Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

Яе герой – не мітычны Рабінзон Круза з раману Дэніэла Дэфоў 1719 году, а ягоны прататып – шатляндзец Аляксандар Сэлкірк. Правёўшы вычарпальныя архіўныя дасьледаваньні, пісьменьніца дэтальна апісала дэталі побыту Сэлкірка на востраве Хуана Фэрнандэса, за 450 кілямэтраў ад берагоў Чылі, дзе ён пражыў самотна 52 месяцы. Сэлкірк памёр ад ліхаманкі падчас падарожжа ў Заходнюю Афрыку ў 1721 годзе.

АРАКАТАКА (КАЛЮМБІЯ). Музэй Габрыэля Гарсіі Маркеса ў доме ў мястэчку Аракатака, дзе пісьменьнік нарадзіўся 75 гадоў таму і правёў сваё дзяцінства, паступова прыходзіць да заняпаду. Адкрыты ў 1982 годзе, калі Маркес атрымаў Нобэлеўскую прэмію, гэты музэй мае каля 500 наведнікаў за год і існуе з ахвяраваньняў. Яго нагляднік Ансісар Вэргара ўжо забыўся, калі апошні раз атрымваў свой месячны ўрадавы заробак на 193 даляры. Вэргара ня памятае, калі Маркес апошні раз наведваў роднае мястэчка, успаміны пра якое леглі ў аснову стылю «магічнага рэалізму». Гады, праведзеныя ў Аракатацы, натхнілі пісьменьніка на стварэньне ўяўнага сусьвету раману «Сто гадоў адзіноты». Габрыэль Гарсія Маркес цяпер жыве ў Лос-Анджэлесе, дзе лечыцца ад раку і піша ўспаміны.

НЬЮ-ЁРК. Амэрыканскае выдавецтва «Зондэрван» выдала новы «палітычна карэктны» пераклад Новага Запавету. У перакладзе словы «ён», «сын», «бацька», «мужчына» паўсюль замененыя на полава-нэўтральныя тэрміны. Дырэктар выдавецтва заявіў, што ў новым перакладзе захаваныя біблійныя прынцыпы, аднак пры гэтым чытачы могуць пабачыць, што «Біблія – гэта кніга ня толькі для хлопчыкаў». Крытыкі новага тэксту, які завецца «Сёньняшні Новы Міжнародны Пераклад», цьвердзяць, што выкараненьне граматычнага роду, задуманага аўтарамі Сьвятога Пісаньня, парушае тэкст Эвангельля, зацямняючы бацькоўства Бога і сапраўдную сутнасьць Ісуса Хрыста.

РАМАЛАГ (ПАЛЕСТЫНСКАЯ АЎТАНОМІЯ). Выступаючы ў Рамалагу, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі партугальскі пісьменьнік Жазэ Сарамагу параўнаў ізраільскую акупацыю палестынскіх тэрыторыяў зь нямецкім канцэнтрацыйным лягерам у Асьвенціме. Сарамагу ўваходзіць у дэлегацыю Міжнароднага пісьменьніцкага парлямэнту, якая прыехала ў рэгіён пазнаёміцца з сытуацыяй у зоне канфлікту і сустракаецца з палестынскімі і ізраільскімі пісьменьнікамі. У дэлегацыю таксама ўваходзіць нобэлеўскі ляўрэат нігерыец Воле Шоінка, гішпанец Хуан Гайтысола, паўдзённаафрыканец Брэйтэн Брэйтэнбах ды іншыя пісьменьнікі.

ПАРЫЖ. Шэраг францускіх пісьменьнікаў і літаратурных крытыкаў выступілі з пэтыцыяй у абарону Франсуазы Саган, нядаўна асуджанай на год турмы умоўна за спробу ўхіліцца ад сплаты падаткаў. «Саган вінаватая грошы дзяржаве, аднак Францыя вінаватая ёй значна болей – пісьменьніца прынесла ёй прэстыж, талент, смак свабоды і насалоду жыцьця. Мы патрабуем ад уладаў прыняць хуткую і прыстойную пастанову, каб даць пісьменьніцы магчымасьць вярнуць спакой душы і аддацца творчасьці. За ўсімі рэжымамі Францыя паважала сваіх пісьменьнікаў. Было б шкада парушыць гэтую традыцыю дзеля вульгарных матэрыяльных прычынаў», – пішуць аўтары пэтыцыі ў падтрымку Франсуазы Саган.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG