Нягледзячы на тое, што Зьміцер Фядорчанка беспрацоўны, судзьдзя Натальля Вайцяховіч абавязала яго заплаціць штраф 750 амэрыканскіх даляраў.
Ужо напачатку судовага паседжаньня стала зразумела, што будзе менавіта такі прысуд, бо ў будынку не было міліцыянтаў, якія звычайна суправаджаюць арыштаваных у спэцпрыёмнік. Для Зьмітра гэта ўжо чацьверты суд за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах. Штрафы агулам склалі больш як тысячу даляраў.
(Фядорчанка: ) "Гэта ўжо чацьверты суд. У мяне было 150 мінімальных заробкаў, два месяцы таму — 20, і сёньня 150. Я павінен выплаціць больш за тысячу даляраў. Я ж беспрацоўны. Ня ведаю, як іх выплаціць. Прасіў судзьдзю даць мне лепш суткі, а яна адмовіла. Сказала, што гэта будзе вельмі жорсткае пакараньне. Але на гэтым я здавацца ня буду, буду змагацца далей", — паведаміў Радыё Свабода Зьміцер Фядорчанка ў судовай залі Цэнтральнага суду.