Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 20 СТУДЗЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Комунар Магілеўшчыны”, 1934 год, ліст да Сталіна ад ХV зьезду КП(б)Б:

“10 год без Леніна, але па ленінскаму шляху, пад яго сьцягам ты вёў нас, любімы правадыр і настаўнік, ад перамогі к перамозе; пад тваім кіраўніцтвам Совецкі Саюз ідзе да ХVІІ зьезду партыі з сусьветна-гістарычнымі перамогамі на ўсіх франтах соцыялістычнага будаўніцтва… Пад тваім кіраўніцтвам і дзякуючы тваім указаньням КП(б)Б перабудавала свае рады і нанесла сакрушальны ўдар па наймітах германскага і польскага фашызму, здраднікам беларускіх працоўных мас — беларускіх нацыяналістах, рыхтаваўшых імпэрыялістычную інтэрвенцыю і адрыў БССР ад СССР”.


“ЛіМ”, 1984 год, артыкул “Рэжысэр — выдатнік міліцыі”:

“У актавай залі Ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму адбылася прэм’ера мастацкага фільма “Белыя Росы”, пастаўленага на кінастудыі “Беларусьфільм” І.Дабралюбавым па сцэнарыі А.Дударава. І.Дабралюбаў расказаў супрацоўнікам міліцыі аб рабоце над новай стужкай, пазнаёміў з артыстамі, якія здымаліся ў ёй, падзяліўся творчымі задумамі. За шматгранную работу і шэфскую дапамогу ў камуністычным выхаваньні работнікаў міліцыі загадам начальніка Ўпраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму І.Дабралюбаву прысвоена званьне “Выдатнік савецкай міліцыі” і ўручаны ганаровы значок”.


“Вечерний Минск”, 1994 год, заява МВД з нагоды арышту ў Менску Міколаса Буракявічуса і Юозаса Ермалавічуса:

“У праваахоўныя органы Беларусі на працягу мінулага году неаднаразова прыходзілі звароты ад генэральнага пракурора Рэспублікі Літва з просьбай садзейнічаць выдачы Буракявічуса і Ермалавічуса, якіх літоўскі бок аб’явіў у міждзяржаўны росшук… У адпаведнасьці з дамовай паміж Беларусьсю і Літвой аб дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, падпісаным у кастрычніку 1992 году і ратыфікаваным Вярхоўным Саветам Беларусі ў лютым 1993 году, беларускі бок аказаў садзейнічаньне групе работнікаў праваахоўных органаў Літвы пад кіраўніцтвам намесьніка генэральнага пракурора ў затрыманьні ў Менску 15 студзеня грамадзян Буракявічуса і Ермалавічуса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG