Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дырэктара Менскага бюро аўтаэкспэртызаў у працоўным кабінэце падчас перадачы яму хабару 300 даляраў. Гэтыя грошы прызначаліся на станоўчае вырашэньне пытаньня ў завышэньні ацэначанага кошту двух аўтамабіляў. Гэта ня першы выпадак, калі за сфальсыфікаваныя зьвесткі аўтамабільнай аварыі прыцягваюць да адказнасьці службовую асобу. Цяжар празьмерных выплатаў несумленным кліентам нясуць страхавыя кампаніі.
Паводле Ўказу аб абавязковай грамадзянскай адказнасьці страхавыя кампаніі кампэнсуюць грашовыя страты ўладальнікам аўтамабіляў толькі ў тым выпадку, калі ў транспартным здарэньні ўдзельнічалі два і болей аўтамабіляў. Гэта штурхае нядобрасумленых людзей ісьці на розныя хітрыкі, каб атрымаць грошы незаконным шляхам. Пракуратура расьсьледавала некалькі крымінальных справаў супраць супрацоўнікаў ДАІ.
Нядаўна ў суд паступіла справа на аўтааматара і міліцыянта, якіх абвінавацілі ў махлярстве. Падставай для крымінальнай справы сталі вынікі прыватнага расьсьледаваньня страхавой кампаніі. Паводле рапарту супрацоўніка ДАІ і заключэньня экспэртызы кампанія павінна была выплаціць 5600 эўра за пабіты аўтамабіль, які сутыкнуўся зь іншым і зьехаў з дарогі. Супрацоўнікі кампаніі западозрылі нешта няладнае. Яны зьвярнулі ўвагу на вялікую колькасьць зямлі ў салёне пабітага аўтамабілю. Узялі спробы зямлі і параўналі іх зь зямлёй на месцы аварыі. Калі высьветлілі, што яны не супадаюць, зьвярнуліся ў пракуратуру.
Цягам сьледзтва высьветлілі, што насамрэч уладальнік аўтамабілю ехаў на вялікай хуткасьці за межамі Менску, ня справіўся з кіраваньнем і перакуліўся ў кювэт. Кіроўца патэлефанаваў свайму знаёмаму супрацоўніку ДАІ. Разам яны і зрабілі фальшывы рапарт з удзелам сьведкі, якому таксама паабяцалі выплаціць частку грошай, якія спадзяваліся атрымаць ад страхавой кампаніі.
У Беларусі першыя страхавыя кампаніі яшчэ ня маюць досьведу сваіх замежных калегаў. У Нямеччыне 10% ад усіх сумаў выплатаў прадугледжаныя на пакрыцьцё стратаў ад махлярства. Немцы прааналізавалі 100 тысяч дарожна-транспартных здарэньняў і распрацавалі адмысловую праграму кампутэрнгага мадэляваньня транспартных здарэньняў і вызначэньня ступені іх наступстваў, каб распазнаваць махлярства. У выніку сумнеўнай сытуацыі дыспэчар можа скіраваць камісараў на месца здарэньня.
У суседняй Польшчы сутыкаюца з брыгадамі злачынцаў, якія за грошы б’юць аўтамабілі, выкарыстоўваючы экіпіроўку, каб пазьбегнуць траўмаў. Уладальнікам такіх аўтамабіляў становіцца ўсё цяжэй атрымаць страхоўку за незаконную ўгоду.
У Беларусі няма закону аб абароне інтарэсаў страхавых кампаніяў. Яны самастойна, як могуць, правяраюць сумнеўныя сытуацыі. Пасьля выхаду ў лістападзе пастановы Саўміну аб тым, што толькі тыя кампаніі могуць ажыцьцяўляць страхаваньне абавязковай грамадзянскай адказнасьці, у якіх доля дзяржавы складае 51%, зьніклі з рынку дзясяткі кампаніяў, і на сёньняшні дзень іх засталося толькі пяць. Кампаніі перажываюць ня лепшы час. Намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі “Бролі” Сяргей Жыбень паведаміў, што сытуацыя пагаршаецца. Ён назваў некалькі прычынаў:
(Жыбень: ) “Высокая шчыльнасьць руху, высокая аварыйнасьць. На зьмену старым савецкім аўтамабілям прыйшлі значна даражэйшыя замежныя. Адпаведна расьце й сума кампэнсацыяў. Апроч таго, пры разьліках уведзеная норма кошту гадзіны аднаўленьня аўтамабілю. Летась яе падвысілі ў два з паловай разу. Кампаніі, якія засталіся, могуць ня справіцца з такой колькасьцю аварыяў і выплатаў. Гэта прывядзе да павелічэньня тэрміну выплатаў, а, калі кампанія ня плаціць грошай больш за два месяцы, то ідзе пераразьлік з улікам росту эўра. А расьце ён хутка, і толькі цягам месяца зьвярнуліся 385 чалавек па выплаты. Я ня ўпэўнены, што ўсе гэтыя кампаніі застануцца”.
Супрацоўнікі праваахоўчых органаў выказваюцца, што такая сытуацыя спрыяе нядобрасумленным людзям у падмане страхавых кампаніяў. Калі б была ўзаконеная служба бясьпекі кампаніі, то й змагацца з махлярствам было бы значна лягчэй.