Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзевы і небясьпекі геннай тэрапіі


(эфір 4 лютага 2000)

Аўтар і вядучы – Сяржук Сокалаў-Воюш.

Чым і кім толькі не была генэтыка на савецкай прасторы. Навука, буржуазная псэўданавука, “дворовая девка империализма” і, нарэшце, зноў навука. Пакуль у нас вырашалі што такое генэтыка, на Захадзе яе разьвівалі, таму і асноўныя здабыткі ды адкрыцьці ў гэтай галіне належаць заходняй навуцы.

Кожная зьява, як вядома, мае два бакі – дадатны і адмоўны. Як з гэтага гледзішча можна ацаніць адкрыцьці генэтыкаў. На гэтае пытаньне у апошняй леташняй кніжцы часопісу “News Week” адказвае прафэсар біяхіміі і пэдыятрыі Кекскага унівэрсытэу (ЗША) Фрэнк Андэрсан.

Ад часоў Гіпакрата, а гэта прыблізна ў апошнія 2400 гадоў, мэдыцына перажыла тры рэвалюцыі.

Першая адбылася ў 1854 годзе, калі брытанскі хірург Джон Сноў высьветліў, што халера перадаецца праз забруджаную ваду. Адкрыцьцё пацягнула за сабой стварэньне сыстэмаў ачысткі, якія абаранілі чалавецтва ад пакутных заразных хваробаў.

Другая рэвалюцыя адбылася прыблізна ў тыя самыя часы. Ейны вынік – апэрацыі з анастэзіяй, якія вырашылі праблемы вантробаў тыпу апэндыцыту.

Трэйцяя – адкрыцьцё вакцынаў і антыбіётыкаў – удачлівых змагароў з інфэкцыйнымі хваробамі.

Але. Усе тры згаданыя рэвалюцыі не пацягнулі за сабой скасаваньня асноўных праблемаў здароўя, бо іхная галоўная праца – гэта дапамога арганізму вылечыць самога сябе.

Чацьвертая рэвалюцыя ў мэдыцыне, якая ідзе на нашых вачах, маецца ў пэрыядзе наступных 30-40 гадоў глыбока пераарыентаваць ахову здароўя на падмурку геннай інжэнэрыі. Больш таго, эфэкт ад такога падыходу будзе адчувацца ня толькі ў мэдыцыне. Ён (эфэкт) будзе ўплываць ня толькі на нашае здароўе, але і на ўсе праявы нашай культуры. Разумна ўжываная генная інжэнэрыя палепшыць нашае здароўе і павялічыць шанцы на посьпех. У той самы час, як неразумнае выкарыстаньне дасягненьняў геннай інжэнэрыі можа прывесьці да пераацэнкі ўсяго існага, улучна з тым, хто мы і што мы.

Генная інжэнэрыя, вядомая таксама як тэрапія гену, грунтуецца на ідэі, што нашыя гены ёсьць абароннай і гаючай сыстэмай нашага цела. Нашыя гены абараняюць нас ад атакаў прыроды. Нашыя гены аднаўляюць пашкоджаныя хваробай ворганы і вяртаюць здароўе. Нашыя гены, калі яны пачынаюць працаваць няслушна, прыносяць нам ня толькі такія традыцыйна знаныя ў якасьці “генэтычных” хваробаў як сэрпападобнаклетачная анэмія, ці хвароба Гантынгтона, але і такія як рак, хваробы сэрца ці разумовая хвароба Альцгаймэра. З гэтымі хібамі нашага здароўя мы мусім змагацца на ўзроўні генаў.

Існуюць два шляхі ўжываньня генаў для барацьбы з хваробамі.

Першы – тэрапія гену, у часе якой ув арганізм хворага ўводзяцца новыя гены каб замяніць імі хворыя, альбо дадаць тыя, якіх раней не было. У часе клінічных выпрабаваньняў такі шлях ужываўся каб перамагчы такую рэдкую хваробу як АДА, а таксама ў барацьбе супраць сардэчных хваробаў, шматлікіх формаў раку, атрытаў, СьНІДУ, гэмафіліі, кістознага фэброзу і мускульнай дыстрафіі.

Другі шлях – гэта шлях ўжываньня гэнаў супраць хаваробы, вядомы ў форме тэрапіі маленькай малекулы. Пры такім падыходзе, маленькая малекула (інакш кажучы мэдыкамэнт) даецца пацыенту, каб зьмяніць функцыю аднаго альбо некалькіх генаў ув арганізме.

У абодва гэтыя шляхі фармацэўтычныя і біятэхнічныя кампаніі ўкладаюць вялікія сродкі.

Паколькі Чалавечы Праект Геном пазнае і навучыцца адрозьніваць ўсе ад 70 да 130 тысячаў чалавечых генаў, мы будзем мець інфармацыю, за што канкрэтна адказны той ці іншы ген, які зь іх можна назваць слабым, а які хібным. Пры гэтым пад словам “слабыя” трэба разумець гены, што не працуюць аптымальна для навакольнага асяродзьдзя ў якім жыве асоба. Напрыклад, ген можа быць перанапружаным у выніку дыеты, наяўнасьці таксынаў, радыяцыі ці іншых адмоўнасьцяў, якія ўрэшце даводзяць чалавека да хвараблівага стану. Але аднойчы гэты хібны ген будзе выяўлены і мы зможам даць чалавеку, для замены “слабога”, больш дзейсны і мацнейшы ген. У тым выпадку, калі ген выконвае сваё прызначэньне, але працуе заслаба або замоцна, маленькая малекула зможа адрэгуляваць ягоную працу. Гэткім чынам, праз 30 гадоў супраць кожнай хваробы можна будзе ўжываць генную тэрапію як адзін са спосабаў лячэньня.

На сёньня ж, тэрапія гену ўсё яшчэ малавыніковая, каб даваць карысьць у бальшыні выпадкаў. І ўсё ж, ёсьць падставы спадзявацца, што хуткі рух навукі ў гэтым накірунку, ужо ў наступныя пяць гадоў зробіць гэты спосаб лячэньня цалкам даступным для насельніцтва.

Пакуль што, найбольшы посьпех у гэтай справе выпаў на спробы стымуляцыі сыстэмы кровазвароту для лячэньня сардэчных хваробаў і хваробаў канечнасьцяў праз выпраўленьне хібнай цыркуляцыі крыві. Чакаецца, што неўзабаве такім чынам будуць лячыцца і генэтычныя хварбы, тыпу гэмафіліі. Апрача гэтага ёсьць добры рух наперад ва ўжываньні тэрапіі гену, каб стварыць вакцыну для абароны ад СЬНІДУ і некаторых тыпаў раку. Бальшыня лекараў чакае, што цягам першых дзесяці гадоў новага стагодзьдзя мы будзем назіраць сапраўдны выбух тэрапіі гену у справе лячэньня шматлікіх хваробаў, якія на сёньня зьяўляюцца вялікім бічом нашага здароўя. Генная інжэнэрыя мусіць падараваць чалавецтву здаровае і шчасьлівае жыцьцё, якое стане даўжэйшым на дзесяткі гадоў.

Але ёсьць у гэтай гісторыі і небясьпечны бок. Апісаная тэхналёгія не свабодная ад рызыкі. Ня гледзячы на тое, што ў часе 400 клінічных выпрабаваньняў, якія прайшлі цягам мінулых дзевяці гадоў небясьпека таксычнасьці была мінімальнай, нечаканая і незразумелая сьмерць пацыента геннай тэрапіі ва Ўнівэрсытэце штату Пэнсыльванія паказвае, як няшмат мы яшчэ разумеем чалавечае цела, а таксама на колькі мала мы ведаем пра рэакцыі нашых ворганаў на актыўнае мэдычнае лячэньне.

Апрача гэтага існуе і шырэйшая небясьпека. Ув адрозьненьні ад тэрапіі з маленькай малекулай, якую можна лічыць разумным мэдыкамэнтам, тэрапія гену зьмяняе генэтычны праект асобы. Як толькі мы зможам даць чалавеку які заўгодна антыхваробны ген, мы адразу ж будзем здольныя даць яму гены і для якіх заўгодна іншых, зусім не тэрапэўтычных, мэтаў.

Нэгатыўная мяжа гэтай магутнай тэхналёгіі – паляпшэньне чалавечай пароды, якое магло б быць ажыцьцёўлена больш вынікова, чым гэта адбываецца пры палітыцы “адборнага размнажэньня”.

Некалькі тыдняў таму быў знойдзены ген, які, як выглядае, падвышае інтэлект мышэй. Што ж да чалавека, то ў яго вызначаныя гены, якія хутчэй за ўсё ўплываюць на паводзіны, імкненьне да рызыкі, інтэлект і, нават, сэксуальныя прыярытэты. Ужо колькі гадоў, як адкрытыя гены адказныя за наш рост і мускулатуру. Спакуса паспрабаваць пры дапамозе гэтых генаў палепшыць нас саміх вельмі моцная, а магчыма, нават, неадольная.

Ужо цяпер мы бачым прыкметы патэнцыйнага злоўжываньня звонку. Напрыклад, адна кампанія займаецца пошукамі лекаў ад страты валасоў у выніку гэматэрапіі раку. Яна ўжо распрацавала бальсан (бальзам), пры дапамозе якога можна перамясьціць адпаведны ген у цыбуліны валасоў у чалавечай скуры. Цяпер кампанія шукае ген фактару росту, які стымуляваў бы рост валасоў. Ніхто не пярэчыў бы супраць лячэньня псыхалягічнае траўмы ад пабочнага эфэкту – страты валасоў у выніку тэрапіі раку. Але ў рэальнасьці кампанія будзе прадаваць свой выраб мільёнам здаровых людзей у якіх працэс аблысеньня – натуральны. Ці гэта блага? Не абавязкова. Але гэта ставіць нас на сьлізкую кладку ўжываньня чалавечай геннай інжэнэрыі ў касьметычных мэтах. А што далей? Дзе рост валасоў, там і колер? Дзе колер валасоў – там і колер скуры? Дзе колер скуры – там і іншыя расавыя асаблівасьці? І дзе, у такім выпадку, канец распрацоўкі чалавечага цела?

Грамадзтва стаіць перад рэальнай небясьпекай. Ад пачатковых нязначных удасканаленьняў, якія мы разглядаем як рэчы дзеля зручнасьці або камфорту, чалавецтва можа перайсьці да ўжываньня геннай інжэнэрыі каб зьмяніць і замяніць ад пачатку сябе, а потым і сваіх дзяцей. Кіраваньне наборам бактэрыяў у арганізме пацягне за сабой зьмену генэтычнага поля асобы. Мы, як грамадзтва, яшчэ ня скончылі з дыскрымінацыяй і найбольш жахлівай ейнай праявай – “этнічнымі чысткамі”. Што будзе, калі мы да ўжо гатовага генэтычнага коду дададзім паляпшэньне? У1997 годзе у фільме “ГАТАКА” толькі людзі з палепшанай генэтыкай маглі атрымаць добрыя працоўныя месцы. А “дзеці ад каханьня”, якія былі зробленыя традыцыйным шляхам і мелі натуральны набор генаў з усімі іхнымі слабасьцямі – знаходзіліся на ніжэйшых прыступках сацыяльнай і эканамічнай лесьвіцы.

Нашая адзіная абарона мусіць мець выразныя межы. Адзіны спосаб дасягнуць іх – зрабіць так каб грамадзтва было паінфармаванае, каб яно магло бачыць небясьпеку і перапыняць няслушнае ўжываньне гэннай інжэнэрыі раней, чым будзе занадта позна. Калі ж такія пастановы будзе дыктаваць рынак, то мы нарэшце можам дапраектавацца да таго, што перастанем быць людзямі.

Мы ня можам дыктаваць людзям, якія будуць жыць праз сто гадоў, што яны мусяць рабіць. Яны будуць так мала цікавіцца нашымі думкамі, як і мы мала клапоцімся пра тое, што думалі нашыя продкі. Яны можа быць захочуць праектаваць свае гэны так будзённа, як мы ўжываць вітаміны. Але іхныя дзеяньні – ня нашая справа. Нашая справа ўвайсьці ў эру геннай інжэнэрыі зь вялікай павагай. Гэта азначае, што мы ня маем права ўжываць генную інжэнэрыю чалавека для якой заўгодна іншай мэты, апрача лячэньня сур’ёзнай хваробы, незалежна ад таго, якія мы маем іншыя жаданьні.

Погляд за небакрай: дзеці, народжаныя ў новым стагодзьдзі, будуць жыць даўжэй, чым іхныя бацькі, і сярэдні ўзрост мужчыны складзе 73, а жанчыны – 82 гады.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG