Анонс культурных падзеяў на тыдзень 11–17 сьнежня. На гэтым тыдні будзем глядзець кіно. Замежнае. У ПАНЯДЗЕЛАК увечары ў сталічным кінатэатры "Піянер" урачыста распачынаецца "Фэст Раберта Беніньі", прысьвечаны гэтаму выдатнаму італьянскаму актору, рэжысэру і сцэнарысту. Фэст адкрывае "Жыцьцё цудоўнае" — стужка, якая сабрала тры "Оскары" і Канскі Гран-пры. Да 15 сьнежня, дзякуючы амбасадзе Італіі ў Беларусі, менскія кінаманы змогуць паглядзець яшчэ чатыры фільмы, у якіх у галоўных ролях таксама заняты Рабэрта Беніньі. А ў сталічных кінатэатрах "Масква" і "Кастрычнік" — "Танцорка ў цемры". Гэты фільм дацкага рэжысэра Ларса фон Трыера са знакамітаю ісьляндзкаю сьпявачкаю Б'ёрк у галоўнай ролі крытыкі пасьпяшаліся абвесьціць новым (пасьля Феліні) словам у эўрапейскім кіно ды лепшым фільмам году. Паказ гэтага псыхалягічнага шэдэўру ў Менску пачаўся адначасова зь ягонай нью-ёркскаю прэм'ераю — слабая суцеха за адсутнасьць свайго нацыянальнага кінагонару. Чаго не сказаць пра выяўленчае мастацтва. У клясычных ды авангардовых жанрах беларускія мастакі пасьпяхова канкуруюць з замежнікамі. Каб упэўніцца ў гэтым, варта ў АЎТОРАК пайсьці на адмысловую лекцыю Віктара Пятрова-Хруцкага, якую ўвечары ў сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзіць Беларускі калегіюм. Гарадзенцы й госьці гораду змогуць пераканацца ў тым, наведаўшы "Галярэю Тызэнгаўза", у якой да 1 студзеня працуе калядная выстава з рэдкім багацьцем мастацкіх твораў ды адмысловых калядных сувэніраў, якія могуць стаць і падарункамі для вашых блізкіх. Дзеля параўнаньня з айчыннымі майстрамі жывапісу ды графікі варта ў СЕРАДУ зазірнуць у сталічны музэй сучаснага мастацтва, што на праспэкце Францішка Скарыны, 47, дзе яшчэ будуць экспанавацца творы нямецкага мастака Удо Шэля. Ці ў Нацыянальны мастацкі музэй, у якім працягваецца шырака разгорнутая выстава расейскага пэйзажнага жывапісу. А ў ЧАЦЬВЕР можна займець асалоду ад сузіраньня мастацтва выдатных айчынных танцораў. Тым больш, што іх у гэты вечар на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру балета чакаецца цэлае сузор'е, бо ў праграме ажно тры аднаактовыя, стылістычна розныя, творы: "Макбет" Кузьняцова, "Балеро" Равэля ды "Прывал кавалерыі" Армэгэймэра. Аматары ж ня толькі дзівіцца на чужыя танцы, але й выконваць свае, маюць мажлівасьць зрабіць гэта ў ПЯТНІЦУ ў Берасьці. Акцыя, якую там будзе ладзіць Беларуская Музычная Альтэрнатыва супольна зь "Лініяй гуку" так і называецца — "Вольныя танцы". Для вас граюць "Крама", "Нейро Дюбель", "Сад" ды іншыя рок-гурты. Аматараў айчыннага прыгожага пісьменства запрашае Дом літаратара на сустрэчу зь беларускім паэтам з Варшавы Алесям Барскім. У СУБОТУ — зноў "Вольныя танцы". На гэты раз у Горадні. А затым культурніцкі акцэнт пачне плаўна зьмяшчацца ў бок навагодніх імпрэзаў. Першым на сваю танцавальна-мастацкую "Ялінку" запрашае Менскі тэатар плястычнага гратэску "Жэст", якая НЯДЗЕЛЬНЫМ днём зазіхціць у залі Тэатру Юнага Гледача. Да наступнага тыдня! Вольны час з вамі бавіць
Валянціна Аксак
Валянціна Аксак