Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, тэкст дэклярацыі апублікаваў позна ўвечары 6 студзеня Офіс прэзыдэнта Ўкраіны.
«Мы ўсе падкрэсьлілі нашу адданасьць справядліваму і трываламу міру ва Ўкраіне адпаведна прынцыпам Статуту ААН і прывіталі дасягнуты прагрэс, у тым ліку ў перамовах паміж амэрыканцамі, украінцамі, эўрапейцамі і іншымі партнэрамі. У прыватнасьці, Кааліцыя дакладна заявіла, што здольнасьць Украіны абараняць сябе мае вырашальнае значэньне для запэўненьня будучай бясьпекі Ўкраіны і калектыўнай эўраатлянтычнай бясьпекі. Мы пацьвердзілі, што забесьпячэньне сувэрэнітэту Ўкраіны і трывалага міру павінна быць неад’емнай часткай мірнага пагадненьня і што якое-кольвечы ўрэгуляваньне мае быць падмацавана надзейнымі гарантыямі бясьпекі для Ўкраіны», — адзначаецца ў дакумэнце.
Бакі заявілі аб сваёй гатоўнасьці прытрымлівацца сыстэмы палітычна і юрыдычна абавязковых гарантыяў, якія будуць актываваныя пасьля ўступленьня ў сілу рэжыму спыненьня агню, у дадатак да двухбаковых пагадненьняў аб бясьпецы і ў адпаведнасьці з належнымі праўнымі і канстытуцыйнымі працэдурамі.
Гарантыі будуць уключаць наступныя кампанэнты:
Удзел у прапанаваным ЗША мэханізьме маніторынгу і праверкі спыненьня агню. «Кааліцыя ахвочых» будзе прадстаўлена ў спэцыяльнай камісіі, якая будзе створана для разгляду якіх-кольвек парушэньняў, вызначэньня адказнасьці і захадаў для выпраўленьня сытуацыі.
Падтрымка Ўзброеных сілаў Украіны. Кааліцыя дамовілася працягваць надаваць Узброеным сілам Украіны крытычна важную доўгатэрміновую вайсковую дапамогу і ўзбраеньне для забесьпячэньня іхнай устойлівай баяздольнасьці, паколькі яны будуць заставацца першай лініяй абароны і стрымліваньня.
Шматнацыянальныя сілы для Ўкраіны, сфармаваныя шляхам унёскаў дзяржаваў — чальцоў Кааліцыі для падтрымкі аднаўленьня Ўзброеных сілаў Украіны і забесьпячэньня стрымліваньня. Гэтыя захады будуць рэалізаваныя пасьля надзейнага прыпыненьня баявых дзеяньняў і будуць праводзіцца пад кіраўніцтвам Эўропы, з удзелам неэўрапейскіх чальцоў кааліцыі і пры прапанаванай падтрымцы ЗША.
Абавязаньні падтрымаць Украіну з мэтай аднаўленьня міру ў выпадку будучага ўзброенага нападу з боку Расеі. Яны могуць уключаць выкарыстаньне вайсковага патэнцыялу, выведнай і лягістычнай падтрымкі, дыпляматычных ініцыятываў, увод дадатковых санкцыяў.
Абавязаньні паглыбляць доўгатэрміновую супрацу з Украінай у галіне абароны.
Бакі, якія падпісалі дэклярацыю, таксама вырашылі стварыць каардынацыйную групу ЗША — Украіна — Кааліцыя ў апэратыўным штабе Кааліцыі ў Парыжы.
6 студзеня ў сталіцы Францыі адбылася сустрэча лідэраў краін «Кааліцыі ахвочых», якая падтрымлівае Ўкраіну ў яе вайне з Расеяй. Да яе таксама далучыліся спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнэр, зяць Дональда Трампа.
Пасьля сустрэчы прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр падпісалі Дэклярацыю аб намерах разгарнуць шматнацыянальныя сілы ў выпадку мірнага пагадненьня. Стармэр растлумачыў, што дакумэнт «адкрывае шлях да праўнай базы, у межах якой брытанскія, францускія і іншыя партнэрскія войскі могуць дзейнічаць на тэрыторыі Ўкраіны».
Форум