Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

У розных гарадох Беларусі сёньня адбыліся папераджальныя акцыі прафсаюзаў і прадпрымальнікаў з пратэстам супраць сацыяльнай палітыкі ўладаў. Галоўная падзея адбылася ў сталіцы.

«Калі да 30 сакавіка гэтага году ўрад ня выканае патрабаваньняў рабочых, то прафсаюзы распачнуць акцыю, мэтаю якой будзе адстаўка ўраду», - такую рэзалюцыю прыняў сёньня шматтысячны рабочы мітынг, які прайшоў у Менску.

Рабочыя буйнейшых менскіх заводаў пачалі зьбірацца ў чатырох адведзеных уладамі месцах, каб калёнамі пайсьці да Палаца Спорту - месца правядзеньня мітынгу. Каля станцыі мэтро «Першамайская» зьбіраліся рабочыя з трактарнага, аўтамабільнага, падшыпнікавага заводаў. Іх прыйшлі падтрымаць калегі з прафсаюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасьць». Як стала вядома, сёньня прафсаюз арганізаваў страйк на рынках шмат якіх беларускіх гарадоў. Ня выйшлі на працу 60 тысячаў прадпрымальнікаў, у прыватнасьці ў сталіцы не працавалі кірмашы на Чэрвеньскім, Ждановіцкім рынках, на стадыёне «Дынама».

Пасьля 4-тай гадзіны калёна, якая налічвала ад 2 да 3 тысячаў чалавек, рушыла. Рабочыя трымалі плякаты: «Цэны - грабёж, падаткі - разбой», «Мінімальную зарплату - памерам спажывецкага бюджэту», «Заробак - 200 даляраў».

У рабочага Менскага трактарнага заводу, які нёс апошні плякат, я спытаўся: чаму тады адміністрацыя ягонага заводу гэтак танна ацэньвае яго рабочую сілу?

(Рабочы:) «Калі нас ацэньваюць на 30 даляраў, значыць нашае жыцьцё каштуе 30 даляраў - больш яно не каштуе...»

(Лазоўскі:) Учора праграма «Панарама» заклікала рабочых ня йсьці на гэткую акцыю. Чаму вы тут?

(Рабочыя:) «Таму, чаму і ўсе. Усе хочуць добра жыць... Можна гэтым паказаць сваю нязгоду з палітыкай ураду, прэзыдэнта».

Акрамя менскіх прадпрымальнікаў, якія сёньня спынілі працу, бо не працаваў ніводзін рэчавы рынак у горадзе, у рабочай калёне йшлі прадпрымальнікі, якія прыехалі сюды з Горадні. Сярод іншых я сустрэў і Валерыя Леванеўскага, старшыню прафсаюзу прадпрымальнікаў Гарадзенскага рынку «Паўднёвы».

(Леванеўскі:) «Стаяў рынак - тое самае, самы буйны рынак быў спынены, ніхто не прыйшоў гандляваць, прыйшло там тры-чатыры чалавекі, але яны не гандлявалі».

(Лазоўскі:) А колькі вас прыехала ў Менск падтрымаць?

(Леванеўскі:) «З Горадзеншчыны недзе чалавек 200».

Пазьней, ужо каля Палаца Спорту сустрэліся тры калёны - калёна Свабоднага прафсаюзу мэталістаў ад Трактарнага заводу падыйшла пазьней - і Аляксандар Бухвостаў, старшыня Прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня пачаў мітынг, у якім, паводле ягоных назіраньняў, узяло ўдзел ня менш за 10 тысячаў чалавек:

(Бухвостаў:) «Калі б сёньня нас было ня 15-20 тысячаў, а было б 100-200 тысячаў, мы б вырашылі ўсе пытаньні, якія трэба вырашыць у рэспубліцы. Ны б прымусілі прыйсьці да ўлады тых людзей, якія б маглі вырашыць гэтыя пытаньні, калі сёньняшняе кіраўніцтва гэтага зрабіць ня можа».

Тое, што ўлады зрабілі, на прыкладзе аднаго з прадпрыемстваў абароннай прамысловасьці паказала яго работніца:

(Работніца:) «На нашых прадпрыемствах, зарплату сорамна назваць гэтым словам. Яе сярэдні ўзровень на бальшыні прадпрыемстваў за сьнежань склаў каля 5 мільёнаў. Паважаныя члены ўраду, што можна купіць за гэтыя грошы? Калі абед у рабочай сталоўцы абыходзіцца ў 80 тысячаў рублёў...»

Адзін з рабочых пакуль не наважыўся на гэтак сьмелы выступ, але змаўчаць ня змог, таму даслаў да мікрафона занатоўку гэткага зьместу:

«Батька, хватит шаманить,
Хватит народ беларуский дурманить,
Хватит его опускать в нищету,
Видно, ты выбрал дорожку не ту!»

(Воплескі, скандаваньне: «У адстаўку!»)

Гэтак агучаную прапанову шматлікіх прысутных працягнуў рабочы барысаўскага заводу БАТЭ:

(Рабочы БАТЭ:) «Паводле Канстытуцыі мы павінны сёлета абіраць новага прэзыдэнта. Ужо ўтвораная Цэнтральная Выбарчая Камісія. Я прашу вас падтрымаць яе - каб мы сёлета абралі прэзыдэнта. Жыве Беларусь!»

Калёну Свабоднага прафсаюзу мэталістаў прывёў на мітынг Міхаіл Марыніч, старшыня гэтага прафсаюзу. Ягоны выступ быў вельмі канкрэтны. Ён ад імя рабочых запрапанаваў:

(Марыніч:) «Калі за тэрмін да 30 сакавіка ня будзе адноўленая пакупная здольнасьць заробнай платы, ня будзе забясьпечанае права на працу, права на прафсаюзы, мы запатрабуем адстаўкі ўраду і выказу недаверу прэзыдэнту! Сёньня - апошні шанец для ўраду й прэзыдэнта аднавіць эканоміку, падняць на ногі дзейныя прадпрыемствы!»

Пазьней прапанова Марыніча была ўхваленая астатнімі ўдзельнікамі мітынгу і знайшла ўвасабленьне ў яго рэзалюцыі. Хоць афіцыйныя прафсаюзы прапаноўвалі больш мяккую фармулёўку, аднак і яны зараз будуць вымушаныя дзейнічаць ў кірунку яе выкананьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG