Калі вялізная бронзавая статуя звалілася на зямлю, а галаву Садама пакрыў амэрыканскі сьцяг, людзі на плошчы зразумелі, што наступіў канец пэўнай эпохі. “Здраднік, ілгун, паганец, злодзей, баязьлівец!” -сьмела выкрыквалі некалі запалоханыя жыхары Багдаду. Цяпер многія журналісты прыгадваюць той энтузіязм людзей, тыя спадзяваньні на пачатак новага жыцьця.
Наколькі спраўдзіліся спадзяваньні людзей? Ці пасьля году наступіла пэўная стабілізацыя і нармалізацыя жыцьця? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да супрацоўнікма ірацкай службы Радыё Свабода Камрана Аль-Карадагі.
(Аль-Карадагі: ) "Я думаю, што было б перабольшаньнем казаць пра нармалізацыю жыцьця ў Іраку, але , напэўна, шмат у чым у многіх частках краіны на самой справе нармалізавалася. Зьвярніце ўвагу, калі сочым за навінамі, глядзім тэлебачаньне, здаецца, што Ірак да сёньняшняга дня поле бітвы, а стралялніна і замахі - штодзённая зьява.
Аднак на самой справе ў Багдадзе і ў іншых гарадох людзі спрабуюць жыць як мага больш нармальна. Напрыклад, што тычыцца занятасьці, дык цяпер ўзровень бяспрацоўя зьменшыўся. На базарах у Багдадзе ды іншых гарадох можна пераканацца, як бурліць гандаль у краіне.
Нашы карэспандэнты на поўнычы Іраку ў Курдыстане паведамляюць, што там яшчэ год таму мноства людзей штодня чакалі каля базару, каб нехта іх наняў на нейкую працу, а цяпер, калі нехта хоча, напрыклад зрабіць рамонт хаты, ён ня можа знайсьці незанятых будаўнікоў, бо ўсе людзі працуюць."
(Бандарук: ) “Нармальнае жыцьцё асацыюецца ня толькі з занятасьцю, зь інфраструктурай і самымі рознымі сфэрамі жыцьця. А як складваецца сытуацыя з адукацыяй, з аховай здароўя, з адбудовай зьнішчаных будынкаў?”
(Аль-Карадагі: ) "Зразумела, што тычыцца абслугоўваньня, дык многага не хапае ў шпіталёх, у школах. З другога боку, напрыклад, у самым Багдадзе цягам мінулага году адбудавана або адноўлена 2 тысячы школаў. Гэта мала, паколькі за апошнія 20 гадоў амаль нічога не рамантавалася. Але важна адзначыць, што школы працуюць, не зважаючы на такія інцыдэнты, калі экстрэмісты Аль-Садра загадвалі закрываць школы і пагражалі.
Але працэс навучаньня ў школах уключна з унівэрсытэтамі працягваецца, адбываюцца нармальныя экзамены. Таму, калі не глядзець толькі на тое, што ў некаторых гарадох і раёнах напружанасьць і баі, як, напрыклад, у Фалуджы, то можна сказаць, што жыцьцё праходзіць нармальна. На рынках поўна тавараў.
Што тычыцца ваенных зьнішчэньняў, дык ў Багдадзе іх ня бачна. На поўдні краіны больш сьлядоў вайны, але гэта вынік ірана-ірацкай вайны, паколькі ўлады Хусэйна пакінулі поўдзень самому сабе. Калі паслухаць навіны, дык можа скласьціся памылковае ўражаньне, што ўся краіна ў агні і крыві, але ж гэта толькі Фалуджа або іншы горад, але ня ўся краіна. Напэўна, людзі ў Іраку стомленыя, яны хочуць нармальна жыць. Як паведамляе наш карэсрандэнт, у адным з гарадоў мясцовыя жыхары запатрабавалі ад прыхільнікаў аятолы Аль-Садра пакінуць горад. " Мы вас ня хочам, вы нам абрыдлі".
Паводле апошняга апытаньня насельніцтва Іраку, амаль 70% іракцаў лічаць, што яшчэ праз год сытуацыя зьменіцца да лепшага. Гэта, зразумела, адлюстроўвае толькі жаданьні людзей, магчыма, ня будзе гэтак як яны хацелі б, але яны сапраўды хочуць жыць нармальным жыцьцём".