Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЕ ІРАК ЗБРОЮ МАСАВАГА ЗЬНІШЧЭНЬНЯ? – МЕРКАВАНЬНІ ЭКСПЭРТАЎ


Натальля Судлянкова, Прага

Відавочна, што розьніца ў меркаваньнях абумоўленая рознымі падыходамі да ацэнкі магчымых тэмпаў стварэньня Багдадам зброі масавага зьнішчэньня. Вашынгтон і Лёндан лічаць, што пагроза існуе ўжо зараз. Найбольш трывожыць тое, што Садам Хусэйн можа пастаўляць узбраеньне тэрарыстам, якія потым выкарыстоўваюць яго для нападаў на Злучаныя Штаты ці іншыя заходнія цэлі.

Афіцыйныя асобы ў Парыжы, Бэрліне і Маскве перакананыя, што Ірак зьяўляецца толькі рэгіянальнай праблемай бясьпекі. Іншымі словамі, гэта не тэрарыстычная, а вайсковая праблема, і яе даволі лёгка вырашыць шляхам звычайнага раззбраеньня. Праціўнікі сілавога рашэньня ірацкай праблемы адзначаюць, што фактычна гэты працэс раззбраеньня пачаўся разам з ваеннымі інспэкцыямі Іраку.

Шанон Кайль ёсьць экспэртам у галіне ядзернай зброі і ракетных праграмаў, які працуе ў Стакгольмскім міжнародным інстытуце дасьледаваньняў міру. Спадар Кайль цьвердзіць, што да пачатку вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў Іраку актыўна вялася распрацоўка ядзернай зброі. Але ў 1998 годзе – пасьля некалькіх інспэкцыяў – МАГАТЭ заявіла, што ірацкая інфраструктура стварэньня ядзернай зброі была зьнішчаная, а зыходныя матэрыялы – сканфіскаваныя.

(Кайль: ) “Мы мусім сказаць, што ў дадзены момант няма відавочных доказаў спробаў Іраку аднавіць сваю ядзерную праграму. Калі б яны хацелі разьвіваць мясцовую вытворчасьць ядзерных матэрыялаў, гэтыя аб’екты былі б безумоўна знойдзеныя”.

Спадар Кайль кажа, што былі зарэгістраваныя спробы Іраку набыць натуральны ўран з Афрыкі, але сам факт наяўнасьці ўрану – гэта толькі першае зьвяно ў доўгім ланцугу. І тым ня менш, насьцярожвае магчымасьць таго, што аднойчы Багдад можа набыць зыходныя матэрыялы і пачаць ствараць уласную ядзерную зброю.

(Кайль: ) “Я думаю, што шмат хто згодзіцца з тым, што Ірак мае распрацаваную ядзерную зброю і мае тэхнічную магчымасьць стварыць бомбу цягам шасьці месяцаў, ці, магчыма, двух гадоў, калі яны атрымаюць зыходны матэрыял з вонкавых крыніцаў”.

І тым ня менш, як падкрэсьлівае экспэрт, няма відавочных доказаў таго, што Ірак атрымаў ці мог атрымаць дастатковую колькасьць урану, каб стварыць атамную бомбу.

(Кайль: ) “У апошнія дзесяць гадоў некалькі разоў паведамлялася пра незаконнае перамяшчэньне ядзерных матэрыялаў. Але наколькі мне вядома, няма праўдападобных доказаў таго, што канцэнтрацыя гэтых матэрыялаў у рукох адной дзяржавы ці нейкага паўдзяржаўнага фармаваньня не дасягае памераў, якія дазволілі б стварыць зброю масавага зьнішчэньня”.

Вялікую небясьпеку ўяўляе сабой ракетная праграма Іраку. У любы дзень гэтыя ракеты могуць быць выкарыстаныя ў якасьці носьбітаў зброі масавага зьнішчэньня.

Пакуль дакладна невядома, колькі ракетаў тыпу “Скад” Багдад мог схаваць ад інспэктараў. Але ваенныя адмыслоўцы ведаюць, што ня так даўна Ірак праводзіў выпрабаваньні ракетаў з мэтай дасягнуць значна большага, чым дазволена рэзалюцыямі Рады Бясьпекі ААН, радыюсу дзеяньня. Кіраўнік групы ваенных інспэктараў Ганс Блікс паведаміў Радзе Бясьпекі ААН, што цягам апошніх чатырох гадоў Ірак правёў выпрабаваньні двух тыпаў ракетаў, радыюс дзеяньня якіх – 161 і 183 кілямэтры – перавышае дазволены.

(Блікс: ) “Небясьпека ў тым, што ніхто ня ведае дакладна, якімі будуць радыюсы дзеяньня гэтых ракетаў. Мы ведаем, што Ірак зноў стварыў пускавыя ўстаноўкі, якія былі раней зьнішчаныя Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. Гэтыя ўстаноўкі зараз могуць быць выкарыстаныя, каб дасягаць аб’ектаў, што знаходзяцца на вялікай адлегласьці, мы ня ведаем, на якой”.

Адміністрацыя Злучаных Штатаў мяркуе, што Ірак мог перадаць зброю масавага зьнішчэньня, у тым ліку і ракетныя комплексы, тэрарыстычным групоўкам. Але ваенныя экспэрты адзначаюць, што Багдаду няма сэнсу гэта рабіць, таму што іх цяжка перавезьці незаўважанымі і даволі лёгка высьветліць, дзе яны былі вырабленыя.

Шмат хто з ваенных экспэртаў перакананы, што найбольшую пагрозу з боку Іраку ўяўляе сабой наяўнасьць у Багдаду хімічнай ды біялягічнай зброі масавага зьнішчэньня.

Як і ў пытаньні атамнай зброі, Вашынгтон і Лёндан цьвердзяць, што гэтая пагроза існуе ўжо зараз і распаўсюджваецца на розныя краіны сьвету, таму што Хусэйн мае сувязі з тэрарыстычнымі групоўкамі. Іншыя краіны ня лічаць гэтую пагрозу настолькі актуальнай і заяўляюць, што Ірак ствараў гэтую зброю выключна дзеля выкарыстаньня супраць мясцовых паўстанцаў ці суседзяў.

Паскаль Зандэрс ёсьць экспэртам у галіне хімічнай ды біялягічнай зброі ды працуе ў Стакгольмскім інстытуце дасьледаваньняў міру.

Спадар Зандэрс сказаў, што найбольш небясьпечнай зьяўляецца менавіта меркаваная наяўнасьць біялягічнай зброі ў Іраку. Аб гэтым відзе зброі менш за ўсё вядома ваенным экспэртам ААН. Больш за тое, біялягічная зброя можа быць лёгка вырабленая ў невялікіх лябараторыях, якія вельмі цяжка знайсьці.

У сваёй справаздачы Радзе бясьпекі ААН кіраўнік групы ваенных інспэктараў Ганс Блікс заявіў, што невядома, дзе знаходзяцца зыходныя матэрыялы, зь якіх можна вырабіць 5 тысяч літраў антраксу. Гаворка ідзе таксама аб 20 тысячах літраў моцнага батулатаксіна, а таксама 10 літрах рыцыну – атрутнага рэчыва, супраць якога няма антыдоту.

Але Зандэрс цьвердзіць, што адная наяўнасьць біялягічнай зброі яшчэ не зьяўляецца пагрозай, таму што трэба мець сыстэмы дастаўкі гэтай зброі да праціўніка. І ў гэтым сэнсе небясьпека біялягічнай зброі цесна зьвязаная зь небясьпекай разьвіцьця ракетных праграмаў у Іраку.

(Зандэрс: ) “Тэхналёгіі распаўсюджваньня мусяць прайсьці выпрабаваньні. Якраз тэсты на адкрытым паветры будуць зафіксаваныя спэцслужбамі буйных краінаў. Больш за тое, трэба падрыхтаваць жаўнераў, каб яны маглі карыстацца такой зброяй”.

У Іраку няма вопыту палявых выпрабаваньняў біялягічнай зброі, але выпрабаваньні хімічнай зброі былі праведзеныя, напрыклад, супраць іранскага войска цягам ірацка-іранскай вайны ў 1980-х гадох. Сумна вядомае таксама масавае забойства ірацкіх курдаў у 1988 годзе, супраць якіх быў выкарыстаны гарчычны газ.

Адзначалася, што Ірак зараз працуе над рэагентамі, які дазволяць стабілізаваць хімічную ды біялягічную зброю, што зробіць яе значна больш небясьпечнай. Менавіта гэта спадар Зандэрс бачыць як найбольш небясьпечную зьяву:

(Зандэрс: ) “Вытворчасьць вялікай колькасьці хімічнай зброі пакідае сьляды. Я думаю, што ў сваіх лябараторыях яны зараз праводзяць вопыты зь хімічнымі ды біялягічнымі рэчывамі і шукаюць шляхі альбо аптымізацыі вытворчасьці, альбо вырабу стабілізатараў. Я не зьдзіўлюся, калі менавіта гэта будзе знойдзенае інспэктарамі ААН”.

Спадар Зандэрс сумняецца ў тым, што хімічная ці біялягічнай зброя можа быць перададзеная ў трэція рукі. Экспэрт тлумачыць гэта тым, што, па-першае, перадача такой зброі тэрарыстам робіць сам Ірак магчымай мішэньню нападу. А, па-другое, паходжаньне канкрэтнага тыпу антраксу даволі лёгка высьветліць, і калі будзе даказана, што антракс у руках тэрарыстаў паходзіць зь Іраку, гэта можа імгненна стаць падставай для ваеннай апэрацыі супраць Багдаду.

Але гэтыя аргумэнты не зьяўляюцца пераканаўчымі для амэрыканскіх афіцыйных асобаў. У якасьці тлумачэньня сваіх падыходаў яны прыводзяць прыклад дзеяньняў тэрарыстычных груповак: напад групоўкі “Аўм сінрыкё” у такійскім мэтро, калі тэрарысты выкарысталі газ зарын. У выніку тэракту 12 чалавек загінулі, болей як 5 тысячаў пацярпелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG