Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ДОБРАЙ РАНIЦЫ! ЦI ДОБРЫ ДЗЕНЬ!


Юрась Бушлякоў, Менск

Усе пытаньнi ад таго, што так – словамi “Добрай ранiцы!” – да савецкага часу ў Беларусi не вiталiся. Ранiца, ранак – усяго толькi частка дня, яго пачатак. На дварэ ранiца – значыць, адышла ноч i надышоў дзень. У беларускiм моўным этыкеце не было асобнага вiтаньня на ранак, таксама, як няма яго, скажам, у французаў або суседзяў-палякаў. Вякамi i ранiцаю, i ўдзень беларусы вiталi адны адных, абыходзячыся бяз “Добрай раніцы!”: “Добры дзень!”, “Дзень добры!”, “Дабрыдзень!”. Вiтаньне “Добрай ранiцы!” скалькавалi ў мiнулым стагодзьдзi з расiйскай формы “Доброго утра!”. Скалькавалi ня дужа творча, похапкам, не зважалi на немiлагучны зьбег зычных рай-ра: “Добрай ранiцы!”. Але ж расiйская сыстэма каардынат, у гэтым выпадку моўных, зрабiла сваё – у нашай лiтаратурнай мове форма “Добрай ранiцы!” збольшага прыжылася.

І тут выходзiм на даволi далiкатнае пытаньне: як усё-такi быць з гэтай “добрай ранiцаю”, зь вiтаньнем, для часткi з нас ужо звыклым, натуральным? Ня думаю, што ўдасца сёньня цалкам выкасаваць з мовы такое вiтаньне. Аднак ведаць пра яго нетрадыцыйны, калькаваны характар i старацца вiтацца так, як вiталiся па-беларуску стагодзьдзямi, трэба. Цяпер – ранiца, пачатак дня. І я вiтаю вас: “Добры дзень!”, “Дабрыдзень!”, “Добрага вам дня!”.
XS
SM
MD
LG