Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязьняў прайшлі ў Вашынгтоне і Беластоку. ФОТА


Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Вашынгтоне
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Вашынгтоне

Акцыі прымеркаваныя да Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 сьнежня.

У Вашынгтоне перад Белым домам нагадалі пра лёс палітвязьня-праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Як піша праваабарончы рэсурс MAYDAY, беларускія актывісты 6 лістапада, напярэдадні Дня правоў чалавека, у Вашынгтоне побач зь Белым домам правялі пікет, на якім заклікалі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ўзмацніць намаганьні для вызваленьні ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:

«Мы ведаем, што Злучаныя Штаты за апошні год дасягнулі пэўных посьпехаў у пытаньні вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі. Пікетам мы хацелі нагадаць пра Алеся Бяляцкага, заснавальніка і кіраўніка Праваабарончага цэнтру „Вясна“, якога з палітычных прычынаў да гэтага часу ўтрымліваюць пад вартай за яго праваабарончую дзейнасьць. Мы спадзяемся, што адміністрацыя Трампа зробіць усё магчымае, каб ляўрэат Нобэлеўскай прэміі як мага хутчэй апынуўся на свабодзе», — заявіў адзін з удзельнікаў пікету.

Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беластоку

7 сьнежня ў Беластоку ў сквэры Вольнай Беларусі ля консульства Рэспублікі Беларусь людзі выйшлі на акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, піша Радыё Рацыя.

Як кажа адзін з арганізатараў акцыі Ян Абадоўскі, на акцыі выступалі людзі, якія ўжо адбылі свае тэрміны ў турмах:

«Вельмі важна, што людзі прыйшлі, што людзі памятаюць пра палітзьняволеных, якія знаходзяцца за кратамі».

Акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязьняў прайшла ў Беластоку
Акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязьняў прайшла ў Беластоку

З словаў удзельніцы акцыі, былой палітзьняволенай Ірыны Шчаснай, вельмі важна выходзіць на такія акцыі:

«У першую чаргу — каб паказаць, што мы памятаем, што мы падтрымліваем, што мы чакаем і спадзяемся. І што ў рэшце рэшт надыдзе той дзень, калі ўсе нашыя палітвязьні будуць на волі. Вельмі важна падкрэсьліць, што час ідзе, а мы не спыняемся. Мы ў сваіх думках, памкненьнях і марах з нашымі вольнымі людзьмі жывем у нашай вольнай Беларусі».

Акцыя прымеркаваная да Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 сьнежня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG