Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “СЛАЎНАФЦЕ” ЎЗБРОЕНЫХ ЛЮДЗЕЙ СЁНЬНЯ НЕ БЫЛО


Міхал Cтэльмак, Менск

Як паведаміў нашаму радыё віцэ-прэзыдэнт “Слаўнафты” Андрэй Шторх, сёньня стан у беларуска-расейскай кампаніі нармалізаваўся. Ніякіх узброеных людзей, паводле ягоных словаў, у цэнтральным офісе “Слаўнафты” сёньня не было, і ўсе супрацоўнікі на чале з прэзыдэнтам кампаніі працавалі ў звычайным рэжыме.

Што тычыцца рэакцыі прадстаўнікоў Беларусі на падзеі 24 траўня, то спадар Шторх зазначыў на гэты конт наступнае:

(Шторх: ) “У пятніцу званкоў зь Беларусі не было дакладна. Я ведаю, што наша прадстаўніцтва ў Менску вельмі занепакоілася гэтай сытуацыяй. Але мы зрабілі захады, каб утаймаваць эмоцыі, накіравалі ім артыкулы з расейскай прэсы. У гэтай сытуацыі нам важная псыхалягічная падтрымка беларускага боку. Я ня маю сумневу ў тым, што і кіраўніцтва Беларусі, і нашы калегі па канцэрну “Белнафтахім”, і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу — усе цудоўна разумеюць, што тут адбывалася, і зараз, пасьля атрыманьня пазытыўнай навіны з Масквы, супакоіліся і перасталіі за нас перажываць”.

Адметна тое, што змаганьне зь Юрыем Суханавым за права кіраваньня “Слаўнафтай” вёў Анатоль Бараноўскі — былы кандыдат на прэзыдэнта кампаніі ад ураду Беларусі. Паводле словаў Андрэя Шторха, роля спадара Бараноўскага ў гэтым супрацьстаяньні яму пакуль не зразумелая. Але, на ягоную думку, ён рэалізоўваў інтарэсы не Беларусі, а расейскага прыватнага бізнэсу.

Афіцыйныя структуры Беларусі пакуль што не сьпяшаюцца агучваць сваёй рэакцыі на падзеі ў “Слаўнафце”. А што думаюць на гэты конт на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, які цесна супрацоўнічае зь беларуска-расейскай кампаніяй? Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства ў эканамічных пытаньнях Яўген Арцюшэнка:

(Арцюшэнка: ) “Я лічу так: гэта нашы акцыянэры і мы павінны ўспрыняць іх такімі, якія яны ёсьць. Мы займаемся канкрэтнымі рэчамі. Тое ж, пра што там распавядаюць тэлебачаньне, радыё, газэты — гэта рэчы, якія ніяк не зьвязаныя з тэхналягічным працэсам альбо з канкрэтнымі людзьмі, якія ў нас працуюць. Нейкіх рашэньняў, якія б пагаршалі наша становішча, пакуль не прынята. А калі ўласьнікі прынялі такое рашэньне, значыцца, гэта правільнае рашэньне. На сёньняшні дзень наш завод у прынцыпе працуе на павышанай загрузцы, таму цяжка чым-небудзь папракнуць кампанію”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG