняюць сваё стаўленьне да цяперашніх уладаў. Прычыны — невыкананьне абяцаньняў, і, самае галоўнае, затрымкі заробкаў і пэнсіяў. А пра пэрспэктывы выбараў у мясцовыя саветы спадар Міхалькевіч адгукаецца досыць пэсымістычна.

(Міхалькевіч: ) “Мясцовая ўлада нічога не вырашае. Яны ў гэтай сытуацыі, якая цяпер існуе, зьяўляюцца толькі выканаўцамі — рэалізуюць загады, якія прыйшлі зьверху. Усе гэта бачаць, усе гэта ведаюць. Людзей, якіх выбяруць, усе ведаюць, што яны нічога вырашаць ня будуць”.

Акрамя філіі БНФ у Камянцы ёсьць суполка Таварыства беларускай мовы. У ейных шэрагах знаходзіцца ледзь ня ўся рэдакцыя раённай газэта “Навіны Камянеччыны”.

Дарэчы, пра мову. Тутэйшы говар язык не паварочваецца назваць трасянкай. Беларускія словы досыць арганічна спалучаюцца з украінскімі й польскімі, русізмаў амаль няма. Гэта ў размове міжсобку, а пры кантактаваньні зь немясцовымі бальшыня аўтаматычна пачынае размаўляць па-расейску.

Моўную сытуацыю па маёй просьбе камэнтуе гісторык-аматар Георгі Мусевіч:

(Мусевіч: ) “У нас насельніцтва размаўляе ўкраінскім дыялектам. А па-расейску больш размаўляе інтэлігенцыя, моладзь. Яны як бы ў сваіх вачах вырастаюць. Аднойчы прыходжу я на прыпынак. Стаяць жанчыны. Я ў адной пытаюся: “Скажыце, якой вы нацыянальнасьці?” Яна кажа: “Я беларуска”. Я гавару: “Добра, давайце пачнем размаўляць па-беларуску”. А яна кажа: “Відчыпітэся від мэнэ. Не знаю я гэтай мовы!” Я не магу сказаць, гэта добра ці дрэнна. Кожны чалавек павінен размаўляць на той мове, на якой ён пачаў казаць першыя словы з маткаю сваёй”.

Школы ў мястэчку толькі намінальна зьяўляюцца беларускімі, бо амаль усе прадметы выкладаюцца па-расейску. Гэтая акалічнасьць абурае, прыкладам, Аляксандра Шалавілю. У жыцьці ён карыстаецца ўкраінскай мовай. Прызнаецца, што на сабе адчуў працэс нацыянальнага адраджэньня, які распачынаўся ў 1990-х. І таму цяпер выступае за беларускамоўную адукацыю.

(Шалавіля: ) “Праз 20 гадоў ніхто нават і не заўважыць, як будзем мы беларусамі. Мы нават не заўважым, як самі пяройдзем на беларускую мову. Я вам скажу, маё дзіця павучылася ў школе пры Шушкевічы два гады. Дзіця прыходзіць і гаворыць у хаце па-беларуску. Дзіўна, але я сам сабе пачынаю лавіць: “Госпадзі, я ж па-беларуску размаўляю!” У банку і падатковай я размаўляю па-свойму, я гэтую расейскую мову не прызнаю. Яна мяне неяк сьціскае: я не магу выказаць свае думкі, як трэба”.

Кажуць, што кожны чалавек на Зямлі мае свайго двайніка. Ня ведаю, як ва ўсіх астатніх, але ў старшыні ўзорна-паказальнага калгасу “Советская Белоруссия” Ўладзімера Бядулі ён ёсьць дакладна. У сквэры, што на цэнтральнай вуліцы Камянца, у некалькіх мэтрах пад варонінымі гнёздамі стаіць прыжыцьцёвы помнік двойчы Герою сацыялістычнай працы.

У шараговага жыхара мястэчка Герадзя Чырыка гэты факт выклікае неразуменьне. Маўляў, паставілі помнік за тое, што чалавек усяго толькі належным чынам выконвае свае службовыя абавязкі.

Спадара Чырыка можна зразумець. Летась ён вярнуў калгасу “Расьсьвет” 24 гектары зямлі і такім чынам паставіў крыж на фэрмэрстве. Кажа, што больш няма сілаў, каб змагацца з чыноўнікамі, і грошай, каб ледзь ня штомесяц плаціць штрафы, пасьля праверак падатковай інспэкцыі. Нягледзячы на паразу, спадар Чырык зайстаеца прыхільнікам фэрмэрскага шляху разьвіцьця сельскай гаспадаркі.

(Чырык: ) “Узяць, прыкладам, нашых людзей, якія ўсё жыцьцё прарабілі ў калгасах. Акрамя хваробаў нічога яны не зарабілі. На добрае, заможнае жыцьцё глядзяць праз бразыльскія сэрыялы. Надта людзі добра жывуць, вельмі падабаецца ім. Яны за сваю горкую долю ня плачуць, а калі Ізаўра падыме кошык апэльсінаў і штосьці ў яе са сьпіной здарыцца, яны плачуць. Гаруюць, што Ізаўра, бедная, надарвалася. Паглядзела сэрыял. Пайшла. Два вядра вады пранесла сто мэтраў паліваць тыя градкі. Яна да сябе ня ставіцца, як да той Ізаўры. А сябе ніколі не пашкадуе. Сама будзе ледзь хадзіць, але ўсё зробіць”.

Меркаваньні Генадзя Чырыка пра тое, што тутэйшы чалавек сам цягнецца да зямлі і хоча быць гаспадаром на ёй, пацьвярджае той факт, што летась на Камянеччыне зьявілася сем новых фэрмэрскіх гаспадарак.

А яшчэ ў мястэчку адбудоўваюць каталіцкі касьцёл. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя драўляны будынак гатычнага стылю згарэў, а працэс аднаўленьня спыніла савецкая ўлада, якая прыйшла сюды ў верасьні 1939 году. Узводзіць дах над старымі мураванымі сьценамі пачалі ня так даўно. Ксёндз Ян Васілеўскі спадзяецца, што праз год–два ў храме адбудзецца першае за доўгі час набажэнства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG