Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА Ў БЕЛАРУСІ ЗАРАБІЦЬ МУЗЫКАЙ?


Севярын Квяткоўскі, Менск

Блуканьні па падводных плынях жыцьця беларускіх музыкаў пачнем з аповеду Піта Паўлава, гітарыста гурту “NRM”.

(Паўлаў: ) “Я бачыў даволі дзікую сытуацыю, калі чалавек, які, на мой погляд, быў ня здольны выходзіць на сцэну, меў вялізную колькасьць урокаў і студэнтаў!.. Ён даваў нейкія ўрокі, але, як я бачыў, ён нават ня мог сыграць па нотах нейкае “празьвядзеньне”. Ён на гэта жыў даволі нармальна!”

Піт Паўлаў казаў пра пасьпяховага музычнага графамана, ці шарлятана, які карыстаецца малой абазнанасьцю маладых беларускіх аматараў музыкі. А вось рэдактар музычнага часопісу “Джаз-квадрат” Алесь Астраўцоў цьвердзіць, што чорнай працаю зарабляюць і сапраўдныя прафэсіяналы:

(Астраўцоў: ) “Я ведаю не аднаго беларускага музыку, які жыве з таго, што піша ананімныя песенькі для ўсялякіх “дзевачак”, якія потым сьпяваюць па тэлевізары. І аплачваюць гэта ўсё іхныя “пацаны”, якія хочуць іх там бачыць”.

Музыканты, якія пішуць ананімныя творы, ідуць на гутарку вельмі неахвотна. Адным забараняе камэрцыйная таямніца, іншым ніякавата, бо яны добра вядомыя ў краіне. Прафэсійны ды-джэй і рок-музыкант Аляксандар Памідораў кажа, што зарабляць стала з ананімных песенек у Беларусі мала хто можа. А ў Расеі сваіх умельцаў хапае. Большасьць беларускіх музыкаў трактуе такую дзейнасьць як халтуру, за якую можна атрымаць ня надта вялікія грошы: ад дваццаці да двухсот даляраў. На парадак ніжэй, чымся ў Расеі, ня кажучы ўжо пра Захад. Памідораў гаворыць спакойна пра свой калямузычны прыработак:

(Памідораў: ) “Мне тэлефанаваў чалавек і казаў: “Мне патрэбная песьня на такую тэму. У тэксьце мае быць тое й тое”. Гэта проста праца, за якую ты атрымліваеш колькі там грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Не шкада, што там пасьля нейчае другое імя будзе?”

(Памідораў: ) “Каб я працаваў на канвэеры, гэта ўсё роўна, каб я абліваўся крывёй, калі б адпускаў кожны матор у новы трактар”.

***

Бубнач гурту “Neuro Dubel” Андрэй Сьцепанюк юнацтва правёў на заробках рэстараннага музыкі. Цяпер яму псыхалягічна лягчэй працаваць таксістам, чым займацца нелюбёнай работаю:

(Сьцепанюк: ) “Тут няма шоў-бізнэсу як такога. Вядома, зарабіць штосьці можна на беларускай сцэне. Але гэта кваліфікаваць як заробак цяжкавата”.

(Карэспандэнт: ) “Цягам году за ўсе канцэрты, што ў вас бываюць, якая сума можа набегчы?”

(Сьцепанюк: ) “Нібыта гэта не таямніца. З другога боку, скажаш, і балюча стане на сэрцы. І людзі не зразумеюць такой сумы”.

***

Нават цяперашні рок-кумір Лявон Вольскі прыгадвае, што мусіў пісаць тэксты для песняў на заказ:

(Вольскі: ) “Былі такія цяжкія гады, калі даводзілася рабіць такія рэчы. Урэшце выходзіла не найлепшым чынам. Прычым празь незалежныя ад мяне абставіны”.

Няўжо сытуацыя ў беларускім шоў-бізнэсе абсалютна безнадзейная? Лявон Вольскі кажа, што ўжо мае магчымасьць зарабляць з уласнае творчасьці. Апрача гурту “NRM”, Лявон Вольскі – лідэр усіх вядомых супольных праектаў: “Народнага альбому”, “Сьвятога Вечара”, “Я нарадзіўся тут” і абедзьвюх “Крамбамбуляў”. Усяго ў праекты заангажавана пара дзясяткаў чалавек.

Лідэр гурту “Ўліс” Слава Корань выступае ў некаторых названых праектах як гітарыст. Але лічыць іх створанымі на патрэбу сёньняшняга дня, далёкімі ад сапраўднага мастацтва, свайго роду мас-культураю, хай сабе й закліканай запоўніць лякуны беларускае культуры. А вось лідэр джазавага калектыву “Яблычны чай” Ігар Сацэвіч упэўнены, што ня толькі ў Беларусі, але нават у краінах з разьвітым шоў-бізнэсам выключна з творчасьці можа жыць толькі супэр-зорка. Зрэшты, калектыў “Яблычнага чаю” зарабляе прафэсійна:

(Сацэвіч: ) “Мы робім рэчы, іншыя рэчы, якія ўсё роўна даюць нам задавальненьне, і мы зарабляем грошы. Мы граем кавэры, сьпяваем песьні-гіты на вечарынах, на прэзэнтацыях. Прафэсійна музыканту можна зарабляць грошы”.

***

Беларускі прафэсіянал можа граць сэсійным музыкантам, можа граць усясьветную музычную клясыку – дома альбо за мяжою... Можа пісаць тэксты й мэлёдыі на заказ. А колькі трэба
грошай, каб выдаць свой уласны альбом? І колькі трэба прадаць дыскаў, каб праект акупіўся? І дзе ўзяць грошы на выданьне? Вось што мяркуе Раман Арлоў, музыкант і прадусар:

(Арлоў: ) “У Беларусі мінімум трэба тры тысячы дыскаў прадаваць, што практычна нерэальна. Прадае “NRM”, прадае Хлястоў, супольныя праекты. Альбом будзе каштаваць тысячу-паўтары тысячы даляраў. Можа, хто-небудзь і ўклаў бы грошы, тым больш гэта прэстыжна, і нават нейкія падатковыя шчыліны адкрываюцца... Але ж які сэнс паказваць, што ў цябе ёсьць грошы?”

Раман Арлоў канстатуе, што ў сфэры поп-музыкі можна зарабляць пры падтрымцы адміністрацыйнага рэсурсу.

***

Зьміцер Вайцюшкевіч – з тых музыкаў, якія ўпэўнена пачуваюцца ў сучаснай музычнай сытуацыі нягледзячы на адсутнасьць інвэстараў. Удзельнік названых прыбытковымі супольных праектаў “Крамбамбуля”, “Сьвяты Вечар” ды колькіх іншых, Зьміцер Вайцюшкевіч адзін за адным рыхтуе й выдае сольныя. Праграмы на вершы Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Маякоўскага, падрыхтоўка беларускай вэрсіі італьянскіх і японскіх песьняў, кавэру творчасьці Адама Русака… Гэта толькі частка праектаў, зьвязаных зь імем Зьмітра Вайцюшкевіча. Праекты, створаныя на злобу дня, на чаканьне публікі. Беларускія праекты для беларускае публікі. Ці ж гэта кепска?

(Карэспандэнт: ) “На колькі ты каньюнктурны чалавек?”

(Вайцюшкевіч: ) “Можна сказаць, што Вайцюшкевіч там, дзе грошы. Альбо там, дзе ён адчувае інтуіцыйна нейкія фінансавыя патокі альбо тое, што патрэбна на гэты момант. Я хацеў бы нейкім чынам аб’яднаць сваю карысьць са звыш'ідэяй. Гэта значыць, каб беларуская песьня перамагла. Альбо беларуская мова ў песьні перамагла”.

У беларускім FM-эфіры практычна няма беларускамоўнае музыкі. А ў канцэртнай залі “Менск” ды на іншых пляцоўках – аншлягі ў часе беларускамоўных канцэртаў. Музычнае жыцьцё ў краіне ідзе сваёй хадою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG