Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІ АБЛАСНЫ СУД СТАЎ НА БОК УПРАВЫ ЮСТЫЦЫІ Ў СПРАВЕ НЕРЭГІСТРАЦЫІ “СЁМАЙ ГРАНІ”


Алег Жукоўскі, Віцебск

Падставамі для адмовы з боку ўправы юстыцыі сталіся, на погляд чыноўнікаў, неадпаведныя назову арганізацыі даволі шырокія мэты й задачы. Тое, што арганізацыя зьбіраецца працаваць ня толькі са сваімі сябрамі, а наогул з моладзьдзю гораду, што шаснаццацігадовыя юнакі і дзяўчынкі ня ў стане праводзіць навуковую і творчую працу. Што не пералічаныя дакладна ўсе мэтады дзейнасьці. Астатнія прэтэнзіі хаваліся пад словамі “і іншае”.

Прадстаўнікі “Сёмай грані” – яе старшыня Вольга Карач і запрошаная зь менскага Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў Вольга Смалянка – адкінулі аргумэнты, якія агучыла галоўны спэцыяліст управы юстыцыі Сьвятлана Мазурава. Ніякая арганізацыя ня ў стане працаваць толькі са сваімі сябрамі, бо тады ня зможа пашырацца. Напрамкі работы павінны адпавядаць мэтам, а не назве. У Статуце гаворыцца пра сяброўства з 16 год, але большасьць чальцоў старэйшыя. Некаторыя зь сяброў ужо маюць навуковыя працы; “Сёмая грань” выдала тры зборнікі і адзін нумар часопісу з паэтычнымі творамі сваіх сябраў, а тысячы існуючых мэтадаў пералічыць у статуце немагчыма. Прэтэнзіі, якія управа юстыцыі мае на ўвазе пад словамі “і іншыя” юрыдычна недакладныя, бо канкрэтна неакрэсьленыя. Вольга Смалянка папрасіла далучыць да справы некалькі падобных статутаў, якія зарэгістраваныя як Віцебскай абласной управа юстыцыі, так і Мін’юстам.

Сябры арганізацыі ня вельмі спадзяваліся на станоўчае рашэньне: судзьдзям, прэміі і катэгорыі якіх залежаць якраз ад управы юстыцыі, цяжка ісьці супраць. Так і адбылося – скарга не задаволеная. Аднак судзьдзя Аляксандар Фальковіч падкрэсьліў, што некаторыя патрабаваньні упраўленьня юстыцыі не зьяўляюцца законнымі і зьняў асноўныя пункты адмовы, пакінуўшы фармальныя.

Пасьля заканчэньня паседжаньня спадар Фальковіч затрымаў усіх і падрабязна патлумачыў, як падаць скаргу ў Вярхоўны суд, што прадстаўнікі “Сёмай грані” і маюць намер зрабіць у бліжэйшы час.

Калі ўлічыць, што за апошні год у Віцебску было пасьпяхова зарэгістравана некалькі арганізацыяў, статуты якіх маюць аналягічныя фармулёўкі, а “Сёмая грань” рэгіструецца ужо паўтары гады, атрымліваецца, што справа набывае палітычнае адценьне.

Вось што кажа старшыня “Сёмай грані” Вольга Карач.

(Карэспандэнт: ) “Чаму менавіта ў вас ніяк не атрымліваецца зрабіцца арганізацыяй дэ-юрэ, хаця дэ-факта вы існуеце амаль 5 год?”

(Вольга Карач: ) “Тут можна назваць толькі адну прычыну – нас баяцца. Мы ганарымся тым, што “Сёмая грань” зьяўляецца найбуйнейшай і ў выніку сваёй легалізацыі з посьпехам створыць канкурэнцыю самому БПСМ. “Сёмая грань” цьвёрда стаіць на прынцыпах дэмакратычнасьці і беларускасьці, і пры гэтым заявы у арганізацыю гатовыя падаць ня менш за 300 чалавек. І гэта ведае мясцовая ўлада”.

(Карэспандэнт: ) “Якія будуць вашыя дзеяньні, калі і Вярхоўны суд вам адмовіць у рэгістрацыі?”

(Вольга Карач: ) “Мы прыкладзем усе намаганьні, каб 9 верасьня верх гэтае ўлады зьмяніўся. А гэта значыць, што замест таго, каб працаваць на рэалізацыю творчага патэнцыялу віцебскай моладзі, мы будзем актыўна працаваць дзеля рэалізацыі амбіцыяў будучага адзінага кандыдата. Ну і, канечне, сустрэнемся са спадарыняй Мазуравай у Гаазе”.

Гэта была Вольга Карач, старшыня віцебскай моладзевай арганізацыі “Сёмая грань”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG