Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕСПРАЦОЎНЫЯ НЕ СПАДЗЯЮЦЦА НА ДАПАМОГУ ДЗЯРЖАВЫ


Галіна Абакунчык, Менск

104 тысячы, альбо 2,3% працаздольнага насельніцтва Беларусі — такая афіцыйная статыстыка беспрацоўя ў нашай краіне на першыя дні 2002 году. Гэта не вялікі паказчык, бо нядаўні сацыяльны выбух у Аргентыне справакавала незанятасьць у вытворчасьці 20% эканамічна актыўных жыхароў. Удвая менш беспрацоўных у свой час было ў Польшчы, калі там распачалася палітычная і эканамічная перабудова.

Беларусь у гэтым сэнсе дзяржава “стабільная”, аднак афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальнага становішча на рынку працы краіны. Неэфэктыўныя пошукі працоўных месцаў, неадпаведнасьць прапановаў патрабаваньням, нізкія выплаты па беспрацоўю, якія складаюць два мінімальныя заробкі, робяць малапрывабнай афіцыйную рэгістрацыю ў аддзелах занятасьці насельніцтва.

У гэтым давялося пераканацца, наведаўшы адзін з аддзелаў занятасьці Менску ў Кастрычніцкім раёне. 52-гадовы інжынэр Васіль Пятровіч беспрацоўны два гады, ён прыходзіць сюды толькі каб пацікавіцца новымі паведамленьнямі пра вакансіі.

(Васіль Пятровіч: ) “На біржы не зарэгістраваны. Быў, а пасьля адмовіўся. Ай, пустая гэта справа”.

(Карэспандэнтка: ) “Цяжка знайсьці працу?”

(Васіль Пятровіч: ) “Ня тое слова”.

Кіроўца-кранаўшчык Уладзімер і ягоны сябар Мікалай беспрацоўныя толькі месяц, але таксама перакананыя, што найлепшы мэтад працаўладкаваньня — самастойны пошук працы.

(Уладзімер: ) “Не рэгістраваўся. Навошта мне гэта — што яны мне могуць заплаціць? Я знаю, што знайду сабе працу па-любому. Бязь біржы знайду. Чаго на іх спадзявацца? Можна чакаць гадамі й нічога не атрымаць”.

(Мікалай: ) “На сто даляраў — тут не прапаноўваюць такой працы. А самому лягчэй знайсьці і на сто даляраў, і больш”.

Былы інжынэр Канстанцін Іванавіч не працуе з пачатку году. У аддзел занятасьці прыйшоў упершыню, але больш зь цікаўнасьці, а не спадзеючыся на канкрэтную дапамогу.

(Канстанцін Іванавіч: ) “Нядаўна шукаю працу, і празь біржу працы таксама. Але яшчэ не рэгістраваўся й напэўна ня буду, бо той мізэр, які мне тут выплацяць, маё матэрыяльнае становішча не паправіць”.

Толькі летась і толькі зь дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі звольнілі 648 тысяч чалавек, а наноў працаўладкаваліся на 38 тысяч менш. Паводле ж афіцыйнай статыстыкі колькасьць беспрацоўных летась зьнізілася на некалькі тысяч чалавек.

На практыцы гэта азначае, што як найменш 38 тысяч нашых суайчыньнікаў папоўнілі шэрагі арміі схаванага беспрацоўя. Прадстаўнікі ўладных структураў усьведамляюць, што гэтая лічба штогоду большае, але паўплываць на гэты працэс ня могуць. Гаворыць намесьніца аддзелу занятасьці Кастрычніцкага раёну Менску Вольга Ярмошына:

(Ярмошына: ) “Колькасьць зваротаў у службу занятасьці год ад году расьце. Беспрацоўе сярод моладзі таксама ўзрастае. Колькасьць працоўных вакансіяў ня зьнізілася, але хоць і гаворыцца, што ў вытворчасьці заробак павінен быць сто даляраў, напраўду гэтага няма. Працоўныя вакансіі на дзяржаўных прадпрыемствах нізкааплатныя. Таму падабраць чалавеку працу ў адпаведнасьці зь ягонымі жаданьнямі й патрабаваньнямі сёньняшняга жыцьця вельмі складана. Толькі рэгістрацыяй нельга паказаць рэальную карціну беспрацоўя. Калі б усе людзі, якія маюць патрэбу ў працаўладкаваньні, праходзілі праз службу занятасьці, то гэтая лічба была б вышэйшая — я ня ведаю, у колькі разоў”.

Занятасьць насельніцтва па-беларуску — гэта яшчэ й трохдзённыя працоўныя тыдні, і адпачынкі за ўласны кошт, і “разьдзьмутасьць” адміністрацыйных апаратаў.

104 тысячы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных — гэта людзі, ня здольныя трываць такую “стабільнасьць”. Але й самастойна знайсьці сабе працу яны ўжо страцілі надзею.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG