Камісыя Кангрэсу ЗША ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе даслала адкрыты зварот да Аляксандара Лукашэнкі. У звароце, ў прыватнасьці, гаворыцца: Паважаны спадар прэзыдэнт. Зьвяртаемся да Вас, каб выказаць рост заклапочанасьці апошнімі падзеямі ў Беларусі. Да нядаўнага часу мы сур'ёзна разьлічвалі на перамоўны працэс паміж урадам Беларусі і апазыцыяй. Падзеі апошняга месяцу, а менавіта парушэньне асноўных
правоў чалавека, дэмакратыі і кантытуцыйнасьці, прымусілі нас усумніцца ў сур'ёзнасьці намераў Вашага ўраду, што да пытаньня выйсьця са становішча, якое склалася. Мы скрайне занепакоеныя нядаўным арыштам лідара беларускай апазыцыі Анатоля Лябедзькі ў сувязі зь ягоным удзелам у «несанкцыянаваным шэсьці». Наш неспакой пакліканы наступнымі фактамі: - далейшым утрыманьнем у турме былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра, які больш як шэсьць месяцаў знаходзіцца ў папярэднім зьняволеньні і, паводле закону, мусіць быць вызвалены; - зьнікненьнем былога старшыні Цэнтарвыбаркаму Віктара Ганчара, ягонага спадарожніка Юрыя Красоўскага, былога міністра Міністэрства Ўнутраных Справаў Юрыя Захаранкі, а таксама экс-Старшыні Нацыянальнага Банку краіны Тамары Віньнікавай; - далейшым узмацненьнем атакі на свабоду слова, якая выявілася ў адкліканьні рэгістрацыйных дакумэнтаў дзевяці пэрыядычных выданьняў; перасьлед газэты "Навіны" паводле абвінавачаньня ў паклёпе з мэтай прымусіць незалежную газэту замаўчаць; - адмова ў рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў улучна зь Беларускай Незалежнай Асацыяцыяй прафсаюзаў прамысловасьці; - ператрусы без адпаведнага ордэру ў праваабарончым цэнтры "Вясна-96", якія пацягнулі за сабой канфіскацыю кампутарнага абсталяваньня з наяўнай у ім інфармацыяй; - крымінальны перасьлед актывіста ад апазыцыі Мікалая Статкевіча, адваката Алега Волчака і няспынныя допыты адваката Веры Страмкоўскай; - ініцыянаванае міліцыяй сутыкненьне з удзельнікамі мірнага шэсьця "Марш Свабоды", якое адбылося мінулае нядзелі; - Вашае спрыяньне вырашэньню вышэйпералічаных праблемаў зьменіць да лепшага наяўную атмасфэру страху і недаверу, паспрыяе аднаўленьню перамоўнага працэсу, які, на наш погляд, так патрэбны каб ператварыць Беларусь у дэмакратычную краіну, дзе паважаюцца правы грамадзянаў і законнасьць. Бэк Найтхорс Кэмпбэлл,
Крыстафэр Сміт,
Фрэнк Лотэнбэрг,
Стэні Хойер. Камісыя Кангрэсу ЗША ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе