Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Камандаваньне расейскіх сілаў ў Чачні ўсё больш самаўпэўнена заяўляе пра сваю перамогу над чэчэнскімі сэпаратыстамі. Фэдэральныя сілы Расеі наблізіліся да прыгарадаў сталіцы, ў якой знаходзіцца каля пяці тысяч добра ўзброеных баевікоў, аднак, прадбачачы вялікія страты на сваім баку, расейскія гэнералы пакуль не рашаюцца атакаваць горад.

Адначасова яны атакуюць раёны Ачхой-Мартану і Урус-Мартану, спрабуючы адрэзаць Грозны ад шляхоў паставак забясьпячэньня і горных базаў.

У выхадныя дні расейскія сілы падыйшлі на адлегласьць двух кілямэтраў ад прыгарадаў чэчэнскай сталіцы і на такую ж адлегласьць – ад аэрапорту.

12-га лістапада яны захапілі без асабліва цяжкіх баёў другі паводле велічыні горад – Гудэрмес. Расейцы акружылі горад і на працягу двух тыдняў абстрэльвалі яго. Горад абаранялі каля тысячы баевікоў, аднак іхны камандзір Суліма Ямадаеў вырашыў вывесьці сваіх жаўнераў і не дапусьціць да зьнішчэньня гораду і перадаць яго пад кантроль расейцаў.

Адзін з афіцэраў падразьдзяленьня, якое захапіла Гудэрмэс, Юры Эм
лічыць, што гэтакі сцэнар можа быць паўтораны ў выпадку Грознага. На ягоную думку, сярод расейскіх вайскоўцаў высокі баявы дух. Яны нібыта зарабляюць па 32 даляры ў дзень, калі ўдзельнічаюць у баёх, і па 4 даляры, калі знаходзяцца ў казармах.

Аднак самі вайскоўцы заяўляюць, што дагэтуль яшчэ нічога не атрымалі. Паводле Юрыя Эма, "чэчэнскі народ стомлены вайною і больш схільны да дыялогу чымсьці ў часе апошняй вайны тры гады таму".

Некаторыя аглядальнікі зьвяртаюць увагу на факт, што няма аднадумнасьці і згоды сярод палявах камандзіраў. Адзін зь іх, Джабраіл Тамрадаеў згадзіўся супрацоўнічаць з расейскімі сіламі, і зараз ягоныя людзі разам з расейцамі патрулююць Гудэрмэс.

Аднак, ёсьць таксама фанатыкі, якія не ўяўляюць сабе калябарацыі з Масквою. "Чачня мусіць быць незалежная, і я веру ў гэта" – заявіў 42-гадовы былы дырэктар школы Алхазур Лалакаў. Ён перакананы, што іхныя камандзіры здрадзілі ідэю незалежнасьці, што і яны адстойваюць свае ўласныя інтарэсы.

Некаторыя шараговыя грамадзяне ня бачаць сэнсу ў гэтай вайне. Аднак ёсьць таксама вялікая колькасьць іншых. "Я адчуваю сябе грамадзянкай Расеі, – заявіла маладая чэчэнская жанчына. – Мае блізкія загінулі ад расейскіх бомбаў. Тры гады таму, прынамсі, было за што ваяваць, аднак зараз няма за што. Зараз свае інтарэсы мае толькі жменька рэлігійных фанатыкаў".

Аднак непрыязныя да расейцаў настроі існуюць ў даволі шырокіх колах грамадзтва на занятых фэдэральнымі сіламі тэрыторыях. "У дзень людзі ў Гудэрмэсе ўсьмяхаюцца да нас і, нават, частуюць, але ўначы яны ў нас страляюць" – заявіў 19-гадовы жаўнер.

"Калі немцы акупавалі Савецкі Саюз, савецкія людзі называлі іх фашыстамі. Зараз, гэтак мы называем расейцаў, – заявіў 44-гадовы чэчэнец, былы трактарыст. – Спытайцеся ў вяскоўцаў і перканаецеся, што 70 % зь іх – супраць расейцаў".

Расейцы адчуваюць сябе ў горадзе вельмі няўпэўнена і патрулююць вуліцы ня йнакш як ў групах па некалькі чалавек. На непрыязнае стаўленьне да расейскай арміі не паўплываў, нават, факт, што расейскае войска спрабуе наладжваць ў горадзе нармальнае жыцьцё, адкрываючы школы і шпіталі. У пятніцу ў Гудэрмэсе былі адноўленыя пастаўкі газу, і неўзабаве мае быць адноўленая падача электрычнасьці.

Паводле Майкла Гордана, аўтара артыкулу ў "New York Times" пад загалоўкам "У акупаванай Чачні – парадак бяз лаяльнасьці", падпарадкаваць чэчэнцаў будзе вельмі цяжка

Між тым, на тэму сытуацыі ў Чачні выказаўся былы дараднік у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Картэра Збігнеў Бжэзінскі. На ягоную думку, палітычныя эліты Расеі сумуюць па вялікай дзяржаве, і ім цяжка зьмірыцца са страчанай імпэрыяльнай веліччу. Акрамя таго, гэнералы хочуць ўзяць рэванш за паразу ў Чачні 4 гады таму.

Ваяўнічыя настроі падаграюць настроі ў расейскім грамадзтве, якое паддалося афіцыйнай прапагандзе і лічыць усіх чэчэнцаў тэрарыстамі ды іслямскімі фанатыкамі. Паводле Бжэзінскага, значная частка расейскага грамадзтва была б ня супраць поўнага зьнішчэньня чэчэнцаў, і гэта вельмі небясьпечныя настроі. Яны ня толькі псуюць імідж Расеі на міжнароднай арэне, але могуць супрацьпаставіць Маскве 200 мільёнаў музульманаў па ўсім сьвеце. Незалежнасьць Чачні, на думку Бжэзінскага, не была б нічым незвычайным, паколькі ў сьвеце існуе 39 краін з насельніцтвам каля аднаго мільёна або і менш.

Збігнеў Бжэзінскі лічыць, што зараз Злучаныя Штаты і Захад павінны заступіцца за нявінныя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва ў Чачні, хаця б прыпыняючы далейшыя пазыкі і дапамогу Маскве. Захад павінен усімі магчымымі спосабамі націскаць на Маскву, спрабуючы знайсьці палітычную разьвязку канфлікту. І хаця зараз сярод вайскоўцаў і звычайнага насельніцтва верх бярэ гнеў і варожасьць, аднак з часам расейцы пачнуць усьведамляць, што найлепей для іх было б, каб яны адпусьцілі Чачню на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG