Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖЫТКАВІЧАХ ЗВОЛЬНІЛІ З ПРАЦЫ АКТЫВІСТА СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Міхал Стэльмак, Менск

Загад пра звальненьне падпісаў дырэктар Жыткавіцкага маторабудаўнічага заводу Віктар Кур'яновіч. Ён абгрунтаваў такое рашэньне тым, што Андрэй Папок нібыта сыстэматычна парушаў працоўную дысцыпліну, адмаўляўся выконваць зьменныя заданьні. А вось што паведаміў на гэты конт звольнены рабочы:

(Папок: ) "Абурыліся мы, рабочыя, несправядлівай аплатай працы ў нашым цэху. Ну, і пасьля гэтага на мяне распачаўся асноўны ціск, паколькі я пісаў усе гэтыя звароты аб парушэньнях. За апошнія паўтара тыдні мне далі тры вымовы. Прымушалі выконваць заданьні з істотнымі зьменамі ва ўмовах працы. Я адмовіўся".

Звольнены рабочы адпрацаваў на заводзе сем гадоў. Прычым выконваў ён высокакваліфікаваную работу апэратара станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем. Адначасова актыўна займаўся прафсаюзнай дзейнасьцю.

Некалькі месяцаў таму рабочыя дамагліся звальненьня папярэдняга кіраўніка заводу Ўладзіміра Воранава, праца якога іх не задавальняла. Новы дырэктар улічыў сумны досьвед свайго папярэдніка і, як мяркуе Андрэй Папок, вырашыў адпомсьціць рабочым. Гэтак, у прыватнасьці, звальненьне жыткавіцкага рабочага пракамэнтаваў нашаму радыё старшыня рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы:

(Трошчы: ) "Асноўная прычына ў тым, што ён змагаўся за правы рабочых, за іхныя інтарэсы. У калектыўнай дамове Жыткавіцкага маторабудаўнічага заводу запісана, што наймальнік абавязаны выплочваць 150% мінімальнага спажывецкага бюджэту. Гэта дзесьці каля 117 тысяч рублёў, а ў іх заробкі — 50-60 тысяч. Гэта ўрэшце абурыла рабочых. Чатырнаццаць зь іх, скарыстаўшы досьвед Андрэя Папка, накіравалі скаргі ў камісію па працоўных спрэчках. Папок дапамог ім аформіць дакумэнты. Ён сам змагаўся за свае правы і дапамагаў іншым".

Паводле словаў Віктара Трошчага, Свабодны прафсаюз зьбіраецца абараняць свайго актывіста. У Жыткавіцкі раённы суд накіравалі скаргу аб парушэньні працоўных правоў Андрэя Папка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG