Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКАМУ ГУМАНІТАРНАМУ ЎНІВЭРСЫТЭТУ ПАВЕДАМІЛІ ПРА ВЫДАЧУ ЛІЦЭНЗІІ


Галіна Абакунчык, Менск

Да таго ж, выкладчыцкі калектыў ЭГУ асьцерагаецца, што ўмовы працы, усталяваныя новай ліцэнзіяй, будуць для ўнівэрсытэту непрымальныя.

Тэлефанаграма пра тое, што праблема ліцэнзаваньня ВНУ вырашанае станоўча, паступіла ва ўнівэрсытэт напрыканцы дня 7 траўня.

Паведамлялася, што адпаведны загад міністар Аляксандр Радзькоў падпісаў яшчэ 30 красавіка. Але кіраўніцтва навучальнай установы ўпэўненае, што гэты дакумэнт выйшаў “заднім чыслом”. Вось што сказаў у інтэрвію Радыё Свабода прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў.

(Дунаеў: ) “Няўжо яны дагэтуль, увесь тыдзень ня ведалі, што яны прынялі рашэньне? Зразумела, што яны павінныя былі зрабіць гэта да 1 траўня, вось і зрабілі”.

Нагадаю, што да 1 траўня Міністэрства адукацыі мусіла завершыць пераліцэнзаваньне навучальных установаў. Аднак цягам гэтага тыдня ЭГУ ня меў ніякай афіцыйнай інфармацыі пра свой далейшы лёс. Таму кіраўніцтва ВНУ было вымушана прыпыніць фінансавую й адукацыйную дзейнасьць.

Вось як пракамэнтавала перадсьвяточнае рашэньне Мінадукацыі дэкан факультэту права ўнівэрсытэту Ала Сакалова.

(Сакалова: ) “Першы крок нашай перамогі мы адчулі, але поўнай радасьці няма. Мы ня ведаем, якія умовы гэтай ліцэнзіі адносна будынкаў, навучальнага працэсу, іншых аспэктаў дзейнасьці. Мы быццам бы ведаем дату загаду, ягоны нумар, але пакуль мы яго не прачыталі. Мы чакаем наступнага кроку”.

Паводле спадарыні Сакаловай, пра магчымае аднаўленьне заняткаў студэнтам будзе абвешчана толькі ў панядзелак. Таму гэтымі днямі яны працягвалі збор подпісаў у абарону сваёй Alma Mater, распачаты некалькі дзён таму.

Самі студэнты падзеі вакол ЭГУ ў інтэрвію Радыё Свабода яны камэнтавалі гэтак:

(Студэнт: ) “Ня ведаю, каму гэта патрэбна. У Міхайлава да таго ж яшчэ цэлая куча праблемаў. Якіх менавіта – ніхто высьветліць ня можа”.

(Студэнт: ) “Мы зараз на першым курсе і вельмі шкада працы, укладзенай у нас і іншых студэнтаў. Але гэта сапраўдная трагедыя для старэйшых курсаў, якія гатовыя да дарослага жыцьця”.

(Студэнтка: ) “Мы ўсімі рукамі – за, каб яго не закрылі!”

(Студэнтка: ) “Гэта можа пагубіць шмат лёсаў нашых студэнтаў, бо гэта наша другая радзіма, як і Беларусь”.

Гэта былі студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Паводле кіраўніцтва навучальнай установы, грошы на навучаньне, дасланыя ўнівэрсытэту эўрапейскімі грантадаўцамі, па-ранейшаму застаюцца заблякаванымі прэзыдэнцкай адміністрацыяй.

Гл. таксама
• ЭЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЭРСЫТЭТ СПЫНІЎ НАВУЧАНЬНЕ
• ЭЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЭРСЫТЭТ СПЫНЯЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG