Заходняя прэса надала сёньня ня надта шмат увагі прэзыдэнцкім выбарам. "Апазыцыя ў Беларусі аказалася нагэтулькі моцна падзеленая ў выбарах, якія адбыліся ўчора, што аўтарытарнаму прэзыдэнту краіны Аляксандру Лукашэнку зусім не прыйшлося хвалявацца аб страце сваёй пасады", да такой высновы прыйшла карэспандэнтка нямецкай газэты "Франкфуртэр Руншаў" Эдзіт Гелер. "Абставіны гэтых выбараў былі далёкія ад нармальных, піша Эдзіт Гелер, хаця яны і былі прызначаныя дэмакратычным парлямэнтам. Гэты самы парлямэнт быў зьліквідаваны тры гады таму прэзыдэнтам, які адным махам і прадоўжыў свой тэрмін да 2001 году. З гэтае прычыны Лукашэнка і не прызнае выбары і робіць усё магчымае, каб ім перашкодзіць. Усё ж апазыцыя настойліва дамаглася іх правядзеньня. Але пасьля расколу, які адбыўся ў апазыцыі, ужо вядома, хто атрымаўся сапраўдным пераможцам ягонае імя Аляксандар Лукашэнка." Не такое фатальнае бачаньне сытуацыі ў сябра рабочай групы Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ па Беларусі дэпутата нямецкага Бундэстага Герта Вайскірхена. Сваю ацэнку сытуацыі ў Беларусі ён даў нашаму радыё ў кароткім інтэрвію па тэлефоне з Бону. (Вайскірхен:) Ну гэта неверагодна вялікая лічба тых, хто прагаласавалі ў гэтых выбарах, і яна паказвае, што апазыцыя да рэжыму Лукашэнкі ўзрастае. Гэтая лічба павінна функцыянаваць як адна з важных прыкметаў таго, што надышла пара знайсьці канструктыўны кампраміс паміж бакамі процістаяньня унутры самой апазыцыі, а таксама паміж апазыцыяй і лукашэнкаўскім рэжымам. А для нас як удзельнікаў працоўнай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ было б вельмі добра выкарыстаць гэтую прыкмету дзеля знаходжаньня кампрамісу паміж гэтымі бакамі і дзеля таго, каб урэшце дэмакратыя ў Беларусі магла бы быць узмоцненай.
Самае папулярнае
1