Паводле Ірыны Алкаевай, ужо больш як месяц ейны муж знаходзіцца ў сваякоў у Расеі, і ў яе няма зьвестак пра тое, што ён некуды зьехаў. Галоўнай прычынай ад'езду ў Расею Алега Алкаева ягоная жонка назвала апасеньне за ўласнае жыцьцё.
Нагадаю, прозьвішча Алкаева стала вядомае беларускай грамадзкасьці пасьля агалошваньня Ўладзімерам Ганчарыкам дадатковых дакумэнтаў пра наяўнасьць у краіне так званага "эскадрону сьмерці".
Ганчарык тады прывёў рапарты генэрала міліцыі Лапаціка і палкоўніка Алкаева, якія ўтрымлівалі ўскосныя доказы злачыннай дзейнасьці гэтага фармаваньня. У прыватнасьці, Алег Алкаеў пацьвярджаў, што камандзір СОБРу Паўлючэнка атрымліваў у карыстаньне пісталет, зь якого забіваюць прысуджаных да сьмерці злачынцаў. Прычым, дні, калі гэты пісталет трапляў да Паўлючэнкі, супалі з днямі, калі зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.
Яшчэ да агалошваньня гэтых матэрыялаў Алкаеў зьехаў зь Беларусі. Падобна на тое, што ён не зьбіраецца ў хуткім часе вяртацца. На мінулым тыдні жонка Алкаева Ірына ад ягонага імя падала рапарт аб звальненьні, што пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.