Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

(эфір 20 сьнежня)
Лідэр філіі ТБМ у Жодзіне Аляксей Лапіцкі атрымаў афіцыйны адказ зь Менскай абласной пракуратуры на сваю заяву пра факты перасьледу сяброў Таварыства ды іншых патрыятычных арганізацыяў з боку мяйсцовых актывістаў партыі "Русское Национальное единство".

Адказ падпісаў старшы памочнік пракурора Менскае вобласьці спадар Лісок. Пракурорскі допіс тычыўся толькі эпізоду допыту 3 лістапада ва ўправе КГБ няпоўнагадовага сябра ТБМ Аляксея Падалякіна. Адказ не ацэньваў з пункту гледзішча існуючага права факт затрыманьня хлапчука, які распаўсюджваў чарговы выпуск газэты "Наша Свабода". Адно адзначаў: "Нейкіх пагрозаў або іншых незаконных дзеяньняў у адносінах да Падалякіна з боку работнікаў КГБ не зьдзяйсьнялася".

Аляксей Лапіцкі заўважыў: ён у сваёй заяве на ймя жодзінскага пракурора спадара Расолькі, якая затым была перасланая ў абласную пракуратуру, прывёў канкрэтныя факты, якія тычыліся яшчэ й некалькіх нападаў расейскіх шавіністаў на штаб-кватэру ТБМ у Жодзіне са спробамі падпалу дзьвярэй памяшканьня ды закідваньня вокнаў тухлымі яйкамі, няспынных пагрозьлівых тэлефанаваньняў у штаб-кватэру з прапановамі згарнуць дзейнасьць Таварыства.

Гэткія ж пагрозы ў адрас некаторых няпоўнагадовых сяброў ТБМ з патрабаваньнямі выйсьці з арганізацыі адпускаў, як сьведчылі дзеці, асабіста Сяргей Маклак, прыхільнік "РНЕ". (Ён надоечы быў асуджаны паводле адміністрацыйнай справы за зьбіцьцё 14-гадовага Алеся Лапіцкага, сына Аляксея Лапіцкага, да выплаты штрафу на 3600 рублёў.)

Вось якія ўражаньні засталіся ў лідэра філіі ТБМ ад разьбіральніцтва ягонае заявы спадаром Ліском…

"…які абмежаваўся ў пракурорскіх дзеяньнях размоваю са мною і Аляксеем Падалякіным. Ён выступаў як быццам адвакатам спадара Пятровіча, а не пракурорам, які мусіць сачыць за літараю закона", — зазначыў Аляксей Лапіцкі.

Нагадаю: Пятровіч — кіраўнік мяйсцовае ўправы КГБ.

Гэткая праваахоўная дзейнасьць старшага памочніка пракурора Менскае вобласьці, паводле сьведчаньня лідэра філіі ТБМ, не напалохала фашыстоўскіх малойчыкаў, але заахвоціла іх на новыя экстрэмісцкія выхадкі. Літаральна праз два дні пасьля прыезду спадара Ліска ў Жодзіна яны зрабілі новы напад на штаб-кватэру ТБМ. Яны пад час адстутнасьці там актывістаў Таварыства апаганілі лесьвічную пляцоўку, а на дзьвярох пакінулі зьняважлівы надпіс крэйдаю.

На заяву, пададзеную Аляксеям Лапіцкім у мясцовы ГАУС, адказу пакуль няма. Як няма і адказу ад кіраўніцтва тамтэйшай АТС: зь якіх жа тэлефонаў ажыцьцяўляюцца брудныя тэлефанаваньні у філію ТБМ?

Пра нядаўні напад на аднаго з жыхароў места фашыстоўскіх малойчыкаў сьведчыць кіраўніца Гэльсынскае групы ў Жодзіне Іраіда Міско:

"Яны яго нагналі, сталі каля яго кучкавацца. Гэты чалавек сталага веку спыніўся, дастаў з кішэні нож і сказаў: "Хлопцы, вы можаце мяне зьбіць прафэсійна. Я бачу, што вы трэніраваныя, але аднаго з вас усё роўна зарэжу". Гэтыя хлопцы спыніліся. І гэты чалавек пайшоў далей. Я спадару начальніку міліцыі расказала пра гэта. Ён быў усхваляваны. І ён паабяцаў, што гэтым зоймецца".

Але, як выказалася Іраіда Міско, пакуль што спадар Конан, начальнік ГАУС у Жодзіне , выкрыцьцём тых, хто палюе на тэбээмаўцаў (пераважна няпоўнагадовых хлапчукоў і дзяўчынак), не заняўся. Што тычыцца Аляксея Лапіцкага, ён зараз рыхтуе чарговую скаргу. На гэты раз на імя Генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG