Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісарка Марта Кос: Я ня бачу магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў зь Беларусі


Марта Кос
Марта Кос

Сёньня на канфэрэнцыі ў Брусэлі высокага ўзроўню, прысьвечанай рэформам і дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Марта Кос абвясьціла, што Эўразьвяз вылучыць налета дадатковыя 30 мільёнаў эўра падтрымкі людзям Беларусі.

У кулюарах канфэрэнцыі Кос дала інтэрвію парталу «Люстэрка», у якім расказала пра пазыцыю ЭЗ адносна санкцый, магчымых абмежаваньняў для звычайных беларусаў, будучых адносінаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і пэрспэктывах эўраінтэграцыі Беларусі.

Эўракамісарку спыталі, ці гатовы Эўразьвяз, усьлед за ЗША, ісьці на зьмякчэньне санкцый дзеля вызваленьня палітвязьняў?

«Не цяпер» — адказала Кос. На яе думку, санкцыі добрыя менавіта тым, што падштурхоўваюць афіцыйны Менск перагледзець свае паводзіны і падумаць пра вяртаньні на дэмакратычны шлях. Паводле яе, на дадзены момант не было ніякіх станоўчых зьменаў з боку рэжыму Лукашэнкі. «Я ня бачу магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў» — сказала эўракамісарка.

На пытаньне, ці ня здарыцца так, што беларусы ня змогуць разьлічвацца банкаўскімі карткамі ў ЭЗ або наогул атрымліваць візы, Марта Кос адказала: «Трэба абрубіць усе сувязі, каб зрабіць немагчымым жыцьцё і працу беларускага ўраду і ўсіх тых, хто душыць беларускі народ». Аднак яна дадала, што разумее, што для беларусаў, якія жывуць у краіне ў вельмі цяжкіх умовах, важна мець магчымасьць выехаць. «Мы ў цэлым гэта падтрымліваем» — падкрэсьліла эўракамісарка. «Мне вельмі спадабалася фраза Сьвятланы Ціханоўскай: кожная аўтакратыя ў нейкі момант разбураецца, часам тады, калі мы зусім гэтага не чакаем. Я вельмі спадзяюся, што мы хутка ўбачым такую сытуацыю ў Беларусі» — сказала Кос.

Яна сказала, што выразна праводзіць мяжу паміж падтрымкай беларускага народу, незалежных мэдыя, грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу за межамі Беларусі — і рэжымам. «Першую групу мы ніколі ня спынім падтрымліваць. Мы таксама будзем гатовыя аказаць усю неабходную дапамогу новаму ўраду вашай краіны, калі ён будзе праэўрапейскім (я вельмі на гэта спадзяюся). Але з-за таго, што адбываецца зараз, і як паводзіць сябе Лукашэнка, мы ніколі ня будзем працаваць зь цяперашнім урадам Беларусі або палітыкамі, ляяльнымі да яго» — патлумачыла эўракамісарка.

Адказваючы на пытаньне пра магчымую будучыню Беларусі ў Эўразьвязе, Кос нагадала, што ёсьць пэўныя папярэднія ўмовы, якія краіна павінна выканаць. Найперш, гэта падача заяўкі, а потым ухвала яе краінамі-чальцамі ЭЗ. «Усё будзе залежаць ад вас, ад беларускага народа: ці хочаце вы бачыць сваю будучыню ў складзе Эўразьвязу і ці гатовыя вы прыняць гэтае рашэньне».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG