“Чырвоная змена”, 1954 год:
“У лясах рэспублікі ў разгары зімовы паляўнічы сэзон. Ідзе паляваньне на дзікіх кабаноў, лісіц, куніц, вавёрак, выдраў і іншых зьвярэй. На нарыхтовачныя пункты здана вялікая колькасьць пушніны… Няспынна ўзбагачаецца фаўна беларускіх лясоў. На азёрах Палесься акліматызавалася андатра. Пагалоўе завезеных у рэспубліку ўсурыйскіх янотаў зараз дасягнула такой колькасьці, што стаў магчымы іх плянамерны промысел. Гэтай зімой адстрэльваюць больш дзьвюх тысяч гэтых каштоўных пушных зьвяркоў. У Бярэзінскім паляўнічым заказьніку разводзяць ласёў, мядзьведзяў, норак… Паляўнічым спортам займаюцца звыш 40 тысяч працоўных рэспублікі. Пры спартыўных таварыствах створаны спэцыяльныя сэкцыі, наладжваюцца спаборніцтвы па стэндавай стральбе”.
“Вечерний Минск”, 1984 год. “Адкрыты ліст акруговым выбарчым камісіям”:
“Намі, членамі Цэнтральнага Камітэту КПСС, атрыманы ад калектываў прадпрыемстваў, арганізацыяў, установаў, калгасаў і саўгасаў, навуковых установаў і воінскіх частак, а таксама ад удзельнікаў акруговых перадвыбарчых сходаў лісты і тэлеграмы, у якіх яны паведамляюць пра вылучэньне кожнага з нас кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савету СССР адзінаццатага скліканьня і просяць даць сваю згоду балятавацца па гэтых акругах. Давер і адзінадушнасьць выбарцаў мы разглядаем як вынік маналітнай згуртаванасьці нашага грамадзтва, поўнай падтрымкі савецкімі людзьмі ўнутранай і зьнешняй палітыкі партыі, іх рашучасьці самаахвярнай працай мацаваць эканамічную і абаронную магутнасьць Радзімы, увасобіць у жыцьцё рашэньні ХХVІ зьезду КПСС, лістападаўскага (1982 г.) і наступных Пленумаў ЦК КПСС”.
“Народная газета”, 1994 год. П.Стасевіч паведамляе з парлямэнту:
“Эмацыянальны настрой вячэрняга пасяджэньня пазаўчорашняга дня сэсіі чымсьці нагадваў напружаньне ў драматычным тэатры, дзе іграецца добра закручаная п’еса: павешаная на сьцяну ў першым акце стрэльба вось-вось павінна бабахнуць… І яна “бабахнула” салідна: 209 дэпутатаў выказаліся за адкліканьне з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету С.Шушкевіча. Прэм’ер-міністру В.Кебічу пашанцавала — ён на сваёй пасадзе ўтрымаўся. Камэнтарыяў асаблівых вынікі не патрабуюць, яны былі прадказальнымі за дзень-два да гэтага. Сам Станіслаў Шушкевіч такі ход падзей, відаць, прадчуваў і таму паводзіў сябе, як мне здалося, па-жыцьцёваму мудра, не губляючы раўнавагі. І, па-мойму, нягледзячы на вынікі тайнага галасаваньня, маральна ён “бой” выйграў”.