Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКІЯ ПАМЕЖНІКІ РЫХТУЮЦЦА СУСТРЭЦЬ УЦЕКАЧОЎ З АФГАНІСТАНУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Берасьцейскай памежнай групы Зьміцер Дзявятаў, сярод тых, хто спрабуе нелегальна перасячы беларуска-польскую мяжу апошнім часам пераважаюць выхадцы з азіяцкіх рэгіёнаў, асабліва з Пакістану ды Афганістану.

Напачатку верасьня каля вёскі Агароднікі Берасьцейскага раёну беларускія памежнікі затрымалі адразу 23 грамадзянаў Афганістану, якія спрабавалі трапіць у Польшчу нелегальна. Паколькі гэтых асобаў пры спробе парушыць дзяржаўную мяжу затрымалі ўпершыню, суд вырашыў выслаць іх з тэрыторыі Беларусі.

Разам з тым кіраўніцтва берасьцейскай памежнай групы сьцьвярджае, што польскі бок абмежаваў мажлівасьць трапіць у гэтую краіну для тых грамадзянаў азіяцкага рэгіёну, якія жадаюць легальна перасячы мяжу.

У прыватнасьці, у беларускіх памежнікаў ёсьць зьвесткі, што яшчэ да цяперашніх падзеяў вакол Афганістану некаторых грамадзянаў гэтай краіны не пусьцілі ў Польшчу па сапраўдных дакумэнтах. Падставай стала тое, што афганцы ня мелі адпаведнай візы адной з заходніх дзяржаваў, а таму маглі застацца ў Польшчы на няпэўны час.

Па словах Зьмітра Дзявятава, зараз высьвятляюць, што і наяўнасьць такіх візаў не дае гарантыі, што ейны ўладальнік трапіць у Польшчу.

Берасьцейскія памежнікі ўважліва сочаць за падзеямі, што адбываюцца зараз у Афганістане і вакол гэтай краіны. Пачатак буйной вайсковай апэрацыі можа прывесьці да масавага сыходу насельніцтва. Шмат людзей з Афганістану будзе шукаць паратунку на Захадзе і паспрабуе трапіць у Беларусь.

Магчымасьці такога разьвіцьця падзеяў не выключаюць ня толькі памежнікі, але і міліцыянты. Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў аблвыканкаму паведамілі, што сёлета зь Берасьцейшчыны дэпартавалі больш за паўсотні іншаземцаў, якія парушылі правілы свайго знаходжаньня ў Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG