Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 1999 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

У Віцебску чарговыя ўгодкі Аршанскае перамогі адзначаны традыцыйным вывешваньнем нацыянальнага сьцягу, а таксама новымі надпісамі-графіці.

Уначы 7 верасьня над пляцам Перамогі на вышыні пяціпавярховага будынку быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Аднак пэўнымі асобамі нават у цемры ён быў заўважаны й зьняты меней як праз паўгадзіны.

Прыкладна ў той самы час былі затрыманыя і дастаўленыя ў Кастрычніцкі раённы аддзел нутраных справаў двое сяброў Рады "Выбар" Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" — віцебскі паэт Юрась Карпаў і Раман Салаўянаў. Паводле іхных словаў, супрацоўнікі камітэту дзяржаўнае бясьпекі не хавалі сваёй службовай прыналежнасьці й нават спрабавалі размаўляць з затрыманымі па-беларуску.

У адносінах да спадароў Карпава й Салаўянава нават ня быў складзены пратакол, хоць супрацоўнікі ворганаў трымаліся, як быццам не сумнеючыся ў іхным дачыненьні да ўсталяваньня бел-чырвона-белага сьцягу.

Пад раніцу абодва затрыманыя вярнуліся дадому і пакуль невядома, якія наступствы для іх можа мець затрыманьне ў падазрэньні ў прыхільнасьці да беларускай сымболікі...

Аднак, па ўсім відаць — пра Аршанскую перамогу ў Віцэбску ўзгадалі ня толькі вышэйпамянёныя сябры Рады. Раніцою на тым самым пляцы Перамогі гараджане змаглі прачытаць вялікі надпіс "Жыве Беларусь!". Такімі ж словамі, а таксама заклікам "Прэч расейскую арду!" быў размаляваны будынак раённага выканаўчага камітэту Кастрычніцкага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG