Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жыхарка Менску Лаіса Даўтаева, чачэнка па нацыянальнасці, адказала на пытаньні нашага аўтара Алега Грузьдзіловіча, што датычылі цяперашняе сытуацыі ў Чачні. Лаіса Даўтаева, якая не зьяўляецца прыхільніцаю курсу на незалежнасць Чачні, абураецца вайсковай акцыяй супраць Грознага і забойствамі мірных жыхароў Чачні ды выказваецца за тое, каб быў знойдзены мірны шлях вырашэньня канфлікту на яе радзіме.

Лаіса Даўтаева жыве ў Менску трэці год. З Чачні яна зьехала пасьля першае чачэнскае вайны, але ў Грозным яшчэ да кастрычніку жылі яе маці й пяць сёстраў. Да кастрычніку яна, па-сутнасці, ня ведала, што зь імі. Потым прыйшоў ліст зь Інгушэтыі, куды Даўтаевы зьбеглі ад бамбёжак Грознага. І зноў ледзь не на два месяцы маўчаньне, якое сёньня абарваў тэлефонны званок зь Інгушэціі. Лаіса Даўтаева распавядае:

(Даўтаева: ) "Вы ведаеце, не далей як сёньня раніцай званіла мая мама. Два месяца назад я атправіла тэлеграму і ніякіх вестак ня мела, апрача таго, што мая пляменньніца напісала, што дом ужо разбамбілі, яны даўно выехалі ў Інгушэтыю, жывуцць там у жахлівых умовах, у вагонах… Божа мой, не магу без хваляваньня казаць. Маму параніла, гэта яшчэ да таго, як гаварылі, што ідзе так званае выштурхоўваньне баевікоў з паселішчаў у горы. Мы жывем у цэнтры Грознага. Пляменьніца піша, што тады яшчэ, 20 кастрычніка, патрапіла ў наш дом ракета "зямля-зямля", маму параніла, шэсьць асколкаў, ледзь яе завезьлі там да Інгушэтыі. Жахлівая сытуацыя там".

Адная зь сёстраў Лаісы інвалід зь дзяцінства. Пад час першае чачэнскае вайны яна трапіла пад налёт расейскіх самалётаў і з тых часоў у яе разьвілася эпілепсія. Перасоўвацца яна можа толькі на інваліднай калясцы, але й гэты від транспарту для яе зараз толькі мара: надоечы салдаты проста зьнішчылі яе каляску – расстралялі з аўтаматаў. Гэта было ўжо ў Інгушэтыі.

Восемь пляменьнікаў, сёстры, параненая маці, паводле словаў Лаісы, цяпер фактычна паміраюць ад голаду й холаду. Гуманітарная катастрофа, аб якой у сьвеце кажуць у будучым часе, для Даўтаевых – ужо сёньняшнія рэаліі.

(Даўтаева: ) "Тое, што мы на сёньняшні дзень бачым па тэлевізары – ніякага клопату аб уцекачах… Калі былі падзеі ў Косаве, там разьбівалі нейкія лягеры, а тут ніякай падтрымкі абсалютна…
Мама ў такім адчаі, абсалютна. Сёньня пазваніла, спытала, калі яны прыедуць сюды, на якіх правах яны тут будуць знаходзіцца, самі разумееце, як да чачэнцаў адносяцца…"

(Карэспандэнт: ) "У Беларусі гэта адчуваецца?"

(Даўтаева: ) "Не, я гэтага не адчуваю. Быў выпадак, калі таксіст сказаў, што нібыта ягоны сябар ваяваў там і ведае нашых, як ён сказаў, зьвераў. Мне было вельмі балюча, я намагалася нешта растлумачыць, але пасьля зразумела, што гэта марна".

(Карэспандэнт: ) "Зараз ідзе барацьба. Масхадаў і тыя, хто яго падтрымлівае, змагаюцца за сувэрэнітэт? З чым ідзе барацьба?"

(Даўтаева: ) "Не, зараз гэта не барацьба за незалежнасьць. Наш народў практычна апынуўся ў закладніках, а цяпер і Масхадаў іх закладнік, цяпер і яму ў гэтай сытуацыі складана, бо ён зьвязаны і па руках і па нагах, і ён ня можа нічога зрабіць. Бо тыя ўсе адваявалі так званую свабоду, і як ён зараз можа мець права голасу. Яны ўсе ваявалі, і Басаеў, і Радуеў, І гелаеў, і ўсе гэтыя баевікі…"

Гэта была Лаіса Даўтаева, чачэнка па нацыянальнасьці, родныя якой зараз застаюцца ў Грозным і ў лягеры для ўцекачоў з Чачні ў Інгушэтыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG